АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЁС (Avena),
род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст.н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).
Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац.перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс.га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.
Літ.:
Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАІ́ (Botaurus),
птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (B. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.
Бугаі: 1 — вялікі; 2 — малы (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЧНІКАВЫЯ (Boraginaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на ЗПаўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).
Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.
Літ.:
Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;
Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл.Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (Анатоль) (сапр.Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт.Засл.д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед.ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял.Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),
часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦКРСДРП(б) і асабіста У.І.Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл.Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав.дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).
польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-танац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял.Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.