БІЛЬТ (Bildt) Карл (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ (Branting) Карл Яльмар (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РАНСКІ Аляксандр Фёдаравіч (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.

А.Ф.Керанскі.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЕРА́Н (Millerand) Аляксандр (10.2.1859, Парыж — 6.4.1943),

французскі дзярж. і паліт. дзеяч, адвакат. Набыў вядомасць абаронай рабочых і забастоўшчыкаў на судовых працэсах 1880-х г. З 1885 неаднаразова выбіраўся членам палаты дэпутатаў. З пач. 1890-х г. у сацыяліст. руху, прыхільнік рэфармісцкай палітыкі. У 1899 увайшоў як міністр гандлю і прам-сці ў кабінет Р.​Вальдэка-Русо (першы ў гісторыі выпадак удзелу сацыяліста ва ўрадзе). Удзел М. ва ўрадзе прывёў да канфлікту ў Франц. сацыяліст. партыі і еўрап. сацыяліст. руху, узнікнення ў ім рэфармісцкай плыні, якая адмаўлялася ад рэв. мэт і метадаў (т.зв. мільеранізм). У 1904 выключаны з Франц. сацыяліст. партыі. У 1909—20 займаў шэраг высокіх урадавых пасад. У студз.—вер. 1920 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, падтрымліваў Польшчу ў савецка-польскай вайне 1920, афіцыйна прызнаваў урад П.М.Урангеля як прадстаўніка Расіі. У 1920—24 прэзідэнт Францыі (падаў у адстаўку пад націскам правых). У 1925 і 1927 выбіраўся ў Сенат.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЬ (Nagy) Імрэ (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг. сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У НУ, Такін Ну (25.5.1907, Вакема, М’янма — 14.2.1995),

дзяржаўны і паліт. дзеяч М’янмы. Скончыў Янгонскі ун-т (1929). За ўдзел у нац.-вызв. руху Ў 1935—41 зняволены брыт. калан. ўладамі. З 1942 міністр замежных спраў, з 1944 — інфармацыі ва ўрадзе М’янмы, створаным пад апекай яп. акупац. улад. З 1945 віцэ-прэзідэнт, у 1947—58 прэзідэнт Антыфашысцкай лігі народнай свабоды. У 1945—47 старшыня Устаноўчага сходу, у 1947—56, 1957—58 і 1960—62 прэм’ер-міністр М’янмы. У 1962 скінуты ваеннымі на чале з ген. Не Вінам; да 1966 зняволены, у 1966—80 у эміграцыі ў Тайландзе і Індыі, дзе стаў будыйскім манахам. У 1980 вярнуўся на радзіму, удзельнік апазіц. руху, з 1988 ганаровы старшыня Саюза за дэмакратыю і мір.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМЕДЗЬЕ́Н Хуары (23.8.1927, г. Гельма, Алжыр — 27.12.1978),

палітычны, дзярж. і ваен. дзеяч Алжыра. Скончыў ун-т аль-Азхар (Каір, Егіпет). З 1955 удзельнік узброенай барацьбы алж. народа супраць франц. каланізатараў. У 1960—62 член Нац. савета алж. рэвалюцыі і нач. генштаба Арміі нац. вызвалення. З 1962 міністр нац. абароны Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. У 1963—65 віцэ-прэм’ер урада, з 1965 пасля ваен. перавароту кіраўнік дзяржавы (старшыня Рэв. савета, з 1976 прэзідэнт) і ўрада.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЎС (Klaus) Вацлаў (н. 19.6.1941, Прага),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Д-р эканам. н. (1967). З 1967 у Ін-це эканам. даследаванняў АН Чэхаславакіі, з 1970 у Дзярж. банку. Дзеяч Грамадзянскага форуму (з 1990 яго старшыня). Пасля расколу ў форуме з 1991 старшыня Грамадз. дэмакр. партыі. У 1989—92 міністр фінансаў (адначасова з 1990 віцэ-прэм’ер) Чэхаславакіі. У 1992—97 старшыня ўрада Чэхіі, праводзіў курс на прыватызацыю дзярж. сектара эканомікі.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙЗЕР (Fraser) Джон Малколм (н. 21.5.1930, г. Мельбурн, Аўстралія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстраліі.

Скончыў Оксфардскі ун-т. Юрыст. У 1955—83 дэп. аўстрал. парламента ад Ліберальнай партыі, у 1975—83 лідэр гэтай партыі. У 1966—72 быў міністрам арміі, адукацыі і навукі, абароны, у 1975—83 — прэм’ер-міністр Аўстраліі. Ажыццявіў праграму шырокай лібералізацыі эканомікі, што спрыяла эканам. росту, адначасова вяло да росту беспрацоўя і стала прычынай адстаўкі ўрада Ф. ў 1983.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́СЛІНГ (Quisling) Відкун (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),

нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.—снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен. міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв. фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв. адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністр нарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)