ГА́СЕР ((Gasser) Герберт Спенсер) (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),
амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАЛА́МУС (ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і водна-салявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́Я (ад грэч. glia клей),
нейраглія, сукупнасць клетак нерв. тканкі, што запаўняюць прастору паміж нейронамі галаўнога і спіннога мозга і крывяноснымі сасудамі ў ц. н. с. Займаюць каля 40% яе аб’ёму; забяспечваюць існаванне і спецыфічныя функцыі нерв. клетак (узбуджанасць, тармажэнне, распаўсюджанне імпульсаў па адростках нейронаў і ў вобласці сінаптычнага кантакту, звязаны з сінтэзам медыятараў, выконваюць апорную, трафічную, размежавальную, сакраторную і ахоўную функцыі. Колькасць іх у ц. н. с. млекакормячых каля 140 млрд. (з узростам павялічваецца). Клеткі гліі падзяляюцца на гліяцыты (макраглія) і мікраглію. Клеткі макрагліі сваімі адросткамі і целамі вакол цел і адросткаў нейрацытаў утвараюць аснову гематаэнцэфалічнага бар’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. irradio ззяю, выпраменьваю) у фізіялогіі, распаўсюджванне ўзбуджэння ці тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Асновай І. з’яўляецца вызначаная марфал. і функцыян. структура розных аддзелаў галаўнога мозга, таму пашыраецца па вызначаных шляхах і ў часавай паслядоўнасці. І. ўзбуджэння асабліва праяўляецца пры моцным раздражненні, калі ў рэфлекторны адказ уцягваюцца і інш.нерв. цэнтры. Напр., на ўмеранае раздражненне токам ступні жывёла адказвае згінаннем лапы ў галёнкаступнёвым суставе, павелічэнне сілы току прыводзіць да згінання нагі ў каленным і тазасцегнавым суставах. Пры ўзнікненні моцнага ачага ўзбуджэння і змены ўласцівасцей нерв. тканкі, І. ўзбуджэння можа стаць паталагічнай, напр., пры эпілепсіі. Тармажэнне таксама распаўсюджваецца ў клетках кары галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЛЕЖАНЬ,
амярцвенне (некроз) мяккіх тканак (скуры з падскурнай клятчаткай, слізістай абалонкі, сценкі полага органа або крывяноснага сасуда) у выніку нейратрафічных расстройстваў і парушанага кровазвароту. Адрозніваюць П. экзагенныя (ад працяглага, інтэнсіўнага сціскання тканак; бываюць вонкавыя і ўнутр.) і эндагенныя (у цяжкахворых, якія доўгі час ляжаць нерухома; у хворых з хранічнымі парушэннямі нерв. сістэмы ад кантузіі спіннога мозга, кровазліцця ў мозг, пашкоджання буйных нерв. ствалоў). Узнікаюць П. на крыжы, лапатках, пятачных буграх, інш. костачках. Калі некратызаваныя тканкі адпадаюць, утвараюцца і доўга не зажываюць язвы. П. можа ўскладняцца гнойнай інфекцыяй. Лячэнне: мазевыя павязкі, агульнаўмацавальныя сродкі. П. бывае і ў аслабленых жывёл пры працяглым вымушаным ляжанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫГІ́ДНАСЦЬ (ад лац. rigidus цвёрды),
1) у фізіялогіі — функцыянальны стан шкілетных мышцаў, які характарызуецца рэзкім павышэннем іх тонусу і супраціўляльнасцю дэфармуючым намаганням. У чалавека ўзнікае пры парушэннях, пашкоджанні дзейнасці ц. н. с. і паталаг. раздражненні перыферычных нерваў. Напр., пры атручэнні некат. ядамі, захворваннях нерв. сістэмы, таксама пад гіпнозам узнікае стан пластычнага тонусу: мышцы становяцца воскападобнымі, таму канечнасцям можна лёгка надаць любое становішча на працяглы час. 2) У медыцыне — нягнуткасць, здранцвеласць, выкліканая напружаннем мышцаў. Стан, пры якім зніжана прыстасавальнасць, пераключальнасць псіхічных працэсаў да зменлівых патрабаванняў асяроддзя. Пластычны тонус мышцаў характэрны для асаблівага стану нерв. сістэмы, які наз. васковай Р., або каталепсіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела),
першасныя сегменты цела, парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́БНІ, скрэбені, калючагаловыя чэрві,
акантацэфалы (Acanthocephala),
клас паразітычных першаснаполасцевых чарвей (існуюць інш. класіфікацыі). Каля 1500 відаў. На Беларусі 11 відаў, найб. вядомыя акантацэфалус гусіны (Acanthocephalus anguillae), макракантарынхус п’яўкавы (Macracanthorhynchns hirudinaceus), паліморфус вялікі (Polymorphus magnus) і інш. Паразіты кішэчніка пазваночных жывёл (канчатковыя гаспадары), узбуджальнікі акантацэфалёзаў.
Даўж. да 68 см, цела двухбаковасіметрычнае, верацёнападобнае, укрыта кутыкулай, у некат. відаў з шыпікамі. Пярэдні канец цела ператвораны ў орган прымацавання — хабаток з хіцінавымі кручкамі Крывяносная, дыхальная і стрававальная сістэмы адсутнічаюць, нерв. складаецца з галаўнога нерв. вузла і парных прадаўгаватых тулаўных ствалоў. Жыўленне асматычным шляхам Раздзельнаполыя Развіццё з метамарфозам і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — ракападобныя, малюскі і насякомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЕ́ПТЫКІ, аналептычныя сродкі (ад грэч. analēptikos які аднаўляе),
лекавыя прэпараты, што выкарыстоўваюцца для стымуляцыі дыхальных і сасуда-рухальных нерв. цэнтраў прадаўгаватага мозга, пры парушэннях дыхання і кровазвароту (кардыямін, каразол і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ТЭРАПІ́Я,
метад фізіятэрапіі, заснаваны на ўздзеянні ультракароткіх хваль на арганізм чалавека. Выкарыстоўваюць пры хваробах мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы, органаў апоры і руху, стрававання, як сродак процізапаленчага, абязбольваючага і спазмалітычнага ўплыву.