ГАЎРЫ́ЛІН (Валерый Аляксандравіч) (н. 17.8.1939, г. Волагда, Расія),

рускі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1985). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). У сваёй творчасці імкнецца да сінтэзу акад. і быт. жанраў, уводзіць новыя, ярка нац. формы хар. музіцыравання, заснаваныя на творчым пераўтварэнні рус. фальклору. Сярод твораў: опера «Суцяшэнні» (паводле Г.​Успенскага, 1972); балеты «Анюта» (паводле А.​Чэхава) і «Падпаручнік Рамашоў» (паводле А.​Купрына, 1986), тэлебалет «Дом каля дарогі»; дзействы «Скамарохі» (1967), «Вяселле» (1981), «Перазвоны» (1982), «Пастух і пастушка» (паводле В.​Астаф’ева, 1983); вак.-сімф. паэма «Ваенныя пісьмы» (1972); кантаты; вак. цыклы — 3 «Нямецкія сшыткі» (сл. Г.​Гейнэ, 1961, 1972, 1976), «Рускі сшытак» (словы народныя, 1965), «Поры года» (словы народныя, 1969), «Зямля» (1974), «Вечарок» (1975); сімф., камерна-інстр., хар., вак. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РМА,

рускі дойлід 16 ст. У 1555—60 з І.​Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, Барма і Поснік — адна і тая ж асоба) стварыў у Маскве на Краснай плошчы унікальны помнік архітэктуры — Пакроўскі сабор (гл. Васіля Блажэннага храм).

Літ.:

Брунов Н.И. Мастера древнерусского зодчества. М., 1953.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАДА́ (Андрэй Мітрафанавіч) (26.6.1871, г. Швенчоніс, Літва — 1.1.1931),

украінскі фалькларыст, этнограф і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1922). Чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1894), з 1898 у ім працаваў (з 1904 праф.) У 1921—30 кіраваў Этнагр. камісіяй АН Украіны. У 1923—28 віцэ-прэзідэнт АН Украіны. Аўтар прац пра слав. эпас, гісторыю рус. і ўкр. л-ры, т-р, этнаграфію, краязнаўства: «Рускі валатоўскі эпас» (1896), «Народнасць у рускай музычнай драме сто гадоў назад» (1899), «Рускія быліны пра сватанне» (1902—04), «П.​А.​Куліш — этнограф» (1918), «Краязнаўства на Украіне», (1925), «Лёсы этнаграфіі на Украіне ў 1917—1925 гг.» (1926) і інш. Даследаваў бел. фальклор («Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас», 1895).

Літ.:

Музиченко С. Андрій Лобода // Народна творчість та етнографія. 1971. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н,

легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Канстанцін Мікалаевіч) (26.5.1829, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 14.1.1897),

рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1865 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1890 акадэмік. У 1878—82 узначальваў Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу (Бястужаўскія). Чл. Археаграфічнай камісіі, Рус. геагр. т-ва і інш. Распрацоўваў пытанні крыніцазнаўства, шматлікія працы прысвечаны пытанням гістарыяграфіі.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМВРО́СІЙ (1426 або каля 1430 — каля 1494),

рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.

А.​К.​Лявонава.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАТЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (каля 1510 — 12.6.1573),

рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),

расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.​Дрыга), Франц («Капелія» Л.​Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.​Легатам).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУ́РЫН (Уладзімір Пятровіч) (27.9.1902, г. Стаўрапаль — 7.11.1945),

рускі геолаг. Д-р геолага-мінералаг. н. (1945). Даследаваў геалогію і літалогію нафтаносных раёнаў паўд.-ўсх. Каўказа, Урала-Эмбінскай і Урала-Волжскай абласцей. Распрацаваў метад вывучэння асадкавых парод, пазбаўленых выкапнёвых рэшткаў. Працы Батурына прысвечаны пытанням петраграфіі асадкавых парод і гіст. геалогіі, атрымалі міжнар. прызнанне. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)