міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІВАНО́ВІЧ Нікадзім Юр’евіч (25.12.1834, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1919),
бел. жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1876). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1859—66), скончыў клас мазаікі (1870) і выкладаў у акадэміі. У 1863 атрымаў званне вольнага мастака і вярнуўся на Беларусь. У 1864 запрошаны Лідскім павятовым праўленнем для афармлення правасл. храмаў. У гэты перыяд пісаў абразы (у т. л. Аляксандра Неўскага, 1864) і партрэты царк. дзеячаў. У 1866 за новыя работы яму прысвоена званне класнага мастака III ступені. У летнія месяцы наведваў радзіму, напісаў карціны «Галава дзяўчынкі», «Партрэт бацькі», «Партрэт яўрэя», «Пастух са Свянцяншчыны», адметныя вастрынёй псіхал. і сац. характарыстык. У 1874 атрымаў званне класнага мастака I ступені. У 1876 разам з І.Лавярэцкім стварыў мазаічную кампазіцыю «Тайная вячэра» для гал. іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. У творчасці С. раскрыўся пераход ад класіцызму да рэалізму. Сярод інш. твораў: «Дзеці ў двары», «У школу», «Мужчынскі партрэт», «Партрэт Русцекайтэ», «Павятовы стараста», «Салдат і хлопчык».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАКУ́Н Міхаіл Восіпавіч (1893, в. Нідзяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 27.4.1943),
бел.парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў курсы марксізму-ленінізму пры ЦКВКП(б) (1931). Са студз. 1917 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі, чл. выканкома Выбаргскага райсавета ў Петраградзе. З 1918 на гасп., з 1924 на парт. рабоце. Са студз. 1935 упаўнаважаны Наркамата харч. прам-сці СССР пры СНКБССР, з чэрв. 1935 1-ы сакратар Гомельскага гаркома КП(б)Б. З 7.7 па 13.11.1937 Старшыня ЦВКБССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1935—37, чл. Бюро ЦК у чэрв. — кастр. 1937. Чл. Прэзідыума ЦВКБССР у 1937. 25.10.1937 пленум ЦККП(б)Б вывеў С. з чл. Бюро і чл.ЦККП(б)Б, зняў з пасады Старшыні ЦВКБССР, і ён прыцягнуты да крымін. адказнасці за «антысав. дзейнасць». 27—29.5.1940 Ваен. калегія Вярх. суда СССР вынесла яму апраўдальны прыгавор, аднак пленум Вярх. суда СССР 29.7.1943 адмяніў яго, а справа спынена ў сувязі са смерцю С. Рэабілітаваны ў 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФАН III ВЯЛІ́КІ (Stefan III cel Mare; ? — 2.8.1504),
гаспадар (князь) Малдаўскага княства з 1457, палкаводзец. Праводзіў палітыку ўмацавання цэнтр. улады, задушэння баярскай апазіцыі. У 1467 разбіў армію венг. караля Мацьяша Хуньядзі, які ўварваўся ў Малдову. 17.1.1475 каля г. Васлуй (цяпер у Румыніі) на чале малд.-венг.-польскага войска (47 тыс.чал.) разграміў тур. армію (120 тыс.чал.), але паражэнне ад туркаў у 1476 прымусіла яго прызнаць залежнасць Малдовы ад Турцыі. Абапіраючыся на саюз з Маскоўскім вял. княствам (яго дачка Алена была нявесткай вял.кн.Івана III) заключыў мір з Крымскім ханствам (1492) і распачаў вайну супраць польскага. караля Яна Ольбрахта, які імкнуўся аднавіць былую васальную залежнасць Малдовы ад Польшчы. У бітве ў Казьмінскім лесе (Букавіна) 26.10.1497 разбіў польскае войска. Гэтае паражэнне, а таксама ініцыіраванае Стэфанам тур. ўварванне ў Польшчу, патрабаванні венг. караля Уласла II (Уладзіслава II) і Івана III прымусілі Яна Ольбрахта спыніць агрэсію супраць Малдовы. У 1499 Польшча і Турцыя прызналі яе незалежнасць. С. III В. — герой малд.нар. песень і паданняў. У Кішынёве яму пастаўлены помнік.
