МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.

Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.

І.​І.​Леановіч.

Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кале́ктар

(п.-лац. collector = збіральнік)

1) установа, якая займаецца зборам і размеркаваннем чаго-н. па падведамасных арганізацыях (напр. бібліятэчны к.);

2) шырокі канал або труба для збору і адводу вадкасці або газаў, якія паступаюць з іншых каналаў або труб (каналізацыйны к);

3) вузел электрычнай машыны, дзе адбываецца ператварэнне пераменнага току ў пастаянны;

4) падземная галерэя, якая пракладваецца пад паверхняй вуліц для ўкладкі кабеляў або труб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

барбацёр

(фр. barboter = літар. валтузіцца ў вадзе, у гразі)

прыстасаванне ў выглядзе труб з маленькімі адтулінамі для прадзімання газу (паветра) ці пары праз слой вадкасці; выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кало́дзеж, ‑а і кало́дзезь, ‑я, м.

1. Вузкая глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі. На вуліцы Лясніцкі сустрэў Макрыну — яна ішла ад калодзежа з поўнымі вёдрамі вады. Зарэцкі. Зарыпеў журавель над калодзежам. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Яма, якая служыць для розных тэхнічных патрэб. Шахтавы калодзеж. Каналізацыйны калодзеж. Кабельны калодзеж.

•••

Артэзіянскі калодзеж — буравы калодзеж з труб, які падае глыбінную напорную ваду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлескапі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлескопа, уласцівы яму. Тэлескапічная труба. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлескопа. Тэлескапічныя назіранні за Венерай.

2. Спец. Які моцна павялічвае. Тэлескапічныя акуляры.

3. Спец. Які падымаецца і апускаецца ў выніку павароту вакол сваёй восі накшталт тэлескопных труб. Тэлескапічны кран. □ З гэтага завода выйшлі металічныя апалубкі са ступеньчатай рэгуліроўкай, тэлескапічныя перасоўныя вышкі, машына для наклейкі рубероіда з адначасовыя пакрыццём бітума — цэлую брыгаду страхароў замяняе... Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,

устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.​Э.​Цыялкоўскі (1897).

Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш. трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.

Аэрадынамічная труба: 1 — сапло; 2 — доследная мадэль; 3 — дыфузар; 4 — вентылятар; 5 — кіравальная лапатка; 6 — адваротны канал; 7 — кіравальная рашотка.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАЕ ЛІЦЦЁ,

базальтавае ліццё, шлакавае ліццё, атрыманне з расплаўленых горных парод (базальту, дыябазу і інш.) або металургічных шлакаў фасонных вырабаў (адлівак), якія маюць уласцівасці прыроднага каменю. Літыя вырабы маюць высокую трываласць, зноса- і кіслотаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца пры вырабе труб, кіслотаўстойлівай апаратуры, матэрыялу для бруку, эл. ізалятараў, абліцовачных плітак, арх.-маст. вырабаў і інш.

Плаўку сыравіны вядуць у ваграначных або ал. пячах пры т-ры 1380—1420 °C, формы для адлівак (керамічныя, метал. ці з фармовачнай зямлі) заліваюць пры 1280—1320 °C, працэс крышталізацыі адбываецца пры 980—1050 °C. У адрозненне ад чорнакаменнага ліцця (з базальту, дыябазу) белакаменнае атрымліваюць з кварцавага пяску і даламіту з дабаўкай плавіковага шпату (адліўкі маюць светлую афарбоўку, вял. трываласць, цвёрдасць і ўстойлівасць; выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні). Гл. таксама Петрургія.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спыні́цца, спыню́ся, спы́нішся, спы́ніцца; зак.

1. Перастаць рухацца, спыніць што-н. рабіць, устрымацца ад якога-н. дзеяння.

С. на паўдарозе.

Матор спыніўся.

Гэты чалавек не спыніцца ні перад чым (перан.: пойдзе на любыя ўчынкі).

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе-н.

С. ў гасцініцы.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра развіццё, ход і пад.: прыпыніцца, перарвацца.

Работы па ўкладцы труб спыніліся.

4. на кім-чым. Пра погляд, увагу, думкі і пад.: затрымацца на кім-, чым-н.

Мой позірк спыніўся на сыне.

5. на кім-чым. Прыйсці да якога-н. рашэння, спыніць свой выбар на кім-, чым-н.

С. на выбары маладога кандыдата.

|| незак. спыня́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВАЛЬЦО́ЎКА, вальцаванне,

1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз. таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.

3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.

4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.

5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА, аўтагенная зварка,

спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.

Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.

Схема газавай зваркі: 1 — прысадачны пруток; 2 — гарэлка; 3 — зварачная ванна.

т. 4, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)