НЭШ ((Nash) Джон) (1752, Лондан — 13.5.1835),
англійскі архітэктар. Працаваў у Лондане, у 1783—96 — ва Уэльсе, у 1796—1806 — у Ірландыі і Шатландыі. З 1811 асабісты архітэктар рэгента (пазней Георг IV), з 1813 гал. наглядчык будынкаў. Будаваў загарадныя і сядзібныя дамы ў духу рамантызму, у лонданскіх ансамблях прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Сярод твораў: забудова раёнаў Парк-Крэсент (1812—22), Оксфард-сёркус, Рыджэнт-стрыт (абодва 1812—30), Рыджэнтс-парк (1821—30), Бакінгемскі палац (1825—30) у Лондане; палац рэгента «Павільён» у Брайтане (1815—21, псеўдаінд. стыль) і інш.
т. 11, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЛЕНД (Auckland),
горад у Новай Зеландыі, на Паўн. в-ве. Знаходзіцца на перашыйку, які злучае п-аў Окленд з асн. часткай Паўн. в-ва. Засн. ў 1840. 910,2 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1998). Буйнейшы марскі порт у зал. Хаўракі Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Асн. прамысл. цэнтр краіны (каля 1/3 прамысл. прадукцыі краіны). Прам-сць: маш,буд., у т. л. трансп., с.-г., эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая, гал. чынам малочная і мясная. Ун-т (з 1882). Галерэя мастацтваў. Музей маарыйскага мастацтва.
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ (Віктар Ціханавіч) (н. 9.8.1944, г. Растоў-на-Доне, Расія),
адзін са стваральнікаў сістэмы нац. ваен. адукацыі на Беларусі. Ген.-маёр (1989). Дац. (1995). Скончыў Ваенна-камандную акадэмію ППА імя Г.К.Жукава (1978). З 1982 камандзір дывізіі, корпуса ППА. У 1991—94 нач. Мінскага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча ППА, з 1995 нам. нач. Ваен. акадэміі Беларусі. У 1997—99 нам. гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар артыкулаў па праблемах рэфармавання Ўзбр. Сіл Беларусі і дапаможнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў ППА.
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 11, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),
гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т. л. вершаваных і эпісталярных.
т. 11, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХО́МЕНКА (Уладзімір Паўлавіч) (н. 3.11.1940, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. педагог. Д-р пед. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1963). З 1988 нам. міністра адукацыі Беларусі, з 1900 дырэктар БедНДІ адукацыі, Нац. ін-та адукацыі; адначасова з 1992 гал. рэд. час. «Адукацыя і выхаванне». З 1996 нам. старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. Навук. працы па праблемах выхавання творчай асобы, развіцця навук.-тэхн. творчасці.
Тв.:
Основы рационализаторской и изобретательской работы. Мн., 1984;
Творческая личность как цель воспитания. Мн., 1994.
М.П.Савік.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ШНАЯ РАЦЬ,
частка войска (апалчэнне з сялян), якое збіралася ў рас. дзяржаве ў 15—17 ст. Назва ад адзінкі пазямельнага абкладання падаткам — сахі. П.р. была пешай і «коневай» (з падводамі). Пешая выконвала ролю пяхоты, але гал. чынам прызначалася для ваен.-інж. работ, «коневая» — для вайск. перавозак і ў якасці артыл. абозу. П.р. збіралася паводле ўказа цара. У час Полацкага паходу Івана Грознага (1563) пры баявым складзе войска ў 43 тыс. чал. П.р. налічвала больш за 80 тыс. чал. У 17 ст. пасошныя людзі сталі называцца датачнымі людзьмі.
т. 12, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЦІ́НІ ((Pertini) Алесандра) (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»), 3 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.
т. 12, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС ((Peare) Пітэр) (22.6.1910, г. Фарнем, Вялікабрытанія — 1986),
англ. спявак (лірыка-драм. тэнар). Скончыў Каралеўскі муз. каледж у Лондане (1934). Творчую дзейнасць пачаў у 1933 у Лондане. Саліст т-раў «Сэдлерс-Уэлс» (1943—46) і «Ковент-Гардэн» (1948). Сумесна з Э.Б.Брытэнам заснаваў Англ. оперную трупу (1947). Першы выканаўца гал. партый у операх Брытэна, з якім гастраліраваў як камерны спявак: Пітэр Граймс (1945), Альберт Херынг (1945), Білі Бад (1951; усе аднайм. творы), а таксама твораў інш. сучасных англ. кампазітараў. Адзін з арганізатараў фестывалю сучаснай англ. музыкі ў Олдбара (з 1948).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАРО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1893, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1918),
удзельнік Кастр. паўстання ў Петраградзе 1917. З 1914 вучыўся ў Петраградскім ун-це, вёў нелегальную прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. У сак. 1915 арыштаваны. Пасля Лют. рэв. 1917 старшыня выканкома Савета салдацкіх дэпутатаў Гжацкага гарнізона. З сак. 1917 у Петраградзе, у час падрыхтоўкі Кастр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. З кастр. 1917 гал. камісар Смольнага, камендант Таўрычаскага палаца. У сак. 1918 камандзір атрадаў Чырв. гвардыі. Загінуў у час прарыву акружэння на станцыі Рауту (Саснова Ленінградскай вобл.).
т. 13, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.
т. 13, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)