НА́РВА (Narva),

горад у Эстоніі, на левым беразе р. Нарва, за 14 км ад яе ўпадзення ў Фінскі зал. 83 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: баваўняная, дрэваапр., маш.-буд. і металаапр., харч. і інш. 2 ГРЭС, ГЭС. Н. злучана мостам цераз р. Нарва з г. Івангорад (Расія). Гіст. музей. Замак (13—15 ст.), гар. ўмацаванні (14 ст.), ратуша (17 ст.).

У рускіх летапісах згадваецца з 1171 пад назвай Ругодивъ. У пач. 13 ст. вядома як в. Нарвія. У 1220—1346 належала Даніі, у 1346—58 — Лівонскаму ордэну. У Лівонскую вайну 1558—83 заваявана войскамі Івана Грознага (1558), апорны пункт Расіі на Балтыйскім м. У 1581 захоплена Швецыяй. У Паўночную вайну 1700—21 каля Н. шведы разграмілі рус. войскі. У 1704 Пётр I узяў горад штурмам і далучыў да Расіі. Да 1722 пав. (пазней заштатны) горад Пецярбургскай губ. У сярэдзіне 19 ст. буйны цэнтр тэкст. прам-сці. У 1857 тут засн. Крэнгольмская мануфактура. У 1918 Н. ўвайшла ў Эстляндскую працоўную камуну. У 1919—40 і з 1991 у Эстонскай Рэспубліцы, у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г. Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжанне Рурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр. Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст. — Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т. л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́І (Pompei),

горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс. ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.

У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана ​3/5 тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.

А.​У.​Казленка.

Да арт. Пампеі. Дом Фаўна. 2 ст. да н.э.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.

Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.

Літ.:

Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.
Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,

нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв. с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.​А.​Ванееў, Г.​М.​Кржыжаноўскі, В.​В.​Старкаў, П.​К.​Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.​А.​Левашкевіч, В.​А.​Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.​І.​Паляк, Н.​І.​Занцэвіч і С.​М.​Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.

Літ.:

В.​И.​Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.

У.​Г.​Філякоў.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ПА́ЎЛУ (São Paulo),

горад на ПдУ Бразіліі, у даліне р. Цьетэ, за 70 км ад узбярэжжа Атлантычнага ак. Адм. ц. аднайм. штата. Каля 10 млн. ж., разам з 37 гарадамі-спадарожнікамі ўтварае агламерацыю з нас. 17 755 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Найб. гандлёва-размеркавальны цэнтр краіны. Рынак кавы (вывозіцца праз порт Сантус). Важнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 40% прамысл. вытв-сці і занятых у прам-сці) і найб. эканамічна развітога раёна. Прам-сць: цяжкая (чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, аўтамабіле- і самалётабудаванне, чыг. машынабудаванне, электронная, эл.-тэхн., хім., гумава-тэхнічная; пераважна ў гарадах-спадарожніках), мясная (бойні), мясакансервавая, малочная, маслаперапрацоўчая, мукамольная, кандытарская, тытунёвая, тэкст. (больш за 50% вытв-сці тканін у краіне), швейная, гарбарна-абутковая, парфумерная, фармацэўтычная. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: мастацкі, сучаснага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі і інш. Тэатры. Палац урада (16 ст.), небаскробы (20 ст.). Спарт. збудаванні.

Засн. езуітамі 25.1.1554 у дзень св. Паўла (адсюль назва). У 16—18 ст. цэнтр кававых плантацый. У 1822 у С.-П. абвешчана незалежнасць Бразіліі ад Партугаліі. У пач. 19 ст. тут з’явіліся першыя ў краіне мануфактуры, у пач. 20 ст. ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр.

Цэнтральная частка г. Сан-Паўлу.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЛІТ (Split),

горад на Пд Харватыі. Каля 300 тыс. ж. (2000). Порт на Адрыятычным моры. Кліматычны курорт, цэнтр турызму. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., цэм., хім., харчасмакавая, тэкстыльная. ГЭС. Біёлага-акіянаграфічны НДІ. Музеі: марскі, археал., этнагр., харвацкіх старажытнасцей, мастацкая галерэя і інш. Помнікі стараж.-рым., у т. л. руіны палаца імператара Дыяклетыян а (каля 300), сярэдневяковай і рэнесансавай (11—16 ст.) архітэктуры. Паблізу руіны ант. г. Салона (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.).

