сродак аховы людзей, ваен. тэхнікі, узбраення і абаронных збудаванняў ад снарадаў, куляў і інш.; трывалая абалонка або яе частка. Б. вырабляецца на аснове сталі, арган. і сілікатнага шкла, высокатрывалых лёгкіх сплаваў, пластмасаў і інш.Прамысл. выраб брані пачаты ў 19 — пач. 20 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі.
Бывае процікульная (таўшч. да 30 мм на лёгкіх баявых машынах, самалётах, верталётах і інш. для аховы ад куляў і дробных асколкаў), проціснарадная (30—400 мм на танках, караблях і абаронных збудаваннях для аховы ад снарадаў, уздзеяння ўдарнай хвалі). Паводле спосабу вытв-сці бывае літая, качаная, качана-каваная; гамагенная (аднародная па ўсёй таўшчыні) і гетэрагенная (неаднародная); маналітная (выраблена з аднаго ліста або адной адліўкі), камбінаваная (мнагаслойная; складаецца з асобных слаёў сталі, лёгкіх сплаваў, шкла, керамікі і інш.) і канструкцыйная (выраб асобных вузлоў і браніраваных канструкцый высокай трываласці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЮ́К (Павел Паўлавіч) (10.12.1892, Гродна — ?),
паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). З 1909 нам. старшыні Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1915 адзін з заснавальнікаў Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні. У 1917 уваходзіў у БСГ, потым у Бел.нар. партыю сацыялістаў; нам. старшыні Бел.нац.к-та ў Мінску. З кастр. 1917 чл. выканкомаў Вял.бел. рады і Цэнтр.бел. вайсковай рады. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР, у 1918 у складзе Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919 чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1919—20 узначальваў Бел. вайсковую камісію. З восені 1920 старшыня Бел.паліт.к-та ў Варшаве. Падтрымаў ваен. акцыю С.Н.Булак-Балаховіча на Беларусі. У 1921 стварыў паланафільскую арг-цыю «Беларуская краёвая сувязь». У 1920-я г. працаваў адвакатам у Навагрудку. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРЫ́ШЧАНСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Азярышчанскае староства,
дзярж. ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала прыкладна зах. палавіну сучаснага Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. ўздоўж р. Обаль (да ўпадзення ў яе р. Усыса). Першапачаткова Азярышчанская воласць у Віцебскім пав., кіравалася намеснікамі з віцебскага баярства. У 2-й пал. 15 ст. перападпарадкавана непасрэдна вял. князю. З сярэдзіны 16 ст. частка Азярышчанскай воласці на правым беразе р. Обаль у Полацкім ваяв. З гэтага часу Азярышчанская воласць у гіст. крыніцах наз. староствам. З 1582 ва ўмоўным уладанні кн. Друцкіх-Саколінскіх. Пры іх зах. частка Азярышчанскай воласці адасобілася ў самаст. Казьянскае староства, усх.ч. захавала назву Азярышчанскае (Езярышчанскае) староства. У 1772 Азярышчанская воласць адышла да Рас. імперыі і стала асн.ч. Гарадоцкага пав. У 19 ст. падаравана віцебскаму ваен. губернатару А.Вюртэмбергскаму і стала прыватным маёнткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́П,
адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш.Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.
Акоп на аддзяленне: 1 — ячэйкі для стралка; 2 — ніша; 3 — пляцоўкі для кулямёта; 4 — прыбіральня; 5 — бліндаж (шчыліна); 6 — ход зносін; 7 — ячэйкі для стралка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГА,
1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля I-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
Да арт.Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.Пахалавіцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕ́РСІЯ (ад лац. diversio адхіленне, адцягванне ўвагі),
1) падрыўныя дзеянні (падпалы, разбурэнні і да т.п.), зробленыя спецыяльна падрыхтаванымі агентамі або групамі ў мірны і ваенны час на тэрыторыі якой-н. дзяржавы або тэрыторыі, захопленай праціўнікам, з мэтай аслаблення яго эканам. і ваен. магутнасці, маральнага стану.
2) У КК Рэспублікі Беларусь Д. — дзярж. злачынства, якое выяўляецца ва ўчыненні выбухаў, падпалаў, інш. дзеянняў, што маглі выклікаць гібель людзей ці інш. шкоду іх жыццю і здароўю, разбурэнне або пашкоджанне аб’ектаў нар. гаспадаркі з мэтай нанясення ўрону эканам. бяспецы і абараназдольнасці дзяржавы. Караецца пазбаўленнем волі ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а калі Д. прывяла да гібелі людзей або інш. асабліва цяжкіх вынікаў ці ўчынена арганізаванай групай — пазбаўленнем волі ад 15 да 25 гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, ці пакараннем смерцю з канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́КІН (Антон Іванавіч) (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),
расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова са студз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаванне ген. П.М.Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.
Тв.:
Путь русского офицера. М., 1990;
Очерки русской смуты. М., 1991.
Літ.:
Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];
Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.-тэхн. і інш. мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХА́У (Dachau),
канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс.чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац.падп.арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.