пасла́ць¹, пашлю́, пашле́ш, пашле́; пашлём, пашляце́, пашлю́ць; пашлі́; пасла́ны; зак.

1. каго (што). Накіраваць з якім-н. даручэннем, куды-н.

П. дыялектолагаў у экспедыцыю.

П. па доктара.

2. каго-што. Адправіць для дастаўкі.

П. бандэроль па пошце.

3. што. Перадаць, выказаць жэстам, словамі, пісьмова свае адносіны, пачуцці да каго-н. (разм.).

П. паветраны пацалунак.

П. прывітанне.

4. што. Кінуць, накіраваць.

П. мяч у сетку.

5. што. Пасунуць, накіраваць (спец.).

П. корпус улева (пра рух цела).

|| незак. пасыла́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. пасы́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1, 2 і 5 знач.) і пасыла́нне, -я, н. (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рабо́чы², -ая, -ае.

1. Які мае адносіны да рабочага¹, рабочых, уласцівы ім.

Р. клас.

Р. рух.

Па-рабочаму (прысл.).

2. Які непасрэдна выконвае работу, пэўнае дзеянне.

Рабочыя часткі машыны.

Рабочыя пчолы.

3. Які жыве са сваёй працы; працоўны.

Р. чалавек.

4. Які служыць, прызначаны для работы, выкарыстоўваецца ў рабоце.

Р. інструмент.

Рабочае адзенне.

Р. стол.

5. Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час).

Р. дзень.

Р. сезон.

○

Рабочая сіла — сукупнасць фізічных і духоўных магчымасцей чалавека, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Не хапае рабочых рук.

◊

У рабочым парадку (зрабіць, вырашыць што-н.) — у працэсе работы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

то́ргаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. каго-што. Цягнуць, тузаць рэзкімі рухамі, рыўкамі.

Т. вяроўку.

2. Дрыжаць, рабіць сутаргавыя рухі.

Шчака торгае.

3. што і без дап. Балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць (звычайна пры ўтварэнні нарываў).

Палец торгае.

4. што. Рэзкім рухам кранаць, зрушваць з месца.

Паравоз торгае вагоны.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Прыводзіць у рух паплавок, кляваць, торкаць (пра рыбу).

|| аднакр. таргану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2, 4 і 5 знач.) і то́ргнуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

|| наз. то́рганне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ірэдэнты́зм

(іт. irredentismo, ад irredento = нявызвалены)

грамадска-палітычны рух у Італіі канца 19 — пач. 20 ст. за далучэнне зямель, часткова заселеных італьянцамі, якія не ўвайшлі ў склад Італіі ў час яе ўз’яднання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дрызі́на

[ням. Draisine, ад K. Drais = прозвішча ням. вынаходцы (1785—1851)]

невялікая чыгуначная платформа або ваганетка, якая прыводзіцца ў рух уручную або рухавіком; выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў на невялікую адлегласць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дыферэнцыя́л

(ад лац. differentia = розніца, адрозненне)

1) мат. адвольнае прырашчэнне незалежнай пераменнай велічыні;

2) тэх. зубчасты механізм, пры дапамозе якога перадаецца рух ад аднаго вала двум валам, што верцяцца з рознай хуткасцю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нута́цыя

(лац. nutatio = хістанне)

1) фіз. адна з форм хістання на восі цела, якое верціцца (напр. н. артылерыйскага снарада);

2) абарачальны рух вершалін растучых органаў раслін, абумоўлены нераўнамерным ростам розных іх бакоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэгрэ́сія

(лац. regressio = рух назад)

1) адступленне мора з занятай ім раней тэрыторыі, у выніку чаго пашыраецца суша (параўн. трансгрэсія 1);

2) імавернасная залежнасць сярэдняга значэння якой-н. велічыні ад іншай велічыні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Пас 1, па́сак, па́сок, па́сік, па́сачак ’тканы пояс’, ’шнурок, папруга, рэмень’, ’стужка, пісяг’, ’пояс жанчыны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Шпіл., Сцяшк., Тарн., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; КЭС, лаг.; ТС), ’доўгі, вузкі кавалак тканіны, скуры’ (ТСБМ), ’кавалак сала прадаўгаватай формы’ (пух., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’прыстасаванне для прывядзення ў рух машыны ці механізма’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.), ’шнур у калаўроце’ (карэліц., Шатал.), ’доўгая чарада звязаных паміж сабою плытоў лесу’ (Маслен., Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС), ’узоры на тканіне ў палосы’ (Сл. ПЗБ), па́ска, па́сачка ’паласа (паперы); палоска на тканіне’ (Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Сцяшк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), пася́ты, паса́сты, пасася́чы ’паласаты’ (Сл. ПЗБ, Клім.); ст.-бел. пасъ ’рэмень’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. pas ’тс’ (Кюнэ, 86; Булыка, Лекс. запазыч., 110). Сюды ж паса́цца ’падпяразвацца’ (Нас.). Гл. таксама пояс.

Пас 2 — ’вокліч аб адмове ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт’, ’няма сіл, магчымасцей’, пасава́ць ’здавацца’ (ТСБМ). З польск. pas, pasować ’тс’ (або другі раз праз рус. пас, пасовать ’тс’), якія з франц. (je) passe ’я ўстрымліваюся, пасую’ (Праабражэнскі, 2, 26; Варш. сл., 4, 72).

Пас 3 ’перадача мяча, шайбы і да таго пад. у спартыўнай гульні’, пасо́ўка, пасава́ць ’перадаваць мяч, шайбу’ (ТСБМ). Праз рус. мову з англ. pass ’перадаваць’, якое з лац. passus ’крок, рух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.

Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.​Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.​Бачэўскі, К.​Гайдамовіч, А.​Друкаў, М.​Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)