лупцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што і без дап.
1. Біць, хвастаць. Не звяртаючы ўвагі на мой крык, Язэп усё цягаў мяне за вуха і ўвесь час лупцаваў дубцом па спіне. Лупсякоў. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Мележ. // Стукаць, удараць па чым‑н. Крычаў і Федзя: «Дахаты». І таксама лупцаваў лыжкай па стале, тупаў нагамі. Хомчанка.
2. Тое, што і лупіць 1 (у 4 знач.). Да даху і сценах лупцаваў парывісты дождж, абсыпаў шыбы безліччу дробных кропель. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Навесці зброю на цэль; прыцэліцца. Я аблакаціўся на камень, каб быў упор, спакойна нацэліўся і стрэліў. Шамякін. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Стары.. падняў галаву, нацэліўся позіркам на мае рукі. Ракітны. Дастаў мой спадарожнік фотаапарат з чамаданчыка, нацэліўся на.. домікі, а пасля ўздыхнуў, безнадзейна махнуўшы рукою. Бялевіч.
2. перан. Падрыхтавацца, сабрацца што‑н. зрабіць. Запрыкмеціўшы, што я ўпотай пачаў збіраць свае рэчы, дзядзька Харытон паклікаў мяне ў канюшню, пасадзіў на парозе, памаўчаў і запытаўся: — У дарогу, значыцца, нацэліўся? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак.
1. каго. Вадзіць на працягу нейкага часу. Павадзіць каня. Павадзіць гасцей па горадзе. □ [Дзядуля:] — Такую рыбу трэба павадзіць, стаміць як след, а тады ўжо цягнуць... Ляўданскі.
2. чым. Зрабіць некалькі рухаў чым‑н. па якой‑н. паверхні. Павадзіць указкай па карце. Павадзіць пальцам па старонцы кнігі. □ Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Чорны. // Зрабіць некалькі рухаў у розных напрамках. Распытаўся доктар, што і як, патрымаўся за ручку ў малога, запалку запаліў, павадзіў перад вачыма. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падва́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да падвала (у 1 знач.). Падвальнае акенца. □ — Вы што тут робіце? — нахіліўшыся над падвальнай дзіркай, крычыць.. [жанчына]. Гарбук. // Размешчаны ў падвале. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. Бядуля. У падвальным памяшканні — сталоўка. Таўлай. // Які ўласцівы падвалу; такі, як у падвале. Падвальная сырасць. Падвальная цемра. // у знач. наз. падва́льны, ‑ага, м. Рабочы, які працуе ў вінным падвале. — [Ясь:] .. у мяне спірытус астаўся яшчэ з таго часу, як падвальным быў. Чарнышэвіч.
2. Які займае падвал у газеце. Падвальны артыкул.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паддопытны. Падследны насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Шамякін. Абое падследных былі затрыманы непасрэдна на месцы замаху і зробленага не адмаўляюць. Мехаў.
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад следствам, паддопытны. Падследныя хуліганы. / у знач. наз. падсле́дны, ‑ага, м.; падсле́дная, ‑ай, ж. Напрактыкаваныя дэфензіўшчыкі адразу адчулі, што падследны страціў прытомнасць. Машара. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — А быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Зуёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дкам, прысл.
Разм.
1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.
2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.
3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Пажаліцца, выказаць сваё гора, незадавальненне. Расла .. [Ніна] ціхая, не смеючы слова адказаць сварлівай мачысе, баючыся паскардзіцца бацьку на крыўды. Галавач. Прося паскардзілася, што кепска бачыць, папрасіла прачытаць пісьмо. Паўлаў.
2. Звярнуцца да афіцыйнай асобы са скаргай. Хлопцы зашумелі, але ніхто не адважваўся сказаць брыгадзіру, паскардзішся — яшчэ большай бяды нажывеш. Дуброўскі. Некалькі старшынь калгасаў паскардзіліся ў райком партыі на недабраякасную работу некаторых трактарыстаў. Хадкевіч. // Нагаварыць, напаклёпнічаць, данесці. А ўвечары, калі прыйшоў Загурскі і маці паскардзілася яму на мяне, усё перамянілася. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, перамясціць. Пракаціць бочку. Пракаціць воз.
2. каго. Правезці каго‑н., каб зрабіць прыемнасць. [Конюх:] — Летам, калі ў пана Булыгі будуць імяніны, я цябе ў яго брычцы пракачу. Бажко.
3. Хутка праехаць. Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты... Чарот.
4. перан.; каго. Разм. Адхіліць, адвесці на выбарах, не выбраць куды‑н. — Што здарылася? Мяне пракацілі... Не выбралі... Вось што здарылася... Шамякін.
•••
Пракаціць на вараных — забалаціраваць, праваліць каго‑н. на выбарах (накідаўшы чорных шароў).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)