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Баранеса Т.Кестывен (з 1992). Вучылася ў Оксфардскім ун-це (1944—47). Працавала на хім. прадпрыемствах, займалася адвакацкай практыкай. У 1959—92 дэп. палаты абшчын. У 1970—74 міністр асветы і навукі ва ўрадзе Э.Р.Дж.Хіта. З 1975 лідэр апазіцыі. У 1975—90 лідэр Кансерватыўнай партыі. У 1979—90 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі (першая ў брыт. гісторыі жанчына на гэтай пасадзе). Урад Т. праводзіў манетарысцкую (гл.Манетарызм) эканам. палітыку ў духу неакансерватызму («тэтчэрызм»), даў незалежнасць Зімбабве (1980), з дапамогай узбр. сіл вырашыў на карысць Вялікабрытаніі англа-аргенцінскі канфлікт 1982, заключыў дагавор з Кітаем аб перадачы яму ў 1997 брыт. калоніі Ганконг (1984), падтрымліваў палітыку «перабудовы» ў СССР. З 1992 чл. палаты лордаў. Аўтар мемуараў (т. 1—2, 1993—95).
Літ.:
Огден К. Маргарет Тэтчер: Женщина у власти: Портрет человека и политика: Пер. с англ.М., 1992;
Перегудов С.П. Тэтчер и тэтчеризм. М., 1996;
Воропаева О. Маргарет Тэтчер. Мн., 1998;
Попов В.И. Маргарет Тэтчер: человек и политик: Взгляд рос. дипломата. 2 изд. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СЛО́ВЫ,
сінтаксічныя адзінкі, якія ўводзяцца ў сказ для ўдакладнення, паяснення выказанай у ім думкі або перадачы розных дадатковых звестак, заўваг, паведамленняў.
У.с. і словазлучэнні размяшчаюцца, як правіла, у сярэдзіне або канцы сказа за тымі словамі, якія яны паясняюць ці ўдакладняюць. Уводзяцца ў сказ бяззлучнікавым спосабам. зрэдку пры дапамозе злучнікаў: «Практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфект» (К.Крапіва). У адрозненне ад пабочных слоў У.с. не выражаюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў і звязаны са зместам выказвання ўсяго сказа. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах маст. л-ры, дзе выражаюць шматлікія сэнсавыя адценні: удакладняльна-акалічнасныя — «Пачула трывожнае вуха нечыя крокі (у сне ці праз сон)» (П.Глебка); няпэўна-ўдакладняльныя — «Яны (ці не ў Капылі) на завод быка купілі» (К.Крапіва); удакладняльна-азначальныя — «Гэтае месца (востраў, акружаны з розных бакоў балотам) яму спадабалася» (М.Лынькоў) і інш.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое суправаджаецца зменай яго прыродных уласцівасцей, найперш перавышэннем натуральных канцэнтрацый у ім прыродных ці пранікненнем у асяроддзе не ўласцівых ямухім. рэчываў і злучэнняў.
На Беларусі асн. агенты Х.з. (штогадовы выкід) атм.паветра: аксід вугляроду (каля 700 тыс.т), дыаксід серы (140 тыс.т), аксіды азоту (135 тыс.т), лятучыя арган. рэчывы (240 тыс.т), цвёрдыя рэчывы (65 тыс.т), таксама фармальдэгід, фенол, аміяк, цяжкія металы і інш.; паверхневых вод: хларыды (78 тыс.т), сульфаты (64 тыс.т), завіслыя рэчывы (15 тыс.т) і арган. (11 тыс.т) рэчывы, нафтапрадукты (230 т), медзь (18 т), інш. металы (491 т) і інш.; глеб : пестыцыды (да 1,5 ГДК), цяжкія металы (да 0,8 ГДК), сульфаты (да 0,9 ГДК), нітраты (да 1 ГДК). Вядомыя выпадкі Х.з. паверхневых вод да 30 ГДК нафтапрадуктамі, аманійным і нітрытным азотам, цынкам, меддзю, малібдэнам. Асн. забруджвальнікі паветра — аўтатранспарт і інш. рухомыя ўстаноўкі (72,7%), аб’екты энергетыкі (5%), прамысл. прадпрыемствы (асабліва нафтахім., металургічныя, мінер. угнаенняў). Асн. аб’ём забруджаных сцёкавых вод утвараецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (46%), прам-сці (31%), сельскай гаспадарцы (9,5%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,
раздзел хіміі, які вывучае спосабы атрымання, структуру і ўласцівасці рэчываў, малекулы якіх складаюцца з вял. колькасці звёнаў, злучаных паміж сабой хім. сувязямі. Разглядае асаблівасці ў агульных хім. заканамернасцях, паняццях і метадах, выкліканых макрамалекулярнай будовай сінт. і прыродных рэчываў.
