уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс.км²), а-воў Луаятэ (2 тыс.км²) і інш.Пл. 19,1 тыс.км². Нас. 197,4 тыс.чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г.Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн.т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд.ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс.ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс.чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.
Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд.дол. (11,4 тыс.дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс.т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВтгадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс.га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн.дол., імпарт 845 млн.дол.Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
Літ.:
Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Крук1 ’род вялікага цвіка з загнутым тупым канцом’ (ТСБМ, Шат., Жыв. сл., Бяльк., Яруш., Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом.). Ст.-бел.крукъ (з 1571 г.) разглядаецца як запазычанне праз польск.kruk (гл. Булыка, Запазыч., 179) з ням.Krücke. Аднак само польск.kruk лічыцца запазычаннем з бел.крук або ўкр.крук (Слаўскі, 3, 170). Гэтыя ўсходнеславянскія лексемы тлумачацца як паўночнагерманізмы. Параўн. ст.-ісл.krōkr ’гак, крук’ (Тэрнквіст, Studien, 63–68).
Крук2 ’матыка з двума зубамі’ (Шат., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Пр., Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Гл. крук1.
Крук3 ’вочап у калодзежы’ (Шат., Нар. словатв., З нар. сл., ТС). Гл. крук1.
Крук4 ’крумкач’ (Нас., Сержп. Пр., Шатал., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Ва ўсіх польскіх дыялектах kruk ’тс’ (апрача паўднёва-ўсходняй часткі малапольскіх, дзе ў тым жа значэнні — gawron) (Струтынскі, Nazwy, 12; Смыль, 18, 4, 149). У частцы вялікапольскіх і малапольскіх дыялектаў ’грак, Corvus frugilegus’ (пры поўнай дамінацыі ў тым жа значэнні). Кашуб.krek ’крумкач’. Руская тэрыторыя распаўсюджання гэтай назвы мяжуе з беларускай і ўкраінскай. Іншыя паўночнаславянскія дыялекты слова kruk не ведаюць. Не ведаюць яго і паўднёваславянскія дыялекты. Адзінае выключэнне, зафіксаванае толькі ў Скока, харвацкае дыялектнае kruk ’Corvus corax’ (2, 214). Таго ж паходжання балтыйскія вытворныя: літ.krauklỹs ’варона’, kriauklỹs ’крук’, лат.kraûklis ’тс’. Такім чынам, балтыйская геаграфічная арыентацыя слова даволі ясная. З іншага боку, вядома, што для балтыйскіх і славянскіх моў для ’Corvus corax’ і ’Corvus corone’ рэканструюецца vornъ (varnas) і vorna (varna). Таму ёсць падставы меркаваць аб іншамоўным паходжанні крук. Геаграфія наводзіць на думку аб гоцкай крыніцы. Паколькі пра гоцкія крыніцы нічога не ведаем, нельга не звярнуцца да паўночна-германскіх: ст.-ісл.krákr ’Corvus corax, kráka ’Corvus corone’ — hrókr ’Corvus frugilegus’. Kruk з hrōk/hrauk. Параўн. гутн. (дыялект вострава Готланд, які, магчыма, збярог архаіку, блізкую да гоцкай) rōk/rauk ’Corvus frugilegus’. У многіх польскіх гаворках kruk — ’Corvus frugilegus’ (Смыль, PF, 18, 4, 149). Ясныя сляды ўплыву гоцкай сістэмы на балта-славянскую бачым у кашубска-славінскім варыянце: krak ’Corvus corax’, kraka ’Corvus corone’, krëčk (< kruk) ’Corvus frugilegus’, які амаль што поўнасцю супадае з паўночнагерманскай (эвентуальна гоцкай), параўн. бел.палес.кракаворан ’воран’ (гл.). Такім чынам, бел. і польск.крук < гоц.*hrōks (ō > au > u, як bōka > прасл.bukъ). К на пачатку крук пад уплывам крак або канцавога к (Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 95–97). Іншыя версіі параўн. у Слаўскага, 3, 172.
Крук5 ’строй птушак клінам пры палёце’ (ТС). Гл. крук1.
Крук6 ’сляпень (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крук1, улічваючы яго моцны колюча-рэжучы ротавы апарат (БелСЭ, 9, 598). Параўн. кручок3 (гл.).
