МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),

расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.​Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэнопера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.​Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.​Вагнера).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.​Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.​Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.​Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Галушкіна.
Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ЎСКІЯ,

польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.

Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.​Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.​Гогаля, таксама п’есы Р.​Квіткі-Аснаўяненкі, П.​Каратыгіна, Ф.​Коні, П.​Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.​Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.​Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.

Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.​Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.​Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.​Варламава, М.​Глінкі, нар. песні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ТАВА (Людміла Іванаўна) (н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Валерый Іванавіч) (н. 27.1.1940, в. Місяш Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас П.Падкавырава). З 1970 выкладчык Магілёўскага, з 1976 Маладзечанскага муз. вучылішчаў, з 1989 — муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі. Працуе пераважна ў камерна-інстр. жанрах і музыкі для дзяцей. Сярод твораў: вак.-інстр. лірычная паэма «Флейтыст» на вершы Э.​Агняцвет (для сапрана і інстр. квінтэта, 1996); сімфонія (1970); канцэрты для фп. з арк. (1978, 1993); п’есы для фп.; 4 трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп.; санаты, у т. л. для альта, для альта і фп., для 2 скрыпак і фп.; стр. (1977, 2-я рэд. 1991) і фп. (1996, 1997) квартэты; варыяцыі на тэму «З Полацкага сшытка» для скрыпкі, альта і фп. (1992); рамансы, песні на словы бел. паэтаў. Рэдактар і складальнік (разам з В.​Дабравольскай) зб. твораў бел. харавой музыкі ў 2 т. (т. 1, 1998).

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́НА ((Nono) Луіджы) (29.1.1924, г. Венецыя, Італія — 8.5.1990),

італьянскі кампазітар; адзін з прадстаўнікоў муз. авангарду. Скончыў Падуанскі ун-т (1946). Вучыўся ў кансерваторыі ў Венецыі ў Ф.Маліп’ёра і інш. Шырока выкарыстоўваў серыйную тэхніку. сродкі алеаторыкі, сенорыкі, электроннай музыкі і інш. Многія яго творы антыімперыяліст., антыфаш. накіраванасці: «Эпітафія Ф.​Гарсіі Лорку» (1953), «Польскі дзённік 1958» для арк. (1959), кантаты «Перарваная песня» (1956), «На мосце Хірасімы. Песні жыцця і кахання» (1962); «Помні, што табе зрабілі ў Асвенціме» для сапрана, дзіцячага хору і магнітафона (1987). З інш. твораў: оперы «Нецярпімасць 1960» на тэксты Б.​Брэхта, П.​Элюара, У.​Маякоўскага, Ж.​П.​Сартра (паст. 1961), «Пад шалёным сонцам кахання» (паст. 1975), «Праметэй» (паст. 1984), балет «Чырвоны плашч» (паст. 1954); творы для салістаў, хору і арк.; «Хары Дыдоны» для 32 спевакоў і ўдарных інструментаў; творы для арк.; інстр. ансамблі, у т. л. « Паліфоніка- Манодыя-Рытміка» (1951), электронная музыка і інш. Аўтар кніг і артыкулаў па музыцы.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.​Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыосан» Дж.​Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Земфіра («Алека» С.​Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.

Літ.:

Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

А.​Я.​Ракава.

Р.В.Млодак.
Р.Млодак у ролі Надзейкі.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж. т-ра муз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.​Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.​Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Джулія («Джулія» У.​Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.​Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.​Германа) і інш.

Літ.:

Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;

Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.

А.​Я.​Ракава.

Н.В.Гайда.
Н.Гайда ў ролі Агнесы.
Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ме́цца 1, маюся, маешся, маецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць у наяўнасці; знаходзіцца; існаваць. Уласна кажучы, рашэнне магло быць і было толькі адно: ісці, не губляючы ні адной хвіліны дарэмна, ісці, пакуль маецца непарушны запас харчоў. Шамякін. [Аксіння:] — Ды мы, сынок, не былі б у крыўдзе, каб у цябе і сакрэты якія меліся... Лынькоў.

2. Адчуваць сябе. — Як маешся? — разглядаючы вільготнымі вачыма сябра .., спытаўся .. [Цімка]. Карпаў. Раніцой, перад пачаткам урокаў, Клава заглянула ў школьны сад: як там маюцца яе бярозкі? Якімовіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з інф. Аб тым, што павінна быць. Меўся распачацца справаздачна-выбарчы сход прафсаюзнай арганізацыі. Карпюк. // Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. Кафедра мелася рэкамендаваць кандыдатаў у аспірантуру. Шахавец. З дому Косця меўся ехаць крадком, але перад бацькам нібы прагаварыўся. Адамчык.

•••

Мецца на ўвазе — меркавацца, падразумявацца.

ме́цца 2, нескл., н.

Разм. Тое, што і мецца-сапрана.

[Іт. mezzo — сярэдні.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЛІЭ́Р (Рэйнгольд Морыцавіч) (11.1.1875, Кіеў — 23.6.1956),

савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус. муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.​Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас. т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).

Літ.:

Бэлза И. Р.​М.​Глиэр. М., 1962;

Р.​М.​Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;

Гулинская З.К. Р.​М.​Глиэр. М., 1986.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)