галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); у навук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар.арх. ансамбляў.
Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Стараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл.св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). У Стараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. У пач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.
На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вял.Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт.Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел.дзярж.політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-вабуд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.
Літ.:
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Рагон М. Города будущего: Пер. с фр.М., 1969;
Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;
Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;
Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;
Новые города Белоруссии. Мн., 1966;
Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;
Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.
І.А.Іода, В.І.Анікін, Ю.І.Шпіт.
Да арт.Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.Да арт.Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.Да арт.Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).Да арт.Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.Да арт.Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.Да арт.Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.Добраўскі, І.Юнгман (1773—1847), Я.Колар, Ф.Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.Палацкі, П.І.Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш.слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.Раіча і В.Караджыча, у Славеніі — В.Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.Патоцкі, С.Б.Ліндэ, В.Суравецкі (1769—1827), З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, І.Лялевель, В.А.Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.В.Ламаносава, В.М.Тацішчава, М.М.Карамзіна, А.Х.Вастокава, Ю.І.Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш.Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.Г.Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.П.Пагодзіна, В.М.Бадзянскага, І.А.Сразнеўскага, В.І.Грыгаровіча, Ф.А.Буслаева, А.А.Патабні, М.Н.Спяранскага, А.А.Шахматава, А.А.Сабалеўскага, М.К.Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.Дз.Грэкаў, М.П.Грацыянскі, М.С.Грушэўскі, М.С.Дзяржавін, М.М.Ціхаміраў, Б.А.Рыбакоў, П.М.Л.Траццякоў, Ю.У.Брамлей, У.Д.Каралюк, В.В.Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас.АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.Неедлы (Чэхаславакія), У.Геаргіеў (Балгарыя), І.Лер-Сплавінскі, Г.Лаўмянскі, І.Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.Шцёкль, М.Фларынскі, Г.У.Вярнадскі, Р.Якабсон, Э.Фром і інш.
На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац.гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.І.Грыгаровіча, М.В.Каяловіча, І.І.Насовіча, П.М.Жуковіча, А.П.Салунова, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, П.А.Бяссонава і інш. заклалі асновыбел. С. Станаўленне нац.бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.А.Пічэта, У.М.Перцаў, А.П.П’янкоў, І.В.Воўк-Левановіч, А.М.Ляўданскі і інш.
У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.Я.Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.М.Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.Ю.Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.В.Івашынай і Б.А.Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.Б.Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.В.Лявонавай (1988), «Польская мова» А.К.Кіклевіча, А.А.Кожынавай і І.У.Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.Б.Жураўля, А.В.Зінкевіча, А.М.Калюты, А.М.Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.В.Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.А.Чароты і М.В.Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.У.Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.А.Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.П.Антропаў, Г.Ф.Вештарт, Л.Ц.Выгонная, В.Л.Вярэніч, Р.У.Краўчук, І.І.Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.Я.Міхневіч, А.С.Сакалоўская, Цыхун, В.М.Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.А.Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.П.Кабашнікава, творы Л.М.Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.Г.Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.П.Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.В.Аржахоўскі, Н.А.Гусакова, Э.М.Загарульскі, Р.Р.Лазько, Л.В.Лойка, Д.Б.Мельцэр, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, Л.П.Сушкевіч, Н.А.Царук, В.М.Чарапіца, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел.нац.к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар.навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».
Літ.:
Советское славяноведение. М., 1963;
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.
Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел.гом.казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус.дыял.казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел.казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяру́н ’удар маланкі з громам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат.; Бяльк., Сцяшк.; ашм., Станк.; вільн., паст., брасл., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), ’бог грому і маланкі’ (ТСБМ, Ласт.), перу́н ’гром з маланкай’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’нячысцік’ (ТС), пе́рун ’гром з маланкай’ (чэрв., пух., ст.-дар., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк.), сюды ж пяру́нбо́жжая стрэ́лка ’белемніт, чортаў палец’ (барыс., Ляц.), сперуне́ць ’спрахнуць, згінуць’ (слонім., Жыв. НС). Укр.Перу́н ’бог грому, маланкі і дажджу’, пе́ру́н, пе́рім, пе́рум ’гром’, рус.Перу́н, перу́н ’бог грому; гром; маланка’, польск.Piorun, piorun ’тс’, каш.ṕören, ṕorun, paro̊n ’злы дух; пярун (лаянка)’, чэш.Perun, perun ’міфічная істота; гром’, славац.Perun, pierun, perún, paron ’тс’ (лаянка)’, палаб.Peräunedån ’чацвер’ (калькуе ням.Donnerstag). У паўднёваславянскіх мовах толькі ў вытворных і тапонімах: славен.perunovi kamni ’чортаў палец, белемніт’, харв.perùnika ’касач, Iris’, славен.perúnika ’тс’ (магчыма, запазычана з харвацкай; звязана з Perun ’бог грома і маланкі’, бо мае доўгія і вострыя лісты, што напамінаюць стрэлы, Сной₂, 508), балг.перуни́ка ’расліны ятрышнік, Orchis; касач, Iris’, макед.перунига ’касач, Iris’ (паводле БЕР, 5, 182, звязаны з імем бога грому, што дае падставы для рэканструкцыі прасл.дыял.*perunika); горы Pèrun у Харватыі (Глухак, 475), назвы вяршыняў гор у Македоніі і Балгарыі Перун, Перен, Пирин (Вражиновски, Народна митологија на Македонците, 1. Скопје–Прилеп, 1998, 22–23). Прасл.*Perunъ (тэонім) і *perunъ ’той, хто б’е, паражае’, апошняе матывуецца дзеясловам *perti, *pьrati (гл. перыць, праць) і выступае ў якасці канкрэтнага, рэчыўнага (з элементамі адушаўлёнасці, параўн. суфікс пошта agentis ‑unъ) абазначэння грому з маланкай (Трубачоў, Этногенез₂, 197), што, аднак, не выключае ўспрыняцця яго ў якасці бога, параўн. прыведзеную вышэй назву белемніта. Пра гэта сведчыць таксама табуізацыя назвы, параўн. каш.paro̊n, taro̊n, ṕornëk (SEK, 4, 168 і інш.). Бліжэйшымі роднаснымі лічацца літ.Perkū́nas, лат.Pḗrkūns, літ.perkū́nija ’навальніца з громам і бліскавіцамі’, прус.percunis ’пярун’, што дае падставы Іванову і Гамкрэлідзе (Индоевр., 615) дапусціць варыянтнасць асновыі.-е.*p(h)eru і *p(h)erk(h)u; акрамя названых параўн. яшчэ алб.Perëndi ’бог неба, якога просяць пра дождж’ і “яцвяжскае” Pjarkus ’пярун’ (гл. Зінкявічус, Балто-слав. исслед., 1983), ст.-інд.Parjánya‑ ’бог дажджу; дажджавое воблака’. Гл. Фасмер, 3, 246–247, з літ-рай (адмаўляе роднаснасць славянскіх і балтыйскіх форм); Бязлай, 3, 27; БЕР, 5, 182; Глухак, 475–476; Махэк₂, 445. Пра сувязі назваў бога грому з назвамі дуба (“перунова дрэва”) і скалы (“месцазнаходжанне бога грому”) гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 76, 123; Мартынаў, Этимология–1997–1999, 103; Марчэўска, Etnolingwistyka 9–10, 122; Шустар-Шэўц, SlW, 34; Іванаў, Зб. Бернштайну, 1991, 27. Да семантыкі тэонімаў у сувязі з назвамі бога грому параўн. Алінеі, Зб. Івічу, 87. Банькоўскі (2, 584) непераканаўча разглядае беларускія, украінскія і славацкія назвы як запазычанні з польскай, а літ.perkū́nas ’пярун’ лічыць роднасным прасл.*perkъ (гл. перак) з першасным значэннем ’той, хто валіць дрэвы папярок дарогі’ (там жа, 848).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́чка1 ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, ПСл; бяроз., Ск. нар. мовы; лельч., Жыв. НС), ’крот’ (ТС), ты́чка ’тс’ (іван., ЖНС), ту́чка ’мядзведка’ (ТС), ты͡эчка ’тс’ (лун., Арх. Вяр.), tòčka, tu͡ečka ’крот’ (Тарн.), ’сараканожка, Myriapoda’ (Мат. Гом.). Параўн. укр.дыял.ту͡очка ’мядзведка’, то́чка ’палёўка’, каш.točk ’крот’, ’мыш Cletrionomys glareolus’, палаб.tücai̯kă ’крот’, славац.дыял.točka ’тс’. Да тачы́ць ’грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі, пашкоджваць што-небудзь’ (гл.) < прасл.*točiti, адным са старажытных значэнняў якога акрамя ’прымушаць цячы, бегчы’ (< *tekti ’цячы, бегчы’) было ’круціць, пракручваць’. Паводле Папоўскай–Таборскай (Бел.-польск. ізал., 106), гэта перыферыйны праславянскі (палабска-кашубска-палескі) архаізм або, магчыма, арэальная праславянская інавацыя (Szkice, 2, 35), падтрыманая наяўнасцю ідэнтычна матываваных ням.Wühler, Wühlwurm, Erdwühler ’крот’. Борысь (SEK, 5, 154) мяркуе пра незалежнае развіццё назвы на славянскіх тэрыторыях. Цікавасць уяўляе выпадак этымалагічнай магіі: “як пачынаюць закормліваць на ўбой вепрука ці свінню, то даюць ім зьесці точку, каб яны хутко сыцелі” (Сержп. Прымхі, 151); тут назва набліжана да тук, тучыць, гл.
