тэлевізі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для прыёму або перадачы відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання. Тэлевізійная станцыя. Тэлевізійная студыя. □ Як гасцінны гаспадар і як гід адначасова, шафёр паказвае мне новыя дамы ў Століне — і жылыя, і адміністрацыйныя, на рэтрансляцыйную тэлевізійную вышку, на першакласны бальнічны гарадок. Місько. Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі нават шпіль тэлевізійнай вежы. Карпаў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне. Тэлевізійная перадача. Тэлевізійны фільм. □ Першы тэлевізійны музычны спектакль для маленькіх гледачоў адбыўся. «ЛіМ».

•••

Тэлевізійны цэнтр гл. цэнтр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не пакідае надзеі, не дазваляе разлічваць на добры канец або паляпшэнне чаго‑н. Людзям ўласціва змагацца і перамагаць нават там, дзе справа здаецца безнадзейнай. Місько. І паўстаюць з руінаў безнадзейных Кварталы новых гмахаў-камяніц. Танк. // Які страціў сілы і здольнасці перамяніцца; прапашчы. Пісьменнік ніколі не закрэслівае чалавека як істоту цалкам адмоўную, безнадзейную, знаходзячы і ў характарах намаляваных ім адмоўных герояў штосьці добрае, чалавечае. Навуменка. // Які вырашае адсутнасць надзеі. Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі безнадзейнымі позіркамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. чым. Тое, што і матаць ​1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.

2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыстава́ць, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑стаюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах. Да кары і сучкоў папрыставалі шматкі чорнай і рыжай поўсці. Сачанка.

2. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Хлопцы папрыставалі да кампаніі. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай — пра ўсіх, многіх. Браты папрыставалі па чужых вёсках у прымы. Місько.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прычаліць да берага — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Караблі папрыставалі да прыстані.

4. Вельмі стаміцца, прыстаць — пра ўсіх, многіх. Папрыставалі коні ў дарозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сенны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да песні, уласцівы ёй. Песенная культура. Песенны матыў. Песенны фальклор.

2. Напеўны, меладычны. Шаўчэнкі песеннае слова З малых гадоў хвалюе нас. Хведаровіч. Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль.

3. Які любіць спяваць, багаты песнямі. Песенны народ. Песенны край. □ У песенную вёску прыязджаюць работнікі дамоў народнай творчасці, Акадэміі навук, запісваюць за самадзейнымі артыстамі іх песні, тэксты народных прадстаўленняў. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пліта́, ‑ы, ДМ пліце; мн. пліты, пліт; ж.

1. Вялікі плоскі камень або кавалак металу і пад. з плоскай роўнай паверхняй. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. Прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і заліта асфальтам, абсаджана двума радамі каштанаў. Колас. Рудзенькая дарожка да самага ганка была высыпана жоўтым пяском і выкладзена бетоннымі плітамі. Місько.

2. Кухонная печ з канфоркамі. — Хацелася б, сынок, каб і ты быў такі спагадлівы і уважлівы да людзей, — зазначыла маці і адышлася да пліты гатаваць снеданне. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

Разм. Пайсці, пабегчы хутка; паскорыць хаду, крок. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Ён прыпусціўся за ім і дагнаў на загуменні. Лобан. — Я іду, паненка! Я ўжо бягу! — адказаў Казік і прыпусціўся бягом. Чарнышэвіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ісці з большай сілай. Потым прыпусціўся сапраўдны цёплы дождж і зацягнуўся на ўвесь тыдзень. Пташнікаў. // Пачаць што‑н. рабіць; пусціцца. Прыпусціцца ў скокі. □ Кінуўшы томік Маякоўскага на стол, Галя прыпусцілася бегчы з газетаю ў руках. Сабаленка. Нічога не кажучы, прыпусцілася Шэсцель даганяць [калгаснікаў]. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.

2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.

3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасо́к, ‑ска, м.

1. Знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцяня ссе малако. Усхваляваная,.. [цётка Зося] хуценька памыла рукі, спаласнула вядро, працерла мокрым ручніком саскі ў каровы. Бялевіч. [Саша] ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, і тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Шамякін. На ружовым, нібы кветка-агеньчык, саску блакітнай іскрынкай бліснула кропля малака. Місько.

2. Спец. Дэталь, частка прадмета або прыстасавання ў выглядзе шышачкі, выступу і пад. Сасок баявой лічынкі затвора вінтоўкі.

3. Спец. Месца ўваходжання зрокавага нерва ў вочны яблык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Незак. да скупіць.

2. Купляць з мэтай перапродажу ці нарыхтоўкі; займацца скупкай. У колішнія часы скупляў Сіпак зямлю за нішто ў салдатак. Лынькоў. Расказалі жывёлаводкі, як раней нейкі купец скупляў у іх ваколіцах худую жывёлу і маладняк, адкормліваў бульбай і брагай і прадаваў на бойню. Місько. [Феадал] скупляў пяньку, лён, ільнасемя, збожжа ў сялян па ганнай цане і затым збываў іх на тым жа мясцовым рынку вясной, калі цэны па прадукты сельскай гаспадаркі былі больш высокія, або, што часцей сустракалася, адпраўляў па экспарт. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)