ЛЕ ДЫК ТХО (Le Duc Tho; 14.10.1911, прав. Нам Ха, В’етнам — 13.10.1990),
в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, 1930), удзельнік В’етміня. У 1930—36 і 1941—45 знаходзіўся ў зняволенні ў франц. турме. З 1945 чл.ЦК і Пастаяннага к-та КПІК. У 1948—55 на парт. рабоце на Пд В’етнама. З 1955 чл. палітбюро ЦК Партыі працоўных В’етнама (потым Камуніст. партыя В’етнама), у час в’етн. вайны 1964—73 адказваў за палітыку партыі ў Паўд. В’етнаме. З 1968 фактычны кіраўнік дэлегацыі Дэмакр. Рэспублікі В’етнам на парыжскіх перагаворах, у выніку якіх падпісана Парыжскае пагадненне 1973. У 1986 пакінуў усепарт. і дзярж. пасады. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Г.Кісінджэрам), адмовіўся ад яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймс-парк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ (Соф’я Дзмітрыеўна) (12.4.1904, в. Обаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.9.1980),
бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931). Працавала ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Значная частка твораў прысвечана партызанам Беларусі: «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943—44), «Партызаны ў вёсцы» (1946), «Партызаны ў дазоры» (1947), «Партызанская зямлянка» (1968), «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975) і інш. Сярод інш. работ: пейзажы «Восень» (1949), «У пачатку верасня» (1958), «Нарач» (1968), «Бярозкі» (1972), «На Браслаўшчыне» (1973), «На Лепельшчыне» (1976); нацюрморты «Кветкі» (1948), «Гладыёлусы» (1954), «Макі» (1965), «Кубак чэмпіёна» (1971), «Дзень Перамогі» (1979). Творчасці ўласцівы выразнасць пластычнай мовы, шматграннасць жывапісных сродкаў у спалучэнні з тонкім лірызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац.муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (н. 9.3.1950, в. Язна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай шкалы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1976). Выкладае ў Віцебскім ун-це. Творы вылучаюцца глыбінёй і складанай драматургіяй вобразаў з падкрэслена нац. каларытам, трапяткім стаўленнем да перадачы натурных уражанняў у спалучэнні з аўтарскай манерай распрацоўкі жывапіснай прасторы. Аўтар тэматычных карцін «Дыялог» (1981), «Аўтарытэт» і «Загад» (абедзве 1987), «Думкі» (1989), «Размовы» і «Разважанне аб вечным» (абедзве 1990), «Свята ў горадзе» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1993), «Гуканне дзядоў», «Жаночы лёс», «Спакуса» (усе 1995), трыпціх «Катарсіс» (1996), серыі «Чалавек і прырода» (1989), «Успамін аб леце» (1995). Малюе пейзажы: серыі «Рыжскія краявіды» (1978), «Беларускае Прыдзвінне» (1984); партрэты, нацюрморты.
М.Л.Цыбульскі.
М.Ляўковіч. Незабудкі. З серыі «Успамін аб леце». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖАЕ́ЎСКАЯ (Modrzejewska) Гелена [сапр.Місэль
(Misel) Ядвіга; 12.10.1840, г. Кракаў, Польшча — 8.4.1909], польская актрыса. Брала прыватныя ўрокі драм. мастацтва. З 1861 выступала на сцэнах правінцыяльных т-раў. З 1865 на сцэне Кракаўскага, з 1869 Варшаўскага т-раў. З 1876 у ЗША, у 1877 дэбютавала ў Сан-Францыска. У 1880—85 выступала ў Вялікабрытаніі. Творчасці ўласцівы рамант. адухоўленасць, арганічнасць і жыццёвая пераканаўчасць вобразаў. Сярод роляў: Джульета («Рамэо і Джульета»),
Кардэлія («Кароль Лір»), Афелія («Гамлет»), Ганна («Рычард III»), лэдзі Макбет («Макбет»; усе У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Федра («Федра» Ж.Расіна). Адна з лепшых выканаўцаў роляў у драмах С.Выспянскага: Марыі («Варшавянка»), Лаадаміі («Пратэсілай і Лаадамія») і інш. Аўтар кніг «Успаміны і ўражанні» (1910), «Пісьмы» (т. 1—2, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ ((Marshall) Джордж Кэтлет) (31.12.1880, г. Юніянтаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 16.10.1959),
ваенны і дзярж. дзеяч ЗША, дыпламат.Ген. арміі (1944). Скончыў Віргінскі ваен. каледж (1901). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба арміі ЗША (1939—45), удзельнік Касабланкскай, Квебекскай, Каірскай, Тэгеранскай (усе 1943), Квебекскай (1944), Крымскай (Ялцінскай) і Берлінскай (Патсдамскай; абедзве 1945) міжнар. канферэнцый. У снеж. 1945 — студз. 1947 спец. прадстаўнік (пасол) прэзідэнта ЗША Г.Трумэна ў Кітаі. У 1947—49 дзярж. сакратар ЗША, ініцыятар праграмы аказання Злучанымі Штатамі эканам. дапамогі пасляваен. Еўропе (гл.Маршала план). У 1950—51 міністр абароны ЗША. Нобелеўская прэмія міру 1953 (разам з А.Швейцэрам).
Літ.:
Ледовский А.М. Миссия Дж.Маршалла в Китай и советско-китайско-американские отношения // Вопр. истории. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.