сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,
алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял.група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Орша і Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала больш за 800 падпольшчыкаў. Мела каля 80 груп, у т. л. на чыг. вузле (К.У.Грачыха, М.П.Кузьмін, Е.М.Шамшурава), ільнокамбінаце (І.К.Петрачэнка), у друкарні (А.П.Нікалаеў), лагеры ваеннапалонных (В.А.Марчак), вёсках Вял. Сяло, Высокае, Дзевіна, Шыбекі, пас. Юрцава і інш. З ліст. 1941 на чыг. вузле пачала дзейнічаць група К.С.Заслонава. Патрыёты груп Дз.М.Бохана, братоў А., Б., І. і К.І.Бяляўскіх, Ф.Я.Коўтуна, З.М.Шэвень узрывалі эшалоны ворага з жывой сілай, тэхнікай, боепрыпасамі і гаручым; на ст. Самалюбаўка на 7 дзён спынілі рух паяздоў. Падпольшчыкі вялі растлумачальную работу сярод варожых фарміраванняў; у час падрыхтоўкі Бел. аперацыі 1944 перадалі сав. камандаванню больш за 200 картаў, схем і інш. звестак аб умацаваннях праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук. школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫАЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, якія маюць групоўку з 2 атамаў азоту (N2 — дыазагрупа), звязаную з адной арган. астачай. Вынайдзены ням. хімікам І.П.Грысам у 1857. Паводле хім. уласцівасцей адрозніваюць Д. аліфатычныя і араматычныя.
Аліфатычныя Д. — дыазаалканы (агульная ф-ла RR′CN2; дае R, R′ — алкіл ці вадарод) раскладаюцца пры награванні, дзеянні каталізатараў, кіслот; рэагуюць з вадой, галагенамі, галагенавадародамі з вылучэннем азоту. Найпрасцейшы прадстаўнік — дыазаметан. Выкарыстоўваюць як алкіліруючыя рэагенты (гл.Алкіліраванне). Атрутныя. Араматычныя Д. маюць агульную ф-лу ArN2X, дзе Ar — арыл, X — гідраксільная група ці кіслотная астача. Найб. важныя — солі дыазонію (напр., бензолдыазонійхларыд
), бясколерныя цвёрдыя рэчывы, раскладаюцца пры награванні і мех. уздзеянні. Д. ўступаюць у рэакцыі з захаваннем дыазагрупы (напр., азаспалучэнне) і з вылучэннем азоту (абменьваюць дыазагрупу на інш.). Атрымліваюць узаемадзеяннем першасных араматычных амінаў пры т-ры 0—20 °C з азоцістай к-той (дыазатаванне). Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, лек. сродкаў, як святлоадчувальныя матэрыялы для вырабу фотарэзістараў і ў дыазатыпіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПАКАЁВЫЯ САБА́КІ,
пакаёвыя сабакі, група выведзеных парод свойскіх сабак з арыгінальнымі вонкавымі формамі і канстытуцыяй, якіх гадуюць з эстэтычнымі і пазнавальнымі мэтамі. Як дэкар. трымаюць некат. службовых сабак і паляўнічых сабак, якія страцілі сваё першапачатковае прызначэнне. Асабліва папулярныя карлікавыя тэр’еры і пінчэры, балонкі, пудзелі, шпіцы, японскі хін і інш. На Беларусі з Д.-п.с.найб. гадуюць балонак, сенбернара, пекінскага сабаку, французскага бульдога, чау-чау, японскага хіна, некат. шпіцаў, пудзеляў, тэр’ераў, пінчэраў.
Шпіцы (вялікі, карлікавы, вольфшпіц) выш. ў карку 27—50 см; поўсць пушыстая, густая, белая, чорная, шэрая, рыжая. Тэр’еры (скотч- і скайтэр’ер) выш. ў карку 18—26 см; поўсць кароткая або доўгая чорная і карычневая з падпалінамі, шэрая, рыжая і інш.; хвост купіруецца. Пінчэры (сярэдні і карлікавы) выш. ў карку 25—48 см; поўсць кароткая чорная з падпалінамі; купіруюцца хвост і вушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),
група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл.Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.