Х.в.з. уключае раздзелы, якія вывучаюць: макрамалекулярную структуру (канфігурацыя, канфармацыя, гнуткасць, малекулярная маса); надмалекулярную структуру аморфных і крышт. палімераў; метады атрымання палімераў (полімерызацыя радыкальная, іонная і іонна-каардынацыйлая, полікандэнсацыя, полімераналагічныя пераўтварэнні); хім. і фіз. дэструкцыі; старэнне і стабілізацыю палімераў; эксплуатацыйныя ўласцівасці арыентаваных і ізатропных палімерных матэрыялаў у залежнасці ад іх структуры. Тэхналогія высокамалекулярных злучэнняў грунтуецца на хіміі і фізіцы палімераў і ўключае сінтэз палімернага рэчыва, увядзенне ў яго дапаможных рэчываў (стабілізатараў, пластыфікатараў, фарбавальнікаў і інш.) і наданне яму формы (плёнкі, валакна, вырабу) з пэўнай надмалекулярнай структурай, якая разам з хім. будовай макрамалекул абумоўлівае эксплуатацыйныя ўласцівасці матэрыялаў і вырабаў.
Літ.:
Кулезнев В.Н., Шершнев В.А. Химия и физика полимеров. М., 1988;
Тугов И.И., Кострыкина Г.И. Химия и физика полимеров. М., 1989;
Киреев В.В. Высокомолекулярные соединения. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЭ́ТЭР (Schroetter, Szretter, Schretter) Іаган (? — да 20.2.1685), жывапісец ням. паходжання. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы. Жыў у Гданьску, у 1640-я — пач. 1650-х г. у Гродне і Вільні, з 1655 у Кёнігсбергу, з 1660-х г. зноў у Вільні. Быў чл. брацтва св. Марціна. У 1646 стварыў для Гродзенскага касцёла брыгітак алтарныя карціны: «Дабравешчанне», «Святая Брыгіта», «Святая Ганна», «Нявіннае зачацце Дзевы Марыі» і інш. У 1646 у Вільні напісаў партрэт жонак Януша Радзівіла — Катажыны Патоцкай і Марыі Лупу. Яму прыпісваюць партрэт Хрысціны Яўхіміі Радзівіл (да 1657). Большасць яго работ не захавалася, у т. л. для брацтва св. Марціна, алтарная карціна «Казьма і Дзям’ян» для касцёла св. Іаана ў Вільні.
Літ.:
Jodkowski J. Nieznane prace J.Szrettera i F.Lekszyckiego // Biuletyn historii sztuki. 1948. №1;
Kamieniecka E. Portrety Jana Szrettera // Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie. Warszawa, 1973. T. 17;
Paknys M. Vilniaus tapytojų padètis XVII a. II puseje // Menotyra. 1999. № 4;
Kałamajska-Saeed M.Kościól brygitek w Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.
А.Лугаваене.
І.Шрэтэр. Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл. 1646.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСТРЖЭ́МБСКІ Іван (Ян Фердынанд) Львовіч (1814, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — пасля 1883),
рэвалюцыянер-петрашэвец, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1841). Выкладаў палітэканомію і статыстыку ў Ін-це корпуса інжынераў шляхоў зносін і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. З восені 1848 член гуртка М.В.Петрашэўскага, на сходах якога чытаў лекцыі па палітэканоміі. На фарміраванне яго філас. поглядаў паўплываў А.І.Герцэн. Як і большасць петрашэўцаў адхіляў сістэму камунізму, які адмаўляў усякую ўласнасць. Разам з тым крытыкаваў капіталізм за тое, што ён выклікае збядненне пэўных слаёў насельніцтва. 2.5.1848 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3.1.1850 прыгавораны да смяротнай кары, але ў той жа дзень паводле канфірмацыі на Сямёнаўскім пляцы ў Пецярбургу пакаранне заменена на 6 гадоў катаргі. Сасланы ў Табольскую губ. У 1857 яму дазволена вярнуцца на радзіму; да 1872 жыў пад наглядам паліцыі. У 2-й пал. 1850-х г. як інжынер удзельнічаў у буд-ве шашы Масква—Варшава на тэр. Магілёўскай губ. Аўтар мемуараў.