Зязю́ля ’птушка Cuculus’, дыял.зязю́лька, зогзу́ля, зеўзю́лка, зовзуля, зяўзуля. Рус.кур., бранск.зязю́ля, зах., паўд., кур., цвяр., табол., прыбалт.зозу́ля, укр.зозу́ля, дыял.зезу́ля, ст.-польск.gżegżołka, палаб.züzaicka (< *zozučьka), чэш.нар.žežulka, žežhulka, zezulka, славац.дыял.žežhulica (Калал). Ст.-рус.жегъзуля, жегозуля, зегзица, зегула (XIV ст.). Геаграфію і формы зязюля гл. ДАБМ, к. 309. Зязюля < зезюля < зезуля < зегзуля (параўн. ст.-рус.зегзица) < прасл.дыял.žegъzulja. Літ.geguže, gegùžis, лат.dzęguze, ст.-прус.geguse ’зязюля’, літ.gegužė̃lė ’заразіха’ разам са слав. коранем *žegъz‑ дазваляюць рэканструяваць балта-слав.*gegugʼ‑ і гаварыць аб агульнай суфіксацыі (‑ė̃le, ‑ulʼa). Пра суфікс ‑la гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111. Да і.-е. адпаведнікаў балт. і слав. форм адносяць герм: ст.-ісл.gaukr, ст.-в.-ням.gouh ’зязюля’. Тады і.-е. праформа з *gh: *gheghŭg‑. Калі сюды ням.Kuckuck, і.-е. з *g. Ясна, што анаматапея аказвала моцнае ўздзеянне на лёс кораня. І.‑е. аснова тлумачыцца як узнікшая ў выніку рэдуплікацыі. Калі падвоены (часткова) элемент ghugʼ‑ назва, роднасная іншым назвам птушак: літ.gùžas ’бусел’; параўн. рус.дыял.черногуз, укр.чорногуз ’тс’. Трубачоў, КСИС, 25, 99; Клепікава, ВСЯ, 5, 162. Але семантычны ход патрабуе ў гэтым выпадку ўдакладнення. Магчыма, у і.-е. назве зязюлі падваенне гукапераймальнага элемента *ghe‑, як у гагара, гогаль (Пякарны, 1, 407). Параўн. назвы зязюлі ў іншых мовах з гукапераймальным паўторам тыпаў ku‑ku, gu‑gu, напр. кірг.kükük, тур.guguk, груз.guguli, кабардз.kʼǝgugw, венг.kakuk, у тым ліку ў і.-е.: лат.cuculus, асец.gakkuk, guguk і інш. На слав. глебе першае *g‑ (< gh‑?) палаталізавалася ў *ž‑, а потым адбылася дыстантная асіміляцыя ‑ž‑ да апошняга ‑z‑ < ‑gʼ‑ (‑gʼh‑?). Другое ‑g‑ было ўтрачана ў спалучэнні зычных у некаторых дыялектах (у іншых захавалася). Габаўшцяк (ОЛА, 1973, 23–25) паказаў, што тэрыторыя пашырэння назвы тыпу зязюля ахоплівае перш за ўсё ўкр. і бел. мовы, а таму думка Арлова (Слово о полку Игореве₂. М., 1946, 131–133) пра зах.-слав. запазычанне ва ўсх.-слав., падтрыманая Булахоўскім (Избр. тр., 3, 258–259), не можа быць прынята. Пра балт. адпаведнікі і і.-е. форму гл. Траўтман, 81; Фрэнкель, 142–143; Тапароў, E–H, 189–191. Параўн. яшчэ Абаеў, 1, 506; Шантрэн, 553–554; Эрну-Мейе, 154. Аб слав. формах Фасмер, 2, 91–92; Сабалеўскі, Лекции, 143; Махэк₂, 726; Будзішэўска, Słown., 97; Струтынскі, Nazwy 44–45, 88, 148–149, карта; Непакупны, Baltistica, XI (2), 139–140. Польск.дыял.zieziula з укр. і бел. Дзендзялеўскі, Паралелі, 62–63; Пальцаў, Тэзісы дакл. маладых вучоных, 1970, 37. Параўн. Антропаў, дыс., 258–259.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел.требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав.трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр.требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус.требуха́ ‘вантробы’, польск.дыял.trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж.tarbuch ‘тс’, усх.-чэш.terboch ‘тс’, ст.-чэш.teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац.terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен.trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян.tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв.tr̀buh, чак.trbȕh, серб.тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг.тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед.трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав.тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл.*tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус.требух таксама можна вывесці з прасл.*tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл.*terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.
1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў.Асіпенка.Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку.Савіцкі.[Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены.Шамякін.
2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута.Якімовіч.На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы.Чарнышэвіч.Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам.Пальчэўскі.// Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня.Брыль.Змрок асеў на пагосце.Смагаровіч.// Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам.Чарнышэвіч.//перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае.Зарэцкі.
3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон.Мележ.
4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы.Пташнікаў.
5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог.Чарнышэвіч.Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды.Ракітны.Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы.Чорны.// Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады.Пташнікаў.//перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці.Савіцкі.«Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці.Кулакоўскі.
