ТЭ́ТЧЭР (Thatcher) Маргарэт Хільда (н. 13.10.1925, Грантэм, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Баранеса Т.​Кестывен (з 1992). Вучылася ў Оксфардскім ун-це (1944—47). Працавала на хім. прадпрыемствах, займалася адвакацкай практыкай. У 1959—92 дэп. палаты абшчын. У 1970—74 міністр асветы і навукі ва ўрадзе Э.​Р.​Дж.Хіта. З 1975 лідэр апазіцыі. У 1975—90 лідэр Кансерватыўнай партыі. У 1979—90 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі (першая ў брыт. гісторыі жанчына на гэтай пасадзе). Урад Т. праводзіў манетарысцкую (гл. Манетарызм) эканам. палітыку ў духу неакансерватызму («тэтчэрызм»), даў незалежнасць Зімбабве (1980), з дапамогай узбр. сіл вырашыў на карысць Вялікабрытаніі англа-аргенцінскі канфлікт 1982, заключыў дагавор з Кітаем аб перадачы яму ў 1997 брыт. калоніі Ганконг (1984), падтрымліваў палітыку «перабудовы» ў СССР. З 1992 чл. палаты лордаў. Аўтар мемуараў (т. 1—2, 1993—95).

Літ.:

Огден К. Маргарет Тэтчер: Женщина у власти: Портрет человека и политика: Пер. с англ. М., 1992;

Перегудов С.П. Тэтчер и тэтчеризм. М., 1996;

Воропаева О. Маргарет Тэтчер. Мн., 1998;

Попов В.И. Маргарет Тэтчер: человек и политик: Взгляд рос. дипломата. 2 изд. М., 2000.

М.Тэтчэр.

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)