кірунак у зах.еўрап. жывапісе 1-й пал. 20 ст.Засн. ў 1917 П.Мондрыянам, які сфармуляваў тэорыю і мэты Н. ў час. «Style» («Стыль») і брашуры «Неапластыцызм» (1920). Гал. рыса Н. — строгае выкарыстанне выяўл. сродкаў. Карціна будавалася на элементарных апазіцыях: колер — не колер (ахраматычныя колеры), гарызанталь — вертыкаль, буйное — дробнае. Для пабудовы яе формы Н. дапускаў толькі гарыз. і верт. лініі і перасячэнне іх пад прамым вуглом, адмаўляўся мазок для падкрэслівання плоскаснасці, асн. колеры — чырвоны, сіні і жоўты, да якіх дадаваліся толькі чорны і белы. Адзінства гэтых процілегласцей, на думку Мондрыяна, сімвалізуе ўраўнаважанасць сіл у гармоніі светабудовы. Канцэпцыю Н. прынялі мастакі групы «Стыль».
Да арт.Неапластыцызм. П.Мондрыян. Нью-Йорк-сіці I. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),
твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.Крэўзы «Абарона уніі» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЯРА́НЕЦ, бігарадзія,
кіслы або горкі апельсін (Citrus aurantium),
кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. Завезены ў Міжземнамор’е арабамі ў 11 ст. і на працягу 5 ст. быў адзіным «апельсінам» у Еўропе. Культывуюць у субтропіках як прышчэпу для цытрусавых.
Вечназялёнае дрэва выш. да 10 м з шарападобнай густой кронай. Галіны і парасткі маюць буйныя калючкі даўж. да 6 см. Лісце эліптычнай формы. Кветкі буйныя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плады круглявыя, дыяметрам каля 7 см, аранжава-чырв. з кісла-горкай мякаццю, неядомыя. З пладоў атрымліваюць лек. сок і мармелад, з каляплодніка — памяранцавы эфірны алей, з кветак — алей «неролі» для духоў. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКІЯ ГО́РЫ,
горная сістэма на Пд і ПдУ Кітая, у межах Паўд.-Кітайскай платформы, на Пд ад р. Янцзы. Утварае выгнутую на ПдУ дугу даўж. каля 2000 км. Асн. хрыбты; Наньлін і Уішань; шэраг кароткіх хрыбтоў і масіваў рознага распасцірання. Пераважаюць выш. 800—1000 м, найб. 2158 м. Восевыя зоны хрыбтоў складзены з гранітаў і інш.крышт. парод, па перыферыі — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карст. Характэрны «грыбы», «калоны» і інш.формы выветрывання. Ападкаў 1300—1700 мм за год, пераважна летам. Важны кліматападзел, на Пн пераважаюць субтрапічныя, на Пд — трапічныя ландшафты. На паўн. схілах — шыракалістыя субтрапічныя лясы з дубу, вязу, грабу, буку, на паўд. — вечназялёныя трапічныя лясы з перавагай лаўру, магнолій, камелій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Тадэвуш) (9.11.1861, с. Мядыка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 28.9.1915),
польскі рэжысёр і тэатр. дзеяч; рэфарматар польскай сцэны. Муз. адукацыю атрымаў у Вене, Лейпцыгу, Веймары, тэатр. — у Веймары і Майнінгене (у Л.Кронека). У 1882—93, 1908—12 выступаў як тэатр. і муз. крытык у прэсе Кракава і Львова. У 1898—99 і 1913—15 дырэктар і рэжысёр Кракаўскага, у 1900—06 Львоўскага гар. т-раў. Ставіў п’есы М.Метэрлінка, Г.Ібсена, Г.Гаўптмана, М.Горкага, А.Чэхава, А.Стрындберга і інш. Прапагандаваў сучасныя яму формы інсцэнізацыі.
Літ.:
Pajączkowski F. Teatr Iwowski pod dyrekcją Tadeusza Pawlikowskiego 1900—1906. Kraków, 1961;
Grzymala-Siedlecki A. Tadeusz Pawlikowski i jego krakowscy aktorzy. Kraków, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАПЛАЗМІ́ДЫ (Piroplasmida),
атрад паразітычных прасцейшых кл. спаравікоў (ёсць інш. класіфікацыі). 3 сям.: бабезіідаў, або піраплазмідаў, тэйлерыідаў і дактыласамідаў. Каля 170 відаў. Паразітуюць у эрытрацытах і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы млекакормячых (буйн. раг. жывёлы, свіней, коней, коз, авечак, сабак, пацукоў і інш.), зрэдку чалавека. Узбуджальнікі піраплазмідозаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы.
Беспігментныя, маларухомыя ўнутрыклетачныя паразіты грушападобнай, круглай ці авальнай формы. Адсутнічае палавы працэс. Размнажаюцца ў клетках пазваночных жывёл пачкаваннем ці простым дзяленнем на 2—4 часткі. Далейшае развіццё (шызаганальнае дзяленне, укараненне ў яйцаклеткі) адбываецца ў арганізме кляшча. Праз яйцы П. перадаюцца кляшчам наступнага пакалення і лакалізуюцца ў розных тканках, у т. л. ў слінных залозах. Пры кровасмактанні заражаныя кляшчы перадаюць П. пазваночным жывёлам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл.Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.