САВЕ́Т ПРА́ЦЫ І АБАРО́НЫ (СПА),

орган пры СНК РСФСР (з 17.7.1923 пры Саўнаркоме СССР) па каардынацыі дзейнасці нар. камісарыятаў у галіне гаспадаркі і абароны краіны ў 1920—37. Створаны ў выніку рэарганізацыі Савета рабочай і сял. абароны (існаваў у ліст. 1918 — крас. 1920). Дзейнічаў на правах камісіі. У яго ўваходзілі старшыня СНК (старшыня СПА), нар. камісары (па ваен. справах, шляхоў зносін, земляробства, харчавання, працы, Рабоча-сял. інспекцыі), старшыня ВСНГ, прадстаўнік ВЦСПС, кіраўнік Цэнтр. стат. ўпраўлення (з дарадчым голасам); мясц. органамі былі губернскія (абласныя), павятовыя і валасныя эканам. нарады. Старшынямі СПА былі У.​І.​Ленін (крас. 1920—1924), Л.​Б.​Каменеў (2.2.1924—19.1.1926), А.​І.​Рыкаў (19.1.1926—19.12.1930), В.​М.​Молатаў (19.12.1930—28.4.1937). Скасаваны паводле пастановы ЦВК СССР ад 28.4.1937, яго функцыі перададзены Эканам. савету пры СНК СССР.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСМАНДЗІ́ ((Sismondi) Жан Шарль Леанар Сімонд дэ) (9.5.1773, Жэнева — 25.6.1842),

швейцарскі эканаміст і гісторык. Скончыў Жэнеўскі ун-т. Жыў у Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, у 1798 вярнуўся ў Швейцарыю. З 1833 член франц. Акадэміі маральных і паліт. навук. У працы «Аб камерцыйным багацці» (1803) выступаў за палітыку неўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Потым кардынальна змяніў сваю пазіцыю: сцвярджаў, што неўмяшанне дзяржавы ў эканам. справы прыводзіць да масавых бедстваў («Новыя прынцыпы палітычнай эканоміі», 1819). Асуджаў неабмежаваную канкурэнцыю і перавытворчасць тавараў, якія звязваў з падзелам працы і буйнамаштабнай вытв-сцю. Лічыў, што дробная вытв-сць здольна забяспечыць раўнавагу паміж вытв-сцю і спажываннем і абмежаваць канкурэнцыю. У працах па гісторыі Францыі і Італіі імкнуўся гістарычна абгрунтаваць свае эканам. погляды. Эканам. вучэнне С. паўплывала на тэорыі сацыялізму і ідэі народніцтва.

Ж.Ш.Сісмандзі.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́чнасць, ‑і, ж.

1. Магчымасць бачыць; магчымасць бачыць ўдалечыню. Вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў.. Направа і налева ад кожнай пары, не выходзячы з межаў бачнасці, віднеецца другая, ад другой — трэцяя і г. д. Брыль.

2. Разм. Знешняе падабенства, якое робіць падманлівае ўражанне. Бачнасць высакародства. □ Жыжка пусціўся на хітрыкі. Ён пачаў з таго,.. як быў утвораны ўвосень гурток па вывучэнню агранома — і пайшоў, і пайшоў, абводзячы пытанне вялікім кругам непатрэбшчыны, ствараючы бачнасць нейкай дужа вялікай працы ў гэтым напрамку. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вясе́лле, ‑я, н.

1. Абрад шлюбу і ўрачыстасць, святкаванне, звязанае з гэтым. Згуляць вяселле.

2. Шлюбны поезд. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў.

3. Разм. Вясёлае правядзенне часу; гульні, забавы. Прымітыўнае вяселле ціхіх людзей не пералятае сваімі зыкамі далей саламяных стрэх. Чорны. У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у вяселлі .. дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

•••

Залатое вяселле — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Сярэбранае вяселле — дваццаціпяцігоддзе сямейнага жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабра́цца, абяруся, абярэшся, абярэцца; абяромся, аберацеся; зак.

1. каго-чаго; толькі з адмоўем. Разм. Пра немагчымасць пазбавіцца каго‑, чаго‑н., справіцца з чым‑н. Не абабрацца клопату, бяды. □ Мала часу асталося да вяселля, і працы не абабрацца. Гартны.

2. Вылучыцца, вызначыцца, знайсціся. Тры гаспадары сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолках. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Колас. // Узяцца, падахвоціцца. [Адзін з паляўнічых:] — Ну, ці знойдзецца стралец, Хто галінку зніжа куляй?.. Вось адзін з іх абабраўся, Стрэліў — дуб той захістаўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.

1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.

2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́нства, ‑а, н.

1. зб. Паны. Шыш-Шышнеўскі быў нядрэнны настаўнік, але цягнуўся за мясцовым панствам, з вучнямі і іх бацькамі трымаўся здалёк і афіцыйна. С. Александровіч.

2. Панаванне, улада паноў. — Уціск вечнага панства палажыў на.. [чалавека] свой адбітак. Чорны.

3. Спешчанасць, імкненне жыць у раскошы, пагардлівыя адносіны да працы, уласцівыя панам. [Лоўгач:] — Ці правільна гэта? Адзін пакой на чацвярых. А ў нас пяць пакояў на чацвярых. І якія? Амаль удвая большыя. Панства нейкае ў нас з табой... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ука́з, ‑а, м.

Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. □ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.

•••

Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. — Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальва́рак, ‑рка, м.

1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».

2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.

[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)