два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,
выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.
У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.Украінкі «Лясная песня», аповесці М.Алейніка «Леся», Б.Ногейла «Паводка» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМЯ́НІН (Міхаіл Васілевіч) (21.11.1914, г. Віцебск — 1.5.1995),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1939). У 1940—46 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. У Вял.Айч. вайну адзін з арганізатараў парт.-камсам. падполля і партыз. руху ў Беларусі. У 1947—53 сакратар, 2-і сакратар ЦККПБ. З 1953 у Мін-ве замежных спраў СССР, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у В’етнаме, Чэхаславакіі. З 1965 гал. рэдактар газ. «Правда», з 1966 старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР. У 1976—87 сакратар ЦККПСС. Чл.ЦК у 1945—54, Бюро ЦККПБ у 1947—53. Чл.ЦККПСС у 1952—56, 1966—89. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1956—66. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—54, 1966—89, Вярх. Савета БССР у 1947—55.
Тв.:
Под знаменем ленинизма: Избр. статьи и речи. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБА́ТАЎШЧЫНА,
«паліцэйскі сацыялізм», адна з форм барацьбы царызму з рас. рабочым рухам у 1901—03. Назва ад прозвішча нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатава. Яе сутнасць у стварэнні пад апекай урада і кантролем паліцыі фальшывых легальных рабочых арг-цый. Улады мелі на мэце адцягнуць рабочых ад паліт. барацьбы і скіраваць іх у рэчышча дробных эканам. патрабаванняў. Першая такая арг-цыя створана ў Маскве ў маі 1901, потым яны з’явіліся ў Пецярбургу, Сормаве, Туле, Кіеве, Харкаве, Вільні, Мінску. Пад уплывам зубатаўцаў вясной 1901 у Мінску знаходзіліся 4 буйныя прафарганізацыі — сталяроў, слесараў, пераплётчыкаў, шчаціннікаў. У ліп. 1901 мінскія зубатаўцы абвясцілі пра стварэнне Яўрэйскай незалежнай рабочай партыі. Кампанію па выкрыцці правакацыйнай сутнасці З. разгарнулі Бунд, газ. «Искра», эсэры і інш.рэв. арг-цыі. Уздым паліт. руху ў 1903 прымусіў урад адмовіцца ад З.
Літ.:
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел.нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ.«Рабочий и солдат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ.
Створана ў канцы 1905 — пач. 1906 віленскім каталіцкім біскупам Э.Ю.Ропам. Арганізац. з’езд адбыўся ў лют. 1906, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў — прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да паліт. жыцця, кансерватызм у падыходах да сац.-эканам. праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі. Супрацоўнічала з польскай нац.дэмакр. партыяй. Выдавала газ. «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студз. — люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты — сак. 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студз. 1906). Патрабавала абл. самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі. Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некат. паветах Гродзенскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. Актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў 1-ю і 2-ю дзярж. думы. Распалася ўвосень 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖАНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Анатолеўна) (н. 27.8.1950, в. Лясішча Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. У 1980—82 на Бел. тэлебачанні, з 1984 у газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1967. У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зб-кі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М.Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Зора Лявонаўна) (н. 1.7.1927, Мінск),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, літаратуразнавец. Жонка В.Кіпеля. Вучылася ў Бел. настаўніцкай семінарыі ў Мінску. Скончыла Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1955), бібліятэчны (1966) і параўнальнага літаратуразнаўства (1983) ф-ты Ратгерскага ун-та ў г. Нью-Брансуік (ЗША). З 1944 у Германіі. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працавала ў навук. лабараторыі ун-та Дж.Хопкінса (1956—58). У 1966—91 у Нью-Йоркскай публічнай б-цы. Рэдактар газ.«Беларус» (ліп. 1991 — вер. 1992, з 1994). Чл.Амер. асацыяцыі слав. даследаванняў, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Разам з В.Кіпелем склала бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988). Даследуе рукапісную бел. л-ру 16 ст. Пераклала на англ. мову «Аповесць пра Трышчана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОН ((Kon) Фелікс Якаўлевіч) (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),
дзеяч польскага і рас.рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦКВКП(б), у ліп.—жн. 1920 чл.Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час.«Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш.Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл.ВЦВК і ЦВКСССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.