«НА́ЛЕНЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Наленч».

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,

сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.

М.​Ц.​Гарачка.

Раменская парода гусей.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фальва́рак, ‑рка, м.

1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».

2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.

[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),

адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ПРЫ,

бальнеагразевы курорт на Украіне, на ўскраіне г. Голая Прыстань, за 18 км ад г. Херсон. Вядомы з канца 19 ст. (пабудавана першая гразелячэбніца). Асн. лек. фактар — сульфідная мулавая гразь з вял. колькасцю вуглякіслых солей кальцыю і магнію і хларыдна-натрыевая рапа мясц. салёнага возера. Лячэнне імі ў спалучэнні з бальнеа- (штучныя мінер. ванны) і клімататэрапіяй (вельмі цёплае, сухое і сонечнае лета) эфектыўнае пры хваробах органаў руху і апоры, гінекалагічных, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,

вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,

спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.​П.​Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)