ПЕТРУСЕ́ВІЧ (Казімір Адамавіч) (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.І.Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-таЧырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел.сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.Танка, зняволенага за рэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш. З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл.Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.
Літ.:
Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;
Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,
канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл.Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац.кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл.Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урад СССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.К.Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.С.Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс.чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст.кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац.кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт.дыпламат. адносін у 1932.
Літ.:
Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ (Аляксандр Антонавіч) (13.3.1890, в. Лапеніца Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.10.1957),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1937), праф. (1928). Скончыў Пецярбургскую правасл. духоўную акадэмію (1914) і Маскоўскі ун-т (1917). З 1921 у Мінску, чл. Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР (гл.Мінскае таварыства гісторыі і старажытнасці). Выкладаў у БДУ (1921—23, 1944—47), Пермскім ун-це, пед. ін-тах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. у Дзярж.гіст. музеі Ін-та гісторыі АНСССР. Доктарская дысертацыя па дачыненнях Рас. дзяржавы з Рэччу Паспалітай у час смуты 1600—19. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нац.-дзярж. канцэпцыі. 17.6.1922 разам з патрыятычна настроенымі правасл. святарамі і прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі падпісаў адозву да правасл. беларусаў з заклікам стварэння нац. (аўтакефальнай) правасл. царквы Беларусі. У 1923 абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, арыштаваны і сасланы ў г. Перм. У 1944 вярнуўся ў Мінск. Даследаваў пытанні сац.-эканам. развіцця Рас. дзяржавы ў сярэдневякоўі, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст., гісторыю асветы і грамадска-паліт. думкі ў краінах Усх. Еўропы 16—19 ст. і інш.
Тв.:
Униатские школы для западнорусского юношества до Брестской церковной унии // Тр. БГУ. 1922. № 1;
Западнорусские униатские школы XVII—XVIII вв. // Там жа. № 2—3;
Борьба за Белоруссию и Украину в 1654—1667 гг. // Уч. зап. Моск. гор. пед. ин-та. 1947. Т. 2, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ-ЗАБЛО́ЦКІ (Суліма-Савіч-Заблоцкі) Войслаў
(Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч [15.3.1850 (паводле інш. звестак у 1849),
маёнтак Панчаны Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — пасля 1893], бел. і польскі паэт, празаік, публіцыст. Пісаў на бел., польскай, франц. і рус. мовах. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, ун-тах Прагі, Лейпцыга, Страсбурга. Рана пранікся ідэямі вызв. руху і нац. абуджэння бел. народа. З 1868 у нац.-асветнай суполцы «Крывіцкі вязок» (Пецярбург, яе кіраўнік). Суполку забаранілі, а С.-З. апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве. Апублікаваў сатыр. паэму на польскай мове «Праўдападобная гісторыя» (1871), гіст. творы пра М.Каперніка (1873). З 1875 за мяжою (Аўстра-Венгрыя, Германія, Егіпет, Францыя, Бельгія). Выдаваў газеты на польскай і франц. мовах. Супрацоўнічаў у многіх франц., ням. і польскіх газетах і часопісах. У 1887 вярнуўся на радзіму. Працаваў у рэдакцыі газ. «Виленский вестник» (1888—89). У 1889—91 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага пав. З 1891 у Мінску, пасля ў Пецярбургу. Перапісваўся з Я.Карловічам, М.Канапніцкай, А.Ельскім, М.Драгаманавым, П.Лаўровым і інш. Польскамоўная паэма «Аповесць пра мае часы» (1876) пра Беларусь пярэдадня 1863. Аўтар аповесці «Полацкая шляхта» (1885). Рукапісы і дакументы С.-З. ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Масквы, С.-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава і інш.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,
«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст.бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ. руху (адносна беларусаў гл. ў арт.Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),
сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.
На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),
Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.Добраўскі, І.Юнгман (1773—1847), Я.Колар, Ф.Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.Палацкі, П.І.Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш.слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.Раіча і В.Караджыча, у Славеніі — В.Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.Патоцкі, С.Б.Ліндэ, В.Суравецкі (1769—1827), З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, І.Лялевель, В.А.Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.В.Ламаносава, В.М.Тацішчава, М.М.Карамзіна, А.Х.Вастокава, Ю.І.Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш.Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.Г.Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.П.Пагодзіна, В.М.Бадзянскага, І.А.Сразнеўскага, В.І.Грыгаровіча, Ф.А.Буслаева, А.А.Патабні, М.Н.Спяранскага, А.А.Шахматава, А.А.Сабалеўскага, М.К.Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.Дз.Грэкаў, М.П.Грацыянскі, М.С.Грушэўскі, М.С.Дзяржавін, М.М.Ціхаміраў, Б.А.Рыбакоў, П.М.Л.Траццякоў, Ю.У.Брамлей, У.Д.Каралюк, В.В.Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас.АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.Неедлы (Чэхаславакія), У.Геаргіеў (Балгарыя), І.Лер-Сплавінскі, Г.Лаўмянскі, І.Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.Шцёкль, М.Фларынскі, Г.У.Вярнадскі, Р.Якабсон, Э.Фром і інш.
На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац.гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.І.Грыгаровіча, М.В.Каяловіча, І.І.Насовіча, П.М.Жуковіча, А.П.Салунова, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, П.А.Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац.бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.А.Пічэта, У.М.Перцаў, А.П.П’янкоў, І.В.Воўк-Левановіч, А.М.Ляўданскі і інш.
У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.Я.Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.М.Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.Ю.Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.В.Івашынай і Б.А.Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.Б.Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.В.Лявонавай (1988), «Польская мова» А.К.Кіклевіча, А.А.Кожынавай і І.У.Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.Б.Жураўля, А.В.Зінкевіча, А.М.Калюты, А.М.Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.В.Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.А.Чароты і М.В.Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.У.Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.А.Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.П.Антропаў, Г.Ф.Вештарт, Л.Ц.Выгонная, В.Л.Вярэніч, Р.У.Краўчук, І.І.Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.Я.Міхневіч, А.С.Сакалоўская, Цыхун, В.М.Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.А.Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.П.Кабашнікава, творы Л.М.Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.Г.Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.П.Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.В.Аржахоўскі, Н.А.Гусакова, Э.М.Загарульскі, Р.Р.Лазько, Л.В.Лойка, Д.Б.Мельцэр, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, Л.П.Сушкевіч, Н.А.Царук, В.М.Чарапіца, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел.нац.к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар.навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».
Літ.:
Советское славяноведение. М., 1963;
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée),
Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée), дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.