Створаны ў 1938 у Гомелі. Адкрыўся 15.7.1938 спектаклем «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, які шмат у чым паўтараў пастаноўку С.Абразцова, на рэпертуар і пастановачныя прынцыпы якога т-р пераважна арыентаваўся на першым часе. З 1940 маст. кіраўнік М.Бабушкін, гал. мастак Б.Звінагродскі. Ставіліся пераважна казкі: «Чароўныя падарункі» («Дзед і Жораў») В.Вольскага, «Кот у ботах» Г.Уладычынай, «Вялікі Іван» Абразцова і С.Праабражэнскага, «Падарожжа ў дзіўныя краіны» У.Палякова і інш. У Айч. вайну асн. трупа т-ра знаходзілася ў Душанбе. Дзейнічала таксама агітбрыгада на чале са Звінагродскім, у праграме — сатыр. сцэнкі і інтэрмедыі. 1.5.1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у Гомелі спектаклем «Вялікі Іван». У першыя пасляваен. гады пераважна аднаўляўся ранейшы рэпертуар. З лепшых новых пастановак: «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Хрустальны чаравічак» Т.Габэ, «Дзед Мароз» А.Шурынавай і «Чароўны галёш» Г.Мацвеева. У 1949 дзейнасць т-ра была спынена. У 1950 т-р створаны нанава і працуе ў Мінску. Некат. спектаклі 1950-х г. характарызаваліся празмерна дэталізаваным вырашэннем лялькі, імітацыяй ёй чалавека. Пошукі новых выяўл. сродкаў, станаўленне прафес. сцэнаграфічнай культуры т-ра звязаны з дзейнасцю рэж. Анатоля Ляляўскага і мастака Л.Быкава. Пераканаўчае рэжысёрскае прачытанне, цікавае сцэнаграфічнае вырашэнне атрымалі творы бел. драматургіі: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага, «Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча, «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля, «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі, «Лілавічкі» паводле У.Галубка, «Дзякуй, вялікі дзякуй» і «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Янка-цымбаліст і алавянае царства» Э.Брука і Б.Дуцэнкі. У канцы 1960—1-й пал. 1970-х г. адраджаецца традыцыя пастановак для дарослых, распачатая ў 1950-я г. спектаклямі «Краса ненаглядная» Я.Спяранскага і «Кароль-Алень» паводле К.Гоцы Сярод іх: «Чортаў млын» і «Боская камедыя» І.Штока, «Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар, «Клоп» У.Маякоўскага, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака. Творчасць т-ра 2-й пал. 1970—80-х г. адметная зваротам да новых выяўл. сродкаў, у спектаклях разам з лялькамі выступаюць акцёры ў жывым плане. Імкненне да сінтэзу разнастайных сцэн. сродкаў выявілася ў спектаклях «Крэсіва» Спяранскага, «Сланяня» Уладычынай, «Арэшак» Р.Аляксандравай, «