ШУЛЬГА́ Сяргей Мікалаевіч (н. 15.11.1953, г. Бугульма, Татарстан),

бел. акцёр, кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1985). З 1975 у Магілёўскім абл. драм. т-ры, у 1976—77, 1979—80 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1985 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1997 — у «Белвідэацэнтры». Сярод найб. значных роляў: у Магілёўскім т-ры — Дзімка Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Пашка («Летась у Чулімску» А.​Вампілава), Марат («За ўсё добрае — смерць» М.​Ібрагімбекава); у т-ры імя Я.​Коласа — Сымон («Сымон-музыка» паводле аднайм. твора Я.​Коласа), Арман Дзюваль («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Кей («Снежная каралева» Я.​Шварца), Сакрат («Ноч пасля выпуску» У.​Цендракова). Паставіў фільмы: маст. — «Цубанікі» (1988, паводле А.​Дударава), «Хам» (4 серыі, 1989, з Дз.​Зайцавым), «Хроніка мёртвай Савы» (1994; тэлевізійны фільм-спектакль), а таксама шэраг кароткаметражных фільмаў; дакумент. — «Пра кінарэжысёра» (1997), «Шляхі Гасподнія...» (1999), «Экспансія» (2000), «Час акцёра. Дывертысмент» (2001), «Яго Вялікасць Тэатр» (2002). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЧЭ́ЎСКАЯ Галіна Францаўна (н. 20.1.1945, в. Палессе Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1968). З 1968 актрыса Бел. т-ра імя Я.​Коласа, з 1972 Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы. Яе творчасці ўласцівы эмац. напоўненасць, псіхал. дакладнасць, мяккі лірызм, паэт. адухоўленасць. Сярод роляў: Дуня Пракопіна («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Маня («Верачка» А.​Макаёнка), Марфа («Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча), Зоська, Адэля, Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Віталія («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Акуліна («Улада цемры» Л.​Талстога), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Люсета («Нежанаты мнагажэнец, або Залёты пана дэ Пурсаньяка» Мальера), Ліза Брычкіна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Шафак («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Валя («Характары» паводле В.​Шукшына), Элейн («Пакуль мамы няма дома» Н.​Саймана) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ПЕН (Crippen) Роберт Лорэл (н. 11.9.1937, г. Бомант, ЗША),

касманаўт ЗША, удзельнік першага арбітальнага палёту касм. карабля тыпу «Спейс шатл». Капітан ВМФ. Скончыў Тэхаскі ун-т у г. Остын (1960), Аэракасм. школу лётчыкаў-даследчыкаў ВПС ЗША (1965), у якой і працаваў. З 1966 у лабараторыі пілатуемых палётаў ВПС ЗША, у 1969—91 у атрадзе касманаўтаў НАСА (з 1987 намеснік, з 1990 дырэктар праграмы «Спейс шатл»). У 1992—95 дырэктар Касм. цэнтра імя Дж.​Кенэдзі НАСА, у 1996—2001 прэзідэнт кампаніі па вытв-сці ракетных рухавікоў. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 12—14.4.1981 на КК «Калумбія» (як пілот; з Дж.​Янгам); 18—24.6.1983, 6—13.4.1984 і 5—13.10.1984 на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 23,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатнае кіраўніцтва», «За выключныя заслугі», «За выдатныя заслугі», «За касмічны палёт» (4). Яго імя занесена ў Залу гонару авіяцыі і Міжнар. залу гонару касманаўтыкі.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ БАТАЛЬЁН (батальён «Джузэпе Гарыбальдзі»),

падраздзяленне 12-й інтэрнац. брыгады, якое ваявала на баку ісп. рэспубліканцаў у час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39. Сфарміраваны ў кастр. 1936 з 520 італьян. добраахвотнікаў. Удзельнічаў у абароне Мадрыда, баях на р. Харама і каля г. Гвадалахара. У крас. 1937 перафарміраваны ў Інтэрнац. брыгаду імя Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,

афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБЦО́ВА Міра Міхайлаўна (н. 21.12.1938, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1973). З 1957 салістка Дзярж. акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка», з 1980 яго маст. кіраўнік. Стварыла шэраг танцаў і кампазіцый, прасякнутых яскравым нац. каларытам, лірызмам.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁЙТАНА ЗАКО́Н,

антытрэстаўскі закон, прыняты кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Т.​В.​Вільсанам 15.10.1914. Назва ад імя аўтара законапраекта Г.​Клейтана. Прадугледжваў абмежаванне дзейнасці трэстаў і стварэнне Федэральнай гандл. камісіі па кантролі над імі. Фармальна вызваляў рабочыя і фермерскія арг-цыі ад праследаванняў, якім яны падвяргаліся паводле антытрэстаўскага закона Шэрмана 1890.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК Пётр Савельевіч (29.6.1896, Вільня — 28.5.1968),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі муз. тэхнікум імя А.​Барадзіна (1925). З 1914 працаваў у кінатэатрах, сімф. аркестрах, оперных т-рах Вільні, Віцебска, Смаленска, Ленінграда і інш. гарадоў. У 1937—62 (з перапынкам) канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.

2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.

3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)