6.перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі.Бажко.Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны.// Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках.Чорны.Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай.Брыль.// Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам.Васілевіч.// Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі.Брыль.Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы.Колас.
2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца.Чорны.— Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець.Маўр.
3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю.Чорны.Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў.Навуменка.
4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю.Васілевіч.Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды.Чарнышэвіч.// Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы.Шамякін.
5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць.Глебка.
6.перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін».Вышынскі.
7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы.Шамякін.Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала.Васілёнак.
•••
Дзікае мясагл. мяса.
Дзікім голасамгл. голас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр.Брыль.А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая.Колас.
2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі].Самуйлёнак.Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр].Калачынскі.Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны.Алешка.
3.перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні.Дуброўскі.Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу.Гамолка.Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак.Асіпенка.Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат.Брыль.
4.Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі.Даніленка.У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі.Адамчык.
5.Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.
6.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог.Зарэцкі.
7.толькіадз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка.«Беларусь».За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы.«Звязда».
8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі.Грамовіч.
9.Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.
10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.
11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́вы́, ‑а́я, ‑о́е і ‑ая, ‑ае.
1. Белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы). Сівыя валасы. □ З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі.Лынькоў.Вочы.. [Міхайлава] молада і хітра бліснулі з-пад сівых калматых броваў.Карпаў.// З белымі валасамі, з валасамі, якія страцілі сваю афарбоўку. Сівая галава. □ Гэта быў хударлявы, яшчэ дужы чалавек, хоць скроні даўно ўжо сталі сівыя.Ваданосаў.На ганак выйшаў гаспадар, ужо стары, каля сямідзесяці гадоў, сівы, лысы.Нікановіч.// У спалучэнні са словам «гады» ужываецца для абазначэння старасці. Ён, сівых гадоў ляснік, Распасцёр свой дажджавік, Ён ідзе, трымае стрэльбу, Гоніць з ёю звера-шэльму.Калачынскі.Хмель на сценах. Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Тут бы нашым добрым маткам Дажываць сівыя годы.Панчанка.
2. Колеру попелу; шэры. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка.Колас.Ёсць [коні] ў сівых яблыках, з лебядзінымі шыямі, з агнявымі вачыма.Бядуля.Раптам сівая хмара засланіла сонца.Мыслівец.//Разм. Бледны з адценнем такога колеру (пра твар чалавека). Сівы твар Рома выцягнуўся.Шчарбатаў.
3. З прымессю шаравата-белай шэрсці (пра футра). Сівы бабровы каўнер. Сівы каракуль. □ Дзверы былі замкнёны, а.. заечая шапка [Хвядоса] вісела на плоце, вецер перабіраў на ёй дробныя сівыя валаскі.Шашкоў.// З такой шэрсцю; з шаравата-белым апярэннем (пра жывёлін і птушак). Сівы конь. □ [Караткевіч і Даўгулевіч] тады заспрачаліся, якія бываюць галубы. Ці толькі сівыя, якіх яны перад сабою бачылі, ці бываюць і іншай масці?Гурскі.//узнач.наз.сі́вы, ‑ага, м. Пра каня такой масці. Увесь яравы палетак прыйдзецца пераараць, цэлую вясну тузацца з плугам, .. праклінаючы страшнымі кленічамі невінаватага ні ў чым сівага.Крапіва.
4.перан. Шаравата-белы, бялявы. Невідочныя шумелі Чараты ў сівым тумане.Зарыцкі.Над Казбекам, над сівой макушкаю, Задрамала воблака ў цішы.Калачынскі.Нерухома стаялі дрэвы, сівыя ад расы.Самуйлёнак.Кіпіць Енісей, мнагаводны, як мора, Сустрэўшы сівы акіян.Хведаровіч.Схілы гары былі голыя, усланыя сівым, сухім мохам.Пестрак.
5.перан. Які мае адносіны да далёкага мінулага; старажытны. І перад намі паўставалі Сівыя, даўнія вякі, Калі жылі і ваявалі Не мы, а нашы землякі.Глебка.Нечым старым, сівым, далёкім патыхала ад.. [парку].Чарнышэвіч.
•••
Дажыць да сівых валасоўгл. дажыць.
Сівы як лунь — зусім сівы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята.Купала.Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок.Чорны.Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна.А. Вольскі.// Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў.Бядуля.
2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе.Грамовіч.
3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе.// Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца.Асіпенка.Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову.Шамякін.
4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак.Чорны.
5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег.Шамякін.// Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём.Крапіва.І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім.Мурашка.Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія.Прыказка.
6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі?Колас.Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю.Гартны.// Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць.Крапіва.
7.заг.слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была.Маўр.[Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу.Лынькоў.
8.1ас.адз.цяпер.слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)