ПРАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + facio раблю),
прарастанне якога-н. органа расліны з другога органа, які скончыў свой рост і развіццё (напр., прарастанне вегетатыўнага парастка з лісцем з кветкі, або новай кветкі з існуючай). Адбываецца ў пэўных умовах з прычыны падоўжання восі кветаложа або плода за кошт росту і дыферэнцыяцыі нявыкарыстанай ч. верхавінкавай мерыстэмы (напр., пры прышчэпліванні чаранка з кветкавымі пупышкамі яблыні ці чарэшні на моцны прышчэп). П. характэрная для ананаса, ружы, суніц; адзначана таксама ў жан. шышак сагоўнікаў, шышак хвойных. У агульнабіял. сэнсе — тое, што праліферацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г.расліны, якія высяваюцца і даюць ураджай у прамежак часу, свабодны ад вырошчвання асн. культуры. Павялічваюць прадукцыйнасць угоддзяў у некалькі разоў, дазваляюць найб. поўна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы, абараняць глебу ад эрозіі. Уводзяць П.к. ў раёнах дастатковага ўвільгатнення.
Тыпы П.к.: пажніўныя — высяваюць пасля ўборкі асн. культуры (па ржышчы); паўкосныя — высяваюць пасля скошвання кармавых культур; падсяўныя — падсяваюць пад асн. культуру, зімуючыя — нарошчваюць зялёную масу ўвосень і ранняй вясной; раннія яравыя — высяваюць ранняй вясной да сяўбы асн. культуры (напр., радыска, салата, шпінат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́К, таракан рыжы (Blattella germanica),
насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),
род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя раслінывыш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.