ВАРЫЎНЯ́, стопка, істопка,

тып гасп. пабудовы на Беларусі для захоўвання агародніны, садавіны, малака, часам і гасп. прылад. Вядома з 17 ст. Звычайна зрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая 2- або 4-схільным дахам з драніцы ці саломы, з вокнамі без шкла, што зачыняліся драўлянымі засаўкамі (будавалі варыўню і без вокнаў); часам мела ўнутраныя выгарадкі, засекі. Ацяплялі варыўню курной печчу або гарачым вуголлем. У 19 — пач. 20 ст. на ПдЗ Беларусі варыўню часам прыбудоўвалі да сянец. У фальварках 17 — пач. 20 ст. існавалі шматкамерныя варыўні, якія мелі сенцы, каморы і інш. памяшканні (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёскі Дубае Пінскага, Урэчча Любанскага р-наў і інш.).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

Грубка ў Нясвіжскім палацы. Канец 18 ст.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Слуцкай акругі. Цэнтр — в. Грозаў. Пл. 1069 км², нас. 33 992 чал., 288 населеных пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у складзе Мінскай акругі. Скасаваны 8.7.1931, тэр. ўвайшла ў склад Капыльскага, Пухавіцкага і Слуцкага р-наў. Зноў утвораны 12.2.1935. Цэнтр — мяст. Грэск. Пл. 1000 км², 151 населены пункт. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 21.6.1935 у Слуцкай акр., з 20.2.1938 і з 8.1.1954 у складзе Мінскай, з 20.9.1944 — Бабруйскай абл. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Уздзенскі р-ны.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ШЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст. Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЛЕС,

нізіннае балота на Пд Кобрынскага (24,4 тыс. га) і Драгічынската (15,7 тыс. га) р-наў Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала і р. Мухавец. Пл. 40,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладаў 24,8 тыс. га. Глыб. торфу да 5,6 м, вял. плошчу займаюць забалочаныя мінер. глебы і мелказалежныя тарфянікі. Месцамі ёсць сапрапель і мергель магутнасцю да 3 м. На неасушаных землях пераважае хмызняк і драбналессе з вярбы, вольхі, бярозы; травяное покрыва пераважна з асок. Балота падзелена пясчанымі градамі (агульная пл. 1,2 тыс. га) на некалькі масіваў. Асобныя грады пад лесам з вольхі і бярозы, хмызняком з ляшчыны і вярбы, месцамі ворыва.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР ў 1944—60. Цэнтр — г. Маладзечна. Створана 20.9.1944 з б. Вілейскай вобласці з далучэннем Валожынскага, Іўеўскага, Юрацішкаўскага р-наў Баранавіцкай вобл. 8.1.1954 да М.в. далучаны Івянецкі р-н Баранавіцкай вобл., Іўеўскі р-н перададзены Гродзенскай вобл. У 1959 пл. вобласці 24,3 тыс. км², нас. 848 тыс. чал., у т. л. 767 тыс. сельскага; 10 гарадоў, 8 гар. пасёлкаў, 253 сельсаветы; 22 раёны: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Валожынскі, Відзскі, Вілейскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Міёрскі, Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі, Юрацішкаўскі. 20.1.1960 вобласць скасавана. Раёны перададзены Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абл.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАШЭ́ВІЧ Іван Іосіфавіч (н. 6.6.1937, в. Плотніца Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1997). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Брэсцкім аблпраекце, ін-це «Белпрампраект», з 1976 гал. архітэктар ін-та «Белсельбудпраект», з 1987 гал. архітэктар, з 1998 нам. гал. архітэктара Мінскай вобл. Асн. работы: генпланы прамысл. вузлоў у Гродне, Магілёве, Бабруйску і інш. гарадах (1964—74), комплексы з-даў у Брэсце, Віцебску, Гродне, Жодзіне, Бабруйску і інш. (1965—75), забудова вёсак Астрамечава Брэсцкага, Асавец Любанскага р-наў, пас. Жамчужны (усе 1978—85, у сааўт.), серыя сельскіх дамоў з маналітнага бетону (1984—86). З 1988 удзельнічае ў карэкціроўцы генпланаў гарадоў Мінскай вобл.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЬКО́ВА Алена Сяргееўна (н. 7.5.1944, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1970). З 1966 салістка жан. вак. квартэта «Купалінка», з 1988 адна са стваральніц, маст. кіраўнік і салістка аднайм. фалькгрупы. Валодае голасам сакавітага тэмбру, шырокім пеўчым дыяпазонам. Адраджае традыцыі бел. муз.-песеннага мастацтва, збірае бел. нар. песенны фальклор, які ў рэпертуары групы выконваецца ў рэгіянальных традыцыях спеваў (пераважна Мінскага, Брэсцкага і Гомельскага р-наў). Аўтар муз. кампазіцый «Купалле», «На кірмашы», «Прыйдзі, вясна», апрацовак бел. нар. песень. Адна з аўтараў кінафільмаў «Квартэт «Купалінка», «Спявае «Купалінка», «Купалінка».

І.​Л.​Чэбан.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫТ у архітэктуры,

верхняя частка пераважна тарцовай сцяны, абмежаваная двума схіламі даху і не аддзеленая ўнізе карнізам (у адрозненне ад франтона). Пабудовы са стромкім 2-схільным дахам маюць востравугольны Ш. Найб. пашыраны Ш. ў архітэктуры стылю готыкі. На Беларусі вядомы з 15—16 ст. Ш. аздаблялі разнастайнымі нішамі (цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл.), часам мелі крывалінейную або ступеньчатую форму (касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.). У нар. драўляным дойлідстве пашыраны Ш., вынесеныя наперад за плоскасць тарцовага фасада, маюць традыц. дэкар. аздабленне.

Шчыт царквы-крэпасці ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)