самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.
Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.
Да арт.Архазаўры: птушкатазавы дыназаўр ігуанадонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАН (Ікума) (н. 7.4.1924, Токіо),
японскі кампазітар. Скончыў Такійскую школу музыкі (1945; цяпер Такійскі ун-т прыгожых мастацтваў і музыкі). У 1947—50 выкладаў у Такійскай кансерваторыі. У 1953 арганізаваў авангардысцкі гурток «Група трох» (з Я.Акутагава і Т.Маюдзумі). Працуе практычна ва ўсіхмуз. жанрах. Сярод твораў: 4 оперы, найб. папулярная «Юдзуру» («Жураўліныя пёры»; паст. 1952), балет, кантаты, 5 сімфоній (1950—65), concerto grosso, камерна-інстр. творы, хары, вак. цыклы, песні і інш. Аўтар муз.-крытычных прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНЫ ПАРАДО́КС,
несупадзенне вагі вадкасці, налітай у пасудзіну, з сілай ціску на дно гэтай пасудзіны. Выяўлены Б.Паскалем (1654). У пасудзіне, пашыранай зверху, вага вадкасці меншая за сілу ціску; у звужанай зверху — большая; у цыліндрычнай — аднолькавая. Калі адну і тую ж вадкасць наліць да аднаго і таго ж узроўню ў пасудзіны рознай формы, але з аднолькавай плошчай дна, сіла ціску на дно будзе аднолькавая для ўсіх пасудзін і роўная вазе вадкасці ў цыліндрычнай пасудзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,
форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап.цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац.цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ДАВАЕ СПАЛУЧЭ́ННЕ аперацыя замены ўсіх элементарных часціц, што ўдзельнічаюць у якім-н. узаемадзеянні, на адпаведныя ім антычасціцы. Доследным шляхам устаноўлена, што гравітацыйныя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні пры З.с. не мяняюцца. Для кожнага працэсу, які адбываецца з пэўнымі часціцамі, існуе такі ж працэс для іх антычасціц. Наяўнасць сіметрыі адносна З.с. ў гэтых узаемадзеяннях прывяло да ўвядзення зарадавай цотнасці. Пры слабых узаемадзеяннях сіметрыя адносна З.с. адсутнічае, што вынікае з незахавання пры гэтым прасторавай цотнасці. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗЕ́ЛКАў цывільным праве,
дзеянне грамадзян і юрыд. асоб, накіраванае на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З. могуць быць адна-, двух- і шматбаковыя, ажыццяўляцца ў вуснай або пісьмовай форме (простай або натарыяльнай). Аднабаковая З. стварае абавязкі для асобы, якая яе здзяйсняе, і для гэтага дастаткова выяўлення волі аднаго боку. Для двух- і шматбаковых З. неабходна выяўленне волі ўсіх яе ўдзельнікаў. З., здзейсненыя неадпаведна патрабаванням закону, лічацца несапраўднымі з наступленнем адпаведных вынікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, CP-пераўтварэнне,
аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, C) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (CP-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых KL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары CP-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛЯТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ, савакупляльныя органы жывёл. У самцоў служаць для ўвядзення спермы ў цела самкі, у самак — для прыняцця К.о. самца і захоўвання спермы некат. час у жыццядзейным стане. Бываюць толькі ў жывёл з унутраным апладненнем: у многіх чарвей, малюскаў, членістаногіх, некат. рыб, птушак, бязногіх земнаводных і ўсіх паўзуноў (акрамя гатэрый) і млекакормячых. Адрозніваюць сапраўдныя К.о. (утвораны з канечных аддзелаў палавых праток) і не звязаныя анатамічна з палавой сістэмай (іх капулятыўная функцыя пабочная). Марфал. асаблівасці К.о. з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МІЦА АСЕ́ННЯЯ,
сорт грушы Краснакуцкай доследнай станцыі садаводства (Украіна). Выведзены скрыжаваннем сартоў Любіміца Клапа і Дэканка зімовая. На Беларусі перспектыўная для вырошчвання ў аматарскім садаводстве ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай і Магілёўскай.
Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Пладаносіць на 6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць сярэдняя. Плады 90—100 г, жаўтавата-зялёныя, з паласатым румянцам на сонечным баку. Мякаць шчыльная, белая, сакавітая, масляністая, віннасалодкага смаку. Захоўваецца да снежня.