То́чка2 ’кропка’ (Бяльк.), ’колік, які служыць межавым знакам’ (Некр.), ’метка ў канцы адмеранага ўчастка’ (люб., Бел. дыял., 2); у выразах: точка ў точку ’вельмі падобны’ (ТС), ni papaŭ ŭ tòczku ’не змог нешта зрабіць, сказаць; няўдала ажаніўся’, tòczka ŭ tòczku ’пра штосьці добра падабранае, напр., коней (калі адзін аднаго даганяе, але застаюцца на аднолькавай адлегласці, то так гавораць)’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. укр.то́чка ’пункт, кропка’, рус.то́чка, чэш.teczka, славен.tóčka, серб.-харв.та̏чка, балг.то́чка, макед.точка ’тс’. Прасл.*tъčьka < *tъčь (< *tъknǫti/*tykati) ’месца, куды ткнулі’, параўн. ты́чка ’знак забароны’ (Жд. 2). Паводле семантыкі аналагічна лац.punctum ’кропка’ < pungere ’калоць’ (Фасмер, 4, 90; Махэк₂, 638; Чарных, 2, 254; ЕСУМ, 5, бі 1). Гл. таксама точ, тоц.
То́чка3 ’магазін’ (Сцяшк. Сл.), ’радыёкропка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.), з рус.то́чка ’тс’, скарочана з афіцыйна-канцылярскіх назваў: торго́вая то́чка, радиото́чка ’тс’.
То́чка4 ’гайня, зграя сабак, ваўкоў у час цечкі’ (слонім., Шн. 3; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.; зэльв., слонім., ЛА, 1; Сцяц.). Параўн. укр.дыял.ті́чка, те́чка ’гайня ваўкоў; касяк рыб’. Да тачы́цца (< тачы́ць < *točiti) ’круціцца’, што ўрэшце да *tekti, *tokъ (гл. цякаць, цячы, ток2) (ЕСУМ, 5, 578; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 20). Гл. це́чка.
То́чка5 ’кружок, які дзеці выкарыстоўваюць пры катанні’ (ваўк., Арх. Федар., Вруб.). Да тачыць (гл.); параўн. асабліва польск.taczać ’гнаць наперад нешта круглае, куляць’, toczyć ’каціць’, toczek ’кружок, колца’.
То́чка6 ’вяха, якая забараняе карыстацца дарогай’ (Шат), ’забіты ў дно ракі кол для прывязі рыбацкага чаўна’ (мазыр., Яшк.), ’тычка на фасоль’ (Мат. Гом.). Да у‑ткну́ць, ты́каць, ад асновы якіх утварылася (з суф. *‑jь) *točь ’месца, куды ўваткнулі што-небудзь’, пазней — ’тое, што ўтыкалі’. Відаць, сюды ж: то́чка ’ўчастак зямлі (для пасадкі, поліва ці ўборкі буракоў), выдзелены для апрацоўкі яго адным работнікам у калгасе’ (лельч., ЛА, 2); гэты ўчастак мог быць абазначаны ўваткнутымі вешкамі. Гл. таксама тычка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус.фалькл.тул ‘тулава [?]’, смал., валаг.ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновытулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян.túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв.zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).
Тул2, ст.-бел.тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус.тулъ (тоулъ), ст.-рус.тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус.маск.тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск.tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск.tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш.toul, toulec, ст.-чэш.túl ‘калчан’, славац.tulec, славен.tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв.tul̑, харв.tuljac, серб.ту̑л, ту́лац, балг.тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед.тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав.тоулъ ‘тс’. Прасл.*tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е.*tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд.tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч.σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус.вту́лка ‘трубка, затычка’, балг.дыял. ‘туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед.охрыд.тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн. руб; у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт.асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),
тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д.Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.
Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс.м.Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл.Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.
У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс.км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.
Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс.км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар.арг-цыяграмадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.
На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт.Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж.авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш.Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.
Літ.:
Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.
Да арт.Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».Да арт.Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.Да арт.Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;