ПО́ШЛІНА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ва унутр. спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗЯМЕ́ЛЬ,

комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.

Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтах прамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж. буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.

На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел. рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),

чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.

Літ.:

Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;

Vooght P. de L’Hérésie de Jean Huss. Paris, 1960;

Spinka M. Jonn Hus. Princeton, 1979.

Я.Гус.

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРАВА́Л»,

літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал. рэд. А.​Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.​Вясёлы, М.​Галодны, М.​Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.​Багрыцкі, І.​Катаеў, Г.​Караваева, Н.​Агнёў, М.​Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.​Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.​Горбаў і А.​Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.​Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.

Літ.:

Перевальцы: Антология. М., 1930;

Белая Г. Дон-Кихоты 20-х гг. М., 1989.

Г.​М.​Шаладонаў.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў КІНАФОТАФОНАДАКУМЕ́НТАЎ (БДАКФФД),

навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНК СССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял. Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.​Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.

Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.

А.​М.​Грыневіч.

Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.

Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.​А.​Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.​М.​Карклін); аб прам-сці (С.​В.​Карп); Канстытуцыя БССР (М.​А.​Сегаль); выбары ЦВК БССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР.

З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ. буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВК БССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Я.А.Адамовіч.

Кр.: Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў: Стэнагр. справаздача. Мн., 1927.

М.​П.​Касцюк.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАЦО́ЎНАЙ СЯЛЯ́НСКАЙ ПА́РТЫІ»

(«БФПСП»),

назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.​А.​Бонч-Асмалоўскі, Г.​І.​Гарэцкі, П.​А.​Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «арг-цыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,

антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.

Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.

У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс. чал.) на чале з І.​Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав. ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.​Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.​Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.​Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.​Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).

І.​А.​Пушкін.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,

замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМ БССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш. міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.

Літ.:

Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)