БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР МО́ДЫ.

Адкрыты ў 1949 у Мінску як Дом мадэляў, з 1988 — Беларускі цэнтр моды. Распрацоўвае прамысл. калекцыі швейных вырабаў і тэхн. дакументацыю, стварае і прапагандуе перспектыўныя калекцыі мадэляў жан. і мужчынскага адзення, асабліва модныя вырабы.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЕАГРА́ФІЯ: ПРАБЛЕ́МЫ ВЫКЛАДА́ННЯ»,

навукова-метадычны часопіс. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. і рас. мовах 4 разы ў год. Засн. рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуе нарматыўныя матэрыялы, метадычныя парады, айч. і замежны вопыт выкладання геаграфіі.

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМАТО́РЫЙ (новалац. crematorium ад лац. cremare спальваць),

спецыяльна абсталяванае збудаванне для спальвання (крэмацыі) памерлых. Мае крэмацыйныя печы, жалобны зал для пахавальных абрадаў і інш. Першы К. адкрыты ў Мілане ў 1876. У Мінску К. дзейнічае з 1986.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

псі́на, ‑ы, ж.

1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.

2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зрабіць узмах рукой для ўдару, кідання і пад. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач .. коннікам. Колас. [Сын] спачатку выліў на зямлю мутную ваду, пасля размахнуўся і кінуў у агонь бляшанку. Чыгрынаў.

2. перан. Разм. Зрабіць што‑н. з размахам (у 4 знач.). [Жданковіч:] — Што я пастарэў ужо так, ці рабіць развучыўся? Ды я яшчэ так размахнуся! Шамякін. Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усачы́ць, усачу, усочыш, усочыць; зак., каго-што, за кім-чым.

1. Назіраючы, сочачы за кім‑, чым‑н., паспець заўважыць, убачыць што‑н. У Мінску штодня адбываліся арышты. Абстаноўка там мянялася часта і ўсачыць ён усімі зменамі ў падполлі было надзвычай цяжка. Дзенісевіч. Творчы працэс вельмі складаны, за ім не ўсочыш і не ўціснеш у нейкія формулы. Сяргейчык.

2. Назіраючы за кім‑, чым‑н., не дапусціць чаго‑н. непажаданага, утрымаць ад якіх‑н. непажаданых учынкаў. Аднак увесь час усачыць за Панцем было нялёгка. Што больш хлапчук падрастаў, то ўсё горш рабіўся непаседлівы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),

бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.​Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),

адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.

М.​В.​Біч, Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).

У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.

Аўтавакзал «Усходні» ў Мінску.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ ЛІТАРА́ТАРА ў Мінску,

творчы клуб пісьменнікаў Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. Ю.​Грыгор’еў, В.​Шубіна).

Асіметрычны складанай канфігурацыі плана будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі верт. праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (маст. У.​Стальмашонак) Унутр. планіроўка дакладна размежавана на 2 функцыян. зоны: парадная ўключае на 1-м паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, на 2-м — прасторнае фае, глядзельную залу на 336 месцаў, канферэнц-залу, кафэ, кулуары; дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, б-ку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асн. і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутр. дворык. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, дрэва, чаканка (мастак Ю.​Любімаў).

А.​А.​Воінаў.

Дом літаратара ў Мінску.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)