ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нікчэ́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нікчэмнага. Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсаў панямонскай інтэлігенцыі. Колас. // Крайняя нязначнасць каго‑, чаго‑н.; убоства. Апошнія калгасныя падзеі прымушалі.. [Чачыка] усё больш і больш задумвацца над сваёй нікчэмнасцю. Пташнікаў.

2. Нікчэмны чалавек. Чалавек, які сказаў некалькі пустых сказаў, мог.. [Макоўчыку] здацца нікчэмнасцю, надоўга страціць яго павагу. Мележ. — Калі б вы хоць гадзінку набылі з Тумашам, дык убачылі б, якая гэта нікчэмнасць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паліцэ́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паліцыі, належыць паліцыі; які ажыццяўляецца паліцыяй. Паліцэйскі ўчастак. Паліцэйскі нагляд. □ Следам Сілцы наведалі паліцэйскія стражнікі. Пачаліся арышты, расправы, экзекуцыі. Гартны. Недалёка ад маста стаяла паліцэйская машына. Зуб.

2. у знач. наз. паліцэ́йскі, ‑ага, м. Чалавек, які служыць у паліцыі, ніжні чын паліцыі. Над нашымі галовамі ціўкалі кулі, чуваць былі крыкі паліцэйскіх. Анісаў.

3. Які апіраецца на паліцыю, ажыццяўляе ўладу з дапамогай паліцыі. Паліцэйская дзяржава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Сонечны, светлы. Праменны ранак па-над Бугам Асыпаў срэбрам паплавы. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. На вершалінах блізкіх і далёкіх гор ніклі праменныя фарбы захаду. Самуйлёнак. // перан. Поўны ўнутранага ззяння, радасці, запалу. Цяпер на Дзяміда Сыча пазіралі ясныя і праменныя вочы дарослага чалавека. Паслядовіч. Гэта нашы аркестры зазыўна гучаць, гэта нашых рабочых праменная радасць. Хведаровіч.

2. Спец. Які ўзнік у выніку выпраменьвання. Праменная энергія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.

•••

Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Гараваць з прычыны чыёй‑н. смерці. Мы б хацелі, Каб чулі яны [загінуўшыя героі], Як смуткуе радзіма над імі! Броўка.

2. Перажываць смутак; сумаваць, журыцца. Сохне і смуткуе хлопец лета, Неспакой, трывога на душы: — Разлюбіла? Не, не веру ў гэта, Шле лісты і просіць: — Адкажы. Прануза. // Засмучацца, бедаваць. Думаючы пра ўсё гэта, Васіль хоць і смуткаваў у душы, што Усцю не застаў дома.., аднак іншы раз адчуваў задавальненне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́ргат, ‑у, М ‑гаце, м.

1. Слабы, невыразны шум ад руху, трэння аднаго прадмета аб другі. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукам: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. Хачу паслухаць Шум сівых бароў І пахадзіць прасекаю лясною, Спыніцца над Бярозаю-ракою, Паслухаць шоргат сініх чаратоў. Свірка.

2. перан. Тое, што і шорах (у 2 знач.). Алаіза раптам ясна ўявіла, як дамавіну з яе целам апускаюць у сырую, халодную зямлю. Аж шоргат прайшоў па целе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЙНІ́ЦА,

адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз. амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.

А.​А.​Трусаў.

Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.​Віеру «Імя тваё» (1986).

І.​У.​Саламевіч.

Т.М.Бондар.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛАВА (Галіна Канстанцінаўна) (н. 5.3.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснай бел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз. мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.​Беранжэ, Э.​Верхарна, Г.​Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.​Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.​Геніюш, Е.​Лось, Н.​Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Літ.:

Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;

Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)