ЗАСЕ́КА,

загарода са ссечаных дрэў, паваленых крыж-накрыж верхавінамі ў бок праціўніка. На Русі вядома з 13 ст. Шырока выкарыстоўваліся на межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. (т. зв. засечныя межы). У войнах 20 ст. З. рабілі як перашкоду супраць пяхоты і конніцы праціўніка, звычайна іх умацоўвалі калючым дротам, мінамі і прыкрывалі агнём.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Валянцін Дзмітрыевіч (31.7.1902, г. Самарканд, Узбекістан — 7.4.1975),

рускі пісьменнік. Аўтар фантаст. рамана «Энергія, падуладная нам» (1951) і аповесці «У карставых пячорах» (1952). Гал. месца ў творчасці займае цыкл кніг па гісторыі Расіі, пра станаўленне Кіеўскай Русі: «Аповесць старажытных гадоў. Хронікі IX ст.» (1955), «Русь спрадвечная» (т. 1—2, 1961), «Русь Вялікая» (1967).

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫМА́ГА,

у Старажытнай Русі закрыты баярскі або царскі экіпаж без сядзення для фурмана, з высокім кузавам, з суконнымі або шаўковымі фіранкамі па баках. Пазней К. сталі называць усе старадаўнія грувасткія экіпажы і цяжкія нязграбныя павозкі. На Беларусі К. іранічна называлі калёсы, платформы для перавозкі цяжкіх грузаў, на якіх ездзілі ў гарадах балаголы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная назва ў 9—15 ст. тэрыторыі на правым беразе сярэдняга цячэння Дняпра з цэнтрам у Кіеве. Да 1130-х г. у складзе Кіеўскай Русі, пасля распаду якой утварылася Кіеўскае княства. У 1240 спустошана мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ, у 1471 на тэр. К.з. ўтворана Кіеўскае ваяводства.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЕ́НЬ,

старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.

Кісцень (1) і клявец (2).

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛІЧЫ, углічы,

група ўсходнеславянскіх плямён, якія, паводле «Аповесці мінулых гадоў», жылі ў Ніжнім Падняпроўі, Пабужжы і на берагах Чорнага мора. Вялі барацьбу супраць кіеўскіх князёў за незалежнасць. З сярэдзіны 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. Пад націскам печанегаў адышлі на Пн. Апошняе ўпамінанне пра У. у летапісах адносіцца да сярэдзіны 10 ст.

т. 16, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРВ,

сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд. славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць на Русі ў бас. Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НА,

лікавая адзінка ў грашовай сістэме Стараж. Русі. Тэрмін паходзіць ад агульнаслав. «куны» — грошы (першапачатковае значэнне — шкуркі куніцы). У 10—11 ст. колькасць серабра ў К. адпавядала ⅟25 грыўні, у 12 — пач. 14 ст., у т. зв. «безманетны перыяд», К. раўнялася разане і складала ​1/50 грыўні. У Расіі тэрмін «К.» ў дачыненні да грошай захаваўся да 17 ст.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ТА (араб. паўнавартасная, адборная манета),

рэальная (першапачаткова — абазначэнне куфіцкага дырхема) і лікавая грашовая адзінка Стараж. Русі. У 11 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун (прыблізна 2 ​1/2 г серабра) = 1 ​1/4 куны = 2 ​1/2 разаны = 5—7 ​1/2 вевярыцы; у 12—13 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун = 2 ​1/2 куны або разаны.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)