ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗА ((Rosa) Сальваторэ) (Сальватор; 20.6 або 21.7.1615, г. Арэнела, Італія — 15.3.1673),

італьянскі жывапісец, графік, паэт. Вучыўся жывапісу ў Ф.​Фраканцыяна і, магчыма, Х. дэ Рыберы. Зазнаў уплыў караваджызму. Працаваў у Неапалі (да 1635), Рыме, Фларэнцыі (1640—48). Выявіў перадрамантычныя тэндэнцыі ў жывапісе класіцызму, выступаў супраць акад. кірунку італьян. барока. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя сюжэты, пейзажы з відамі дзікіх, часам фантастычных ландшафтаў, сцэны бітваў. Творы вызначаюцца экспрэсіўна-змрочнай атмасферай, якую ствараў свабоднай манерай пісьма з дапамогай рэзкіх святлоценявых кантрастаў буравата-свінцовага каларыту: «Бітва» (1637), «Блудны сын» (каля 1640—48), «Адысей і Наўзікая», «Дэмакрыт здзіўляецца спрыту Пратагора» (абедзве 1650-я г.), «Нявер’е Фамы», «Хрышчэнне ў Іардане», «Лясны пейзаж з трыма філосафамі», «Пейзаж з мостам», «Марына», «Дэмакрыт думае», «Астрэя развітваецца з сялянамі», «Караблі» і інш. Ствараў афорты («Гульня трытонаў») і малюнкі («Баявая схватка»). У паэт. творах (напісаны тэрцынамі 7 сатыр) выкарыстоўваў складаныя алегорыі і вычурна драматызаваныя вобразы, высмейваў тагачасныя плыні італьян. л-ры, недахопы грамадства. У сатыры «Вайна» адлюстраваў паўстанне гар. нізоў Неапаля пад кіраўніцтвам Мазаньела.

Літ.:

Сальватор Роза: [Альбом]. М., 1972;

Дьяков Л.А. С.​Роза: [Альбом]. М., 1992.

Л.​Ф.​Салавей.

С.Роза. Марына. Фрагмент.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.​Грэй, О.​Холмс, Д.​Франк, К.​Левелін, Е.​Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЛЕ́Н ((Verlaine) Поль) (30.3.1844, г. Мец, Францыя — 8.1.1896),

французскі паэт. Імпрэсіяніст, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. Паэзіі Верлена ўласцівыя настроі «канца веку», шматпланавасць вобразаў, увага да колеравых і пачуццёвых нюансаў і паўтонаў, музычнасць і меладычнасць, вытанчаны гукапіс, навацыі ў рытме і рыфме. Аўтар паэт. зб-каў «Сатурнічныя вершы» (1866), «Сяброўкі» (1868), «Галантныя святы» (1869), «Добрая песня» (1870), «Рамансы без слоў» (1874), «Мудрасць» (1881), «Далёкае і блізкае» (1884, у т. л. паэма «Пераможаныя»), «Каханне» (1888), «Паралельна» (1889), «Прысвячэнні», «Жанчыны» (абодва 1890), «Шчасце», «Песні для яе» (абодва 1891), «Элегіі» (1893), «Эпіграмы» (1894), «Інвектывы» (1896), «Бібліясанеты» (выд 1913), верша-маніфеста «Мастацтва паэзіі» (1874, выд. 1882), аўтабіяграфіі «Споведзь» (1895). Кнігу «Праклятыя паэты» (1884) склалі літ.-крытычныя нарысы пра Т.​Карб’ера, С.​Малармэ, А.​Рэмбо і інш., а таксама аўтабіягр. «Бедны Леліян». На бел. мову творы Верлена перакладалі М.​Багдановіч (22 вершы), Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Лойка і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У месяцавым ззянні: Выбранае. Мн., 1974;

Рус. пер. — Стихи. СПб., 1908;

Лирика. М., 1969.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Великовский С.И. В скрещенье лучей: Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987;

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Лявонава Е.А. Нерэалістычныя плыні ў замежнай літаратуры другой паловы XIX — пачатку XX ст.: (імпрэсіянізм, сімвалізм) // Бел. мова і літ. 1996. Вып. 2.

Е.​А.​Лявонава.

П.Верлен.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.​Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.​Гегеля і інш.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),

швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАЎ (Л.) (сапр. Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),

дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ. З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т. л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл. ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. З вер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 ​1/2.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ. «Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц. прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.​Самойлы, М.​Караліцкага, Н.​Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.​Андрэеў, З.​Гіпіус, М.​Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.​Меерхольд, М.​Метэрлінк, Г.​Ібсен, М.​Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.​Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.​Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)