КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў этнаграфіі,

кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.​Ратцэль, Б.​Анкерман, Ф.​Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.​Коперс, В.​Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл. Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.​Менгін. Сав. этнолагі (М.​Левін, С.​Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.

В.​К.​Бандарчык.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,

паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж. слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе пра Л., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.

Літ.:

«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат. М., 1987.

Ю.​В.​Бажэнаў.

М.Лефеўр.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.​С.​Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР.

Пабудаваны ў 1890 у Мінску паводле праекта арх. К.​Казлоўскага, інж. К.​Увядзенскага і В.​Мандражы; інтэр’еры — арх. В.​Мааса, тэхнал. аснашчэнне сцэны — С.​Цыранкевіча. У архітэктуры будынка — стылізацыя ў стылі барока. Гал. фасад меў цэнтр.-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над аконнымі праёмамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, што стваралі рытм аркатурнага фрыза.

Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтр. ч. вылучана 2-павярховым рызалітам, які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі 1-павярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, 3-ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон. Плафон глядзельнай залы ўпрыгожаны размалёўкамі (арх. Маас) з партрэтамі А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Глінкі. Размалёўкі інтэр’ераў выконвалі маст. Ю.​Рэйнберг, Р.​Веніг, В.​Біцілеў, С.​Лебядзінскі, К.​Ульрых. На партале сцэны — ляпны герб Мінскай губ. У 1949 рэканструкцыя інтэр’ераў выканана паводле праекта арх. Г.​Заборскага. У 1956—58 будынак т-ра рэканструяваны (арх. А.​Духан). На гал. фасадзе надбудаваны бакавыя крылы да 2-га паверха, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. З 1920 у будынку М.г.т. працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

В.​М.​Чарнатаў.

Мінскі гарадскі тэатр.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.​К.​Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.​Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.​Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны гал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.​Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.​Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШЭ́ННАЯ (Вера Мікалаеўна) (19.9. 1887, Масква — 28.10.1962),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1937). Дачка М.П.Рошчына-Інсарава. Скончыла Маск. тэатр. вучылішча (1907). З 1907 з перапынкам працавала ў Малым т-ры, у 1921—28 у Муз. студыі МХАТ, т-ры Корша і інш., у 1922—23 удзельнічала ў замежных гастролях МХАТ. З 1914 вяла пед. работу ў студыі Малога т-ра (з 1945 Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна; з 1941 праф.). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, рамант. прыўзнятасць пры псіхалагічна-быт. дакладнасці. Сярод роляў: Кацярына, Ларыса, Яўгенія, Ганна Паўлаўна, Мурзавецкая («Навальніца», «Беспасажніца», «На бойкім месцы», «Жартаўнікі», «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Ліза («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.​Горкага), Любоў Яравая, Поля Сямёнава («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.​Транёва), міс Кір’якулі («Востраў Афрадыты» А.​Парніса, Старая гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі) і інш. У 1962 паставіла п’есу «Навальніца» Астроўскага (з М.​Гладковым) і выканала ў ёй ролю Кабаніхі. Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1961.

Тв.:

Искусство актрисы. М., 1954;

Ступени творчества. М., 1964.

Літ.:

В.​Н.​Пашенная: Статьи, воспоминания. М., 1971;

Толченова Н.П. Живая Пашенная. 2 изд. М., 1987.

В.М.Пашэнная.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

look1 [lʊk] n.

1. по́зірк;

have/take a look кі́нуць по́зірк, зірну́ць;

Have a look at that! Паглядзі на гэта!;

take a good look паглядзе́ць ува́жліва, угле́дзецца;

have/take a look (a)round агле́дзецца; агле́дзець (усё ў пэўным месцы);

a dirty look непрыя́зны по́зірк

2. вы́гляд;

She had a tired look. У яе быў стомлены выгляд.

3. pl. looks зне́шняе/во́нкавае аблі́чча;

good looks прыгажо́сць, прыва́бнасць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Стаці́вы, стоці́вы, стаціва́ ‘аснова ткацкага станка’ (гарад., лід., трак., шчуч., карэлку, Сл. ПЗБ), стацві́нні ‘тс’ (смарг., Сл. ПЗБ), стаці́ва, ста́цьвіна ‘бакавая частка ткацкага станка’ (Сцяшк.), стацьві́на ‘ставы’ (мёрск., ЛА, 4), стацьві́ны ‘бакавіны кроснаў’ (Касп.; ЛА, 4), стаці́ва ‘бок кроснаў, станіна’ (навагр., З нар. сл., Мат. Гом.), ‘асноўная частка ткацкага станка’ (чырв., З нар. сл.), ста́ціво ‘адзін з варыянтаў пастаноўкі кроснаў’, стаці́віна ‘станіна кроснаў’ (слонім., ЖНС), стаці́віна, стацьві́на ‘бакавая частка ставаў’ (Мат. Гом., ТС), статовы́нне, статовы́ны, статывкы́ ‘кросна’ (Сл. Брэс.), ста́ціва, стаці́віна ‘станіна’ (Мат. Гом.), мн. л. стаці́вы ‘тс’ (ЛА, 4), стаці́ва, статовы́ны, стату́ўкі ‘менш дасканалы з сучасных ткацкіх станкоў’, ‘дзве вертыкальныя паловы рамы, на якіх умацоўваюцца ўсе часткі больш дасканалых тыпаў ткацкага станка’ (Уладз.). Укр. стати́ва ‘рама, станіна ткацкага станка’, польск. stativa ‘рама ткацкага станка’, н.-луж. staśiva ‘ткацкі станок і яго станіна’, чэш. дыял. stativo ‘ткацкі станок’, серб.-харв. stativa ‘бок ткацкага станка’, славен. stȃtve мн. л. ‘ткацкі станок’, балг. ста́тива ‘ткацкі станок’. Прасл. *stativa — дэрыват ад *stati з суф. *‑iv‑, першапачаткова прыметнік, які потым субстантываваўся. Гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 123), які падкрэслівае прыроду зыходнага дзеяслова *stati, што азначае не толькі ‘стаяць вертыкальна, але і нерухома на адным месцы, быць асновай чаго-небудзь’, а таксама ўказвае на славяна-лацінскую словаўтваральную паралель, параўн. лац. прым. statīvus ‘той, які стаіць на адным месцы’, наз. statīva ‘лагер, стан’. Гл. яшчэ Махэк₂, 576; Шустар-Шэўц, 1356; Бязлай, 3, 313.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)