КРАКАДЗІ́ЛЫ (Crocodylia),

атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.

Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.

Тв.:

Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПІДЗЕ́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.3.1908, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія — 29.4.1983),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.маёр авіяцыі (1946). Скончыў Севастопальскую школу марскіх лётчыкаў (1928), Ваенна-паветр. акадэмію імя М.​Жукоўскага (1939). У Чырв. Арміі ў 1926—33 і з 1935. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), яму ўручана «Залатая Зорка» нумар адзін. З 1935 працаваў у НДІ ВПС, у 1939—42 нам. нач. гал. інспекцыі і дырэктар авіяц. з-да. У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 на Карэльскім фронце, нам. камандуючага ВПС 19-й арміі і нач. палявога рамонту 7-й паветр. арміі. Пасля вайны да 1961 нам. міністра авіяц. прам-сці, на інш. пасадах. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937-46. У 1935—37 чл. ЦВК СССР.

А.В.Ляпідзеўскі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],

1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат

[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],

старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.

Тв.:

Рус. пер. — О знаменитых иноземных полководцах;

Из книги о римских историках. М., 1992.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́САК ((Nossack) Ганс Эрых) (30.1.1901, г. Гамбург, Германія — 2.11.1977),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Іенскі ун-т. Друкаваўся з 1945. Зазнаў уплыў Ф.​Дастаеўскага, філасофіі экзістэнцыялізму, эстэтыкі экспрэсіянізму і сюррэалізму. Антыфаш. тэматыка, праблемы асобы і грамадства, раз’яднанасці людзей, прызначэння мастака, «твару» і «маскі» ў раманах «Не пазней лістапада» (1955), «Спіраль» (1956), «Справа д’Артэза» (1968), «Украдзеная мелодыя» (1972), «Шчаслівы чалавек» (1975) і інш. Аўтар зб. аповесцей і апавяд. «Інтэрв’ю са смерцю» (1948), артыкулаў і эсэ, п’ес, рэпартажаў. Яго творы адметныя вастрынёй сюжэтаў, аналітычнасцю кампазіцыі, парабалічнасцю, спалучэннем канкрэтыкі з умоўнасцю, багаццем сатыр. палітры.

Тв.:

Рус. пер. — Спираль;

Дело д’Артеза;

Рассказы и повесть. М., 1983.

Літ.:

Затонский Д. В наше время. М., 1979;

Топер П. Д’Артез наших дней: современность в романе Г.Э. Носсака // Топер П. Овладение реальностью. М., 1980.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІН (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (6.9.1906, г. Смаленск, Расія — 22.12.1982),

рускі пісьменнік, перакладчык. Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Спаборніцтва» (1933). Аўтар аповесці ў вершах «Чорныя гады» (1938), паэмы «Каця-Кацярына» (1941) і інш. Смаленшчыне прысвечаны паэт. зб-кі «У той год суровы» (1943), «У мяне на Радзіме» (1946). Апавяданні і аповесці 1950—60-х г. пра цаліну, людзей смаленскіх калгасаў, заводскае жыццё. На рус. мову пераклаў кнігі вершаў П.​Броўкі «Вершы» (1947) і «Дарога жыцця» (1950), раманы А.​Стаховіча «Пад мірным небам» (1949, з Я.​Мазальковым), У.​Карпава «Вясеннія ліўні» (1963), П.​Пестрака «Серадзібор» (1964). На бел. мову яго верш «Масква, Крэмль» пераклаў К.​Кірэенка.

Тв.:

Баллада о красной звезде // Вянок дружбы. Мн., 1961;

Самая счастливая: Рассказы и повести. Мн., 1966;

Бел. пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́НАВАЯ НОЧ,

у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЗМ,

сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай няроўнасці чалавечых рас і ўплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства, аб спрадвечным падзеле людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы. Сцвярджае, што вышэйшыя расы з’яўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і закліканымі да панавання, а ніжэйшыя не здольны да стварэння і нават да засваення высокай культуры і асуджаны на эксплуатацыю. Першая расісцкая канцэпцыя распрацавана французам Ж.​А.​Габіно, які абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай» («Эсэ аб няроўнасці чалавечых рас», 1884). У далейшым Р. пераплёўся з сац. дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.​Хайкрафт і Б.​Кід у Вялікабрытаніі, Ж.​Лапуж у Францыі, Л.​Вольтман, Х.​Чэмберлен, О.​Аман у Германіі). Стаў афіц. ідэалогіяй фашызму выкарыстоўваецца для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду. Р. асуджаны Міжнар. супольнасцю. Гл. таксама Нардызм.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клан

(англ. clan, ад кельц. clann)

1) радавая абшчына, род (першапачаткова ў кельцкіх народаў);

2) перан. замкнутая група людзей, звязаных якімі-н. агульнымі інтарэсамі (эканамічнымі, дзелавымі і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)