У старажытнасці грэч. паселішча Аспалатхас. Каля 300 н.э. рым. імператар Дыяклетыян пабудаваў тут сваю рэзідэнцыю. У 7 ст. ў С. перасяліліся бежанцы з разбуранага аварамі і славянамі г. Салона. У 9—12 ст. С. — рэзідэнцыя вышэйшага духавенства Далмацыі. З 1069 пад уладай Харвацкай дзяржавы. У 1105—1420 (з перапынкам у 1327—57) у Венгерскім каралеўстве. У 13—14 ст. буйны гандл. цэнтр. Да 1420 самакіравальная камуна з уласным статутам (1312). У 1420—1797 належаў Венецыі, потым (з перапынкам у 1806—13) — Аўстрыі. З 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антыфаш. руху Супраціўлення. З 1991 у незалежнай Харватыі.

т. 15, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́БЫ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Клява, на аўтадарозе Юрацішкі—Ашмяны. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Іўе, 185 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 816 ж., 355 двароў (2002). Філіял сумеснага прадпрыемства «Рэлоіз Бел». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1784), Трабскі касцёл.

З 1490 належала Гаштольдам, з 1543 — Радзівілам, з 1569 — каралю Рэчы Паспалітай, з 1766 — Зянковічам. У 1784 пабудавана царква. Да 1795 цэнтр гміны ў Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1806—54 дзейнічала Трабская суконная мануфактура. У 1866 цэнтр воласці, 499 ж., 78 двароў, нар. вучылішча, яўр. хедэры, царква і касцёл. У 1905—1080 ж. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, у 1922—39 у складзе Польшчы, у Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 75 мірных Жыхароў, часткова спалілі вёску. З 1960 у Іўеўскім р-не.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 15, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАСЦЯНЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны ням. фашыстамі ў ліст. 1941 каля в. Малы Трасцянец Мінскага р-на (цяпер у межах г. Мінск) для масавай загубы сав. грамадзян і ваеннапалонных, паліт. вязняў ням. турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі. Тут працавала крэмацыйная печ, з Мінска рэгулярна прывозілі вязняў у машынах-душагубках. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастр. 1943 загінула 150 тыс. чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля в. Шабаны, цяпер у межах г. Мінск, загінула больш за 50 тыс. чал.), дзе была пабудавана спец. яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі. У канцы чэрв. 1944 вязні лагера знішчаны ў б. калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец (6,5 тыс. чал.). Усяго ў Т.л.с. загублена 206,5 тыс. чал. Па колькасці знішчаных людзей гэты лагер стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданака і Траблінкі (каля 810 тыс. чал.). На месцы загубы вязняў абеліск, за 200 м ад в. Вял. Трасцянец помнік ахвярам фашызму.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998. С. 157, 160—161.

Да арт. Трасцянецкі лагер смерці. Помнік ахвярам фашызму каля в. Вялікі Трасцянец. 1963.

т. 15, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЯ СЛАБАДА́, Красная Слабада,

гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Вызенка; аўтадарогамі злучаны з Лунінцом, Слуцкам, Салігорскам. За 30 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 163 км ад Мінска. 4985 ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прам-сці. 2 сярэднія і санаторная школы, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму.

У ВКЛ вядома з 16 ст. як вёска, потым мястэчка Вызна ў Слуцкім княстве; уласнасць Алелькавічаў, з 1612 Радзівілаў, з 1793 Вітгенштэйнаў, потым Гогенлоэ. З 1793 у Рас. імперыі. З 1870 цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1877 згарэла Свята-Мікалаеўская царква (у 1897 адбудавана, у 1937 зруйнавана). У 1897 у мястэчку 1593 ж., пач. школа, нар. вучылішча, бальніца, царква, капліца, 2 малітоўныя яўр. дамы. 3.1.1923 перайменавана ў мяст. Чырвоная Слабада. З 17.7.1924 да 8.8.1959 цэнтр Чырвонаслабодскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак У Вял. Айч. вайну з 27.6.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія восенню 1941 знішчылі тут 420 ж. У ноч на 31.10.1942 партызаны разграмілі ў Ч.С. ням. гарнізон (гл. Чырвонаслабодскі бой 1942). З 8.9.1959 у Старобінскім, з 25.12.1962 Любанскім, з 6.1.1965 Салігорскім р-нах.

т. 17, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)