АГРЫ́КАЛА (Agricola) Георг [сапр.Баўэр (Bauer); 24.3.1494, г. Глаўхаў, Германія — 21.11.1555], нямецкі вучоны ў галіне горнай справы і мінералогіі. Д-р медыцыны. На аснове даследаванняў прац антычных вучоных па геалогіі і горнай справе, уласных назіранняў абагульніў і сістэматызаваў вопыт горна-металург. вытв-сці. Навукова абгрунтаваў асновы пошуку і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, падземнай распрацоўкі рудаў і іх абагачэння, металургіі, прабірнага майстэрства. Апісаў 20 новых мінералаў, прапанаваў метады вызначэння іх па вонкавых прыкметах. Вывучаў лекавыя ўласцівасці металаў і мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬДЭР ((Alder) Курт) (10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім. саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬТДОРФЕР ((Altdorfer) Альбрэхт) (каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.
нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр.т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),
нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦАГ ((Herzog) Роман) (н. 5.4.1934, г. Ландсгут, Германія),
нямецкіпаліт. і дзярж. дзеяч. Д-р. юрыд.н., прафесар. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1957). З 1958 пераважна на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Мюнхене, Шпаеры, Зах. Берліне. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз (з 1970). Міністр адукацыі, культуры і спорту (1978—80), дэп. ландтага і міністр унутр. спраў (1980—83) зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Віцэ-прэзідэнт (1984—87) і прэзідэнт (1987—94) Федэральнага Канстытуцыйнага суда. Федэральны прэзідэнт ФРГ з ліп. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́СМАН ((Graßmann) Герман Гюнтэр) (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),
нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).
Літ.:
Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТЭФЕНД ((Grotefend) Георг Фрыдрых) (9.6.1775, г. Мюндэн, Германія — 15.12.1853),
нямецкі філолаг і асірыёлаг. Працуючы выкладчыкам гімназіі ў Гётынгене (1797—1803), пачаў дэшыфроўку стараж.-перс. клінапісу. За аснову дэшыфроўкі ўзяў 2 надпісы персідскіх цароў Ахеменідаў. Зыходзячы з паўтаральнасці ў гэтых надпісах разгаданага ім слова «цар» і абапіраючыся на паслядоўнасць лагічных разважанняў, прачытаў у 1802 пачаткі гэтых надпісаў: першага як «Дарый, цар вялікі, цар цароў, Гістаспа сын, Ахеменід», і другога як «Ксеркс, цар вялікі, цар цароў, Дарыя цара сын, Ахеменід».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СЕЛЬ ((Kossel) Альбрэхт) (16.9.1853, г. Ростак, Германія — 5.7.1927),
нямецкі фізіёлаг і біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай акадэміі. Скончыў Імперскі ун-т у г. Страсбур (1877). З 1883 у Берлінскім фізіял. ін-це (з 1887 праф.), з 1895 дырэктар ін-та фізіялогіі ў г. Марбург, у 1901—24 дырэктар Гейдэльбергскага фізіял. ін-та. Навук. працы па хіміі ядзерных бялкоў, нуклеінавых кіслот, нуклеапратэідаў. Распрацаваў канцэпцыю аб састаўных элементах клеткі, стварыў тэорыю будовы бялкоў. Адкрыў гістыдзін. Нобелеўская прэмія 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СКІН ((Leskien) Аўгуст) (8.7.1840, г. Кіль, Германія — 20.9.1916),
нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў младаграматызму. Акад. Берлінскай і Мюнхенскай АН. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Вучыўся ва ун-тах Кіля, Лейпцыга, Іены, Гётынгена. Праф. ун-таў Іены (1869), Лейпцыга (1870—1916). Вывучаў фаналогію балт. і слав. моў, садзейнічаў стварэнню іх параўнальнай граматыкі. Асн. працы: «Скланенне назоўнікаў славянска-літоўскіх і германскіх моў» (1876), «Граматыка старабалгарскай мовы» (1909), «Граматыка сербахарвацкай мовы» (1914) і інш. Выдаў зборы слав. і літоўскага фальклору.