БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАСТАІДЭ́І (Blastoidea),

марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.

Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ТВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 70 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Клячыцкія, Крыцкія, Лянкевічы, Радаміцкія, Смолкі, Струпінскія, Талкачы. Мае ў сярэбраным полі чырв. пояс. Клейнод — над прылбіцай з каронай рука ў латах з мячом. Існуюць варыянты герба: сярэбраны пояс у чырв. полі, чорны пояс у сярэбраным полі, у клейнодзе — тры страусавыя пёры і інш. У Польшчы вядомы з сярэдзіны 14 ст., пазней вельмі пашыраны ў ВКЛ.

Герб «Котвіч».

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫ́ЎДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».

Герб «Крыўда».

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЯРО́ДАВЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія ўзнікаюць у жанчын у першыя 6—8 тыдняў пасля родаў. Паталаг. працэс можа лакалізавацца ў родавых шляхах, узнікаць ад інфекцый (напр., эндаметрыт) і без інфекцый (гематомы, крывацёк і інш.). Бываюць П.х. з лакалізацыяй паталаг. працэсу па-за родавымі шляхамі (лактацыйны мастыт, гіпагалактыя, трэшчыны саскоў і інш.). Узбуджальнікі інфекц. П.х. найчасцей стафілакокі, стрэптакокі. Пры інфекц. П.х. высокая т-ра цела, дрыжыкі, паталаг. змены ў хворым органе. Лячэнне тэрапеўт., пераліванне крыві, плазмы.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,

расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТО́МАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, крамяністыя водарасці (Diatomeae, Bacillariophyta),

аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн. сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.

Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.

Дыятомавыя водарасці: 1 — навікула востраканцовая; 2 — дыплонеіс перарваны; 3 — ніцшыя сігмападобная; 4 — каконеіс педыкула; 5 — фрагілярыя сярэдняя; 6 — мелазіра зярністая.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

э́пас

(гр. epos = слова, апавяданне)

1) гераічныя народныя паданні (напр. былінны э.);

2) адзін з трох асноўных родаў мастацкай літаратуры (побач з драмай і лірыкай); апавядальныя творы (напр. раман — адзін з жанраў эпасу).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

лі́рыка

(фр. lyrique < лац. lyrica = ода, ад гр. lyrikos = пачуццёвы)

1) адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае жыццё праз вобраз-перажыванне;

2) перан. чуллівасць, перажыванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

акушэ́рства

(ад фр. accoucher = дапамагаць пры родах)

1) раздзел медыцыны, які вывучае пытанні цяжарнасці, родаў, пасляродавага перыяду, іх фізіялогіі, розных парушэнняў, правільнай медыцынскай дапамогі парадзісе;

2) аказанне практычнай медыцынскай дапамогі пры родах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)