у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былінімфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.Альтдорфера, Тыцыяна, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).
Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],
1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.
2) Чл.гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былых гар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.
3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э.былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),
адыход ад афіц.царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былііудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл.Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл.Рэфармацыя).
На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст.гусізм; у 16 ст.рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.Касой, Арцемій, М.Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст.сацыніяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,
міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КУПЫ,
катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.
2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЎС,
у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л.Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.
Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІНО́ЎЕЎ Сцяпан, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст.; майстар беларускай рэзі. Паходзіў з Беларусі. «Жалаваны» майстар Аружэйнай палаты ў Маскве. Ствараў узоры разьбы («лебядзіныя», «жураўліныя», «гусіныя», 1668). Удзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1678), у стварэнні разных іканастасаў для цэркваў у Ізмайлаве (1680-я г.), званіцы царквы царэвіча Іаасафа (1681) і Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1683—85) у Маскве. Зрабіў размаляваную фарбамі, серабром і золатам «Іарданскую сень» на 4 разных слупах (1668, разам з Арсеніем і К.Міхайлавым), разныя царскія вароты з сенню для царквы Фёдара Страцілата на Троіцкім падвор’і ў Маскве (былі ўстаноўлены ў іканастасе Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра, 1685).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБА́ЛЬНЫЯ ХАЛО́ПЫ,
кабальныя людзі, катэгорыя феадальна залежнага насельніцтва ў Рус. дзяржаве 15—17 ст. За грашовую пазыку селянін павінен быў асабіста адпрацоўваць крэдытору працэнты і станавіўся К.х. да таго часу, пакуль не верне пазыку. Найчасцей ён не меў магчымасці вярнуць пазыку, бо яго заробак ішоў на выплату працэнтаў. Залежнасць К.х. вызначалася спец. дакументам — кабальнай граматай (кабалой) і запісам у кабальныя кнігі. Паводле ўказаў 1586 і 1597 К.х. абавязаны былі працаваць на пазыкадаўцаў да іх смерці, нават пры ўмове выплаты пазыкі. Злоўленых беглых К.х. пазыкадаўцы ператваралі ў поўных халопаў. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 валодаць К.х. маглі толькі духоўныя землеўладальнікі. У пач. 18 ст. К.х. прыраўнаваны да прыгонных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖУ́Х,
верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ БА́БЫ,
старажытныя каменныя выявы чалавечых фігур, звязаныя з культам продкаў. Сустракаюцца пераважна ў стэпавай паласе Еўропы і Азіі, ад Прыкарпацця да Манголіі. Зроблены ў тэхніцы рэльефу, барэльефа, скульптуры, выш. 1—4 м. Вядомы К.б. бронзавага веку, скіфа-сармацкага часу ў Прычарнамор’і, у цюркамоўных народаў Азіі 4—9 ст. і насельніцтва ўсх. стэпаў ранняга сярэдневякоўя. На тэр. Беларусі вядома каля 10 К.б. 11—13 ст., якія былі завезены для ўпрыгожання паркаў у 18—19 ст. (верагодна, з Прыазоўя). Ва ўсіх фігур рукі складзены на жываце, у руках цыліндрычны кубачак.
Л.У.Дучыц, С.Я.Расадзін.
Каменныя бабы з Дзедзілава (1), Гомеля (2, 3), Крынак (4).