КАЗБЕ́К (груз. Мкінвары — ледзяны; асец. Урсхох — белая гара),
вяршыня Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Грузіі. Выш. 5033 м (усх. вяршыня), зах. вяршыня на 400 м ніжэй. Патухлы вулканічны конус, складзены з андэзітавых і трахіта-ліпарытавых лаў, насаджаны на масіў з юрскіх сланцаў. На схілах субальпійскія і альпійскія лугі, з выш. 3300 м — вечныя снягі. Далінныя ледавікі (Дэўдаракскі, Мна, Суатысі і інш.). Агульная плошча зледзянення 135 км². Раён альпінізму і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАЙ (Kenai),
паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛА, Рыла-Планіна,
горны масіў на ПдЗ Балгарыі, самы высокі на Балканскім п-ве (2925 м, г. Мусала). Даўж. каля 80 км. Складзены са стараж.крышт. і метамарфічных парод. Характэрны востраканцовыя вяршыні, цыркі, трогі. З Р. бяруць пачатак рэкі Іскыр, Марыца, Места. На выш. 2100—2500 м ледавіковыя азёры, на схілах шыракалістыя і хвойныя лясы, вышэй за 2000—2100 м субальпійскія і альпійскія лугі. Мінеральныя крыніцы. Зімовы спорт. Курорты. У паўд.-зах. адгор’ях — Рыльскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЕ́НЫ (Cevennes),
горы на ПдУ Францыі, платопадобная паўд.-ўсх. ўскраіна Цэнтр.Франц. масіву. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1702 м (г. Лазер); Паўд. і ўсх. схілы стромка абрываюцца да Ронскай нізіны, паўн. і зах. — пакатыя. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сланцаў, месцамі з вулканічных парод. Міжземнаморскія хмызнякі, вышэй шыракалістыя лясы (з каштану, буку) змяняюцца хвойнымі (з хвоі, елкі, піхты), на вяршынях — лугі. У далінах — вінаграднікі, сады. Нац. парк Севены (засн. ў 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎР, Торас (Toros’lar),
горы на Пд Турцыі. Цягнуцца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага м. прыблізна на 1000 км. Выш. да 3726 м (г. Дэмірказык). Утвараюць паўд. ўскраіны Малаазіяцкага і часткова Армянскага нагор’яў. Складзены пераважна з вапнякоў і крышт. сланцаў. У цэнтр.ч. альпійскі рэльеф, на З — карставыя ландшафты. На паўн. схілах да 400 мм ападкаў за год; пустыні і стэпы, на паўд. да 3000 мм; міжземнаморскія лясы, хмызнякі, лугі. Нац. паркі. Т. праразаюць Кілікійскія Вароты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРСКЕ́Й-АЛА́-ТО́О, Тэрскей-Алатау,
хрыбет у Цянь-Шані, які абмяжоўвае з Пд Ісык-Кульскую катлавіну, у Кыргызстане. Даўж. 375 км. Выш. да 5216 м. Складзены з гранітаў, метамарфічных сланцаў, вапнякоў і інш. На паўн. схіле высакагорны рэльеф з трогамі, цыркамі, ледавікамі; паўд. схіл спадзісты, зліваецца з сыртамі Унутр. і Цэнтр. Цянь-Шаня. Пл. ледавікоў каля 1080 км². На паўн. схіле — яловыя лясы, высакагорныя лугі, на паўд. — камяністая тундра і высакагорная халодная пустыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЮН (Fyn),
востраў у групе Дацкіх а-воў у Балтыйскім м., тэр. Даніі. Пл. каля 3 тыс.км². Абмываецца пралівамі Вял. і Малы Бельт. Берагі нізкія, расчлянёныя бухтамі. Рэльеф — узгорыстая раўніна з марэннымі градамі. Вышыні да 131 м. Лугі. Большая ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі (пшаніца, ячмень, цукр. буракі, сеяныя травы). Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Востраў злучаны мастамі з п-вам Ютландыя і паромамі з бліжэйшымі а-вамі (Зеландыя і інш.). Гал. горад — Одэнсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),
ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34°паўн. ш. да 48°30′паўн. ш.). Найб.выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42°паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная ўпадзіна ў сістэме Гісара-Алая, у Таджыкістане, паміж паўд. ускраінай Гісарскага хр. і паўн. ўскраінамі гор Бабатаг, Каратау і інш.Даўж. каля 115 км, шыр. да 20 км, выш. ад 700 да 1000 м. Арашаецца р. Кафірніган з прытокамі і водамі Вял. Гісарскага канала. Пасевы бавоўніку, кунжуту, пшаніцы. Садоўніцтва. На схілах гор да выш. 1200—2000 м субтрапічныя стэпы, хмызнякі і шыракалістыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У Гісарскай даліне — г. Душанбе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.