МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,

хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).

Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦПАСЯЛЕ́НЦЫ, спецперасяленцы,

катэгорыя асоб у СССР, якія ў 1930—50-я г. былі сасланы разам з сем’ямі ў аддаленыя раёны краіны (Поўнач, Сібір, Д. Усход і інш.), асабліва ў перыяд масавай калектывізацыі ў 1929—32. Тэрміны «С.», «спецперасяленцы» пачалі ўжываць з вясны 1930, як правіла, у адносінах да асоб раскулачаных і сасланых як кулакі. Іх спісы складалі мясц. партыйныя і сав. органы з фармальным прыцягненнем бядняцка-серадняцкага актыву. Умовы транспарціроўкі і жыцця С. былі надзвычай цяжкімі. Яны часта жылі ў пабудаваных імі самімі «асобых паселішчах» і спецпасёлках, прыцягваліся да розных цяжкіх работ. С. пад страхам асуджэння і накіравання ў папраўча-працоўныя лагеры забаранялася пакідаць раёны пасялення. Увесь час яны знаходзіліся пад наглядам мясц. органаў дзярж. бяспекі. У 1953—59 праводзілася паэтапнае зняцце абмежаванняў на перамяшчэнне С. на месцы пастаяннага месца жыхарства.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Наґо́ґа ’капрызны чалавек’, наг̌о́г̌ытыся ’капрызіць’ (драг., Нар. сл.), параўн.: міргай сабе, кулацкая нагога (Барадулін), сюды ж, магчыма, укр. нагого́шитися ’надзьмуцца, натапырыцца’. Экспрэсіўнае аддзеяслоўнае ўтварэнне з характэрнай рэдуплікацыяй каранёвага элемента, параўн. нафуфы́рыцца, надудоніцца і пад., у аснове якога ляжаць, як правіла, гукаперайманні ці іранічныя ўтварэнні накшталт т. зв. дзіцячых слоў тыпу бу́ба, му́ма, вова і інш., параўн. польск. gogo ’франт, моднік, пуставаты і лянівы чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СТАЛІ́ЦА,

галоўны горад дзяржавы, адм.-паліт. цэнтр краіны. С. звычайна з’яўляецца месцазнаходжаннем вышэйшых органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання, вышэйшых суд., ваен. і інш. устаноў. У большасці выпадкаў С. — таксама эканам. цэнтр краіны (як напр., Мінск у Беларусі), але ў некат. краінах эканам. цэнтрам з’яўляецца іншы горад (напр., сталіца ЗША — г. Вашынгтон, а эканам. цэнтр — г. Нью-Йорк). Як правіла, С. вылучаюцца ў самаст. адм. адзінку з асобым рэжымам кіравання. Акрамя С., якія набылі гэты статус у працэсе гіст. развіцця, існуюць гарады, якія спецыяльна пабудаваны для выканання сталічных функцый (Канбера, Аўстралія; Бразілія, Бразілія; Ісламабад, Пакістан і інш.). У некат. краінах пры існаванні афіц. С. фактычна сталічныя функцыі выконваюць інш. гарады (у Балівіі Ла-Пас замест Сукрэ, у Нідэрландах Гаага замест Амстэрдама). У Расійскай імперыі з пераносам сталіцы (1712) у Санкт-Пецярбург некат. сталічныя функцыі захоўваліся за ранейшай сталіцай — г. Масква.

т. 15, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,

у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ СТРА́ТЫ,

частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл. Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш.).

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́НЧА СУД»,

у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.​Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.​Бэрча і да т.п.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,

парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМАЎСТО́ЙЛІВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА, антысейсмічнае будаўніцтва,

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.

Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец. сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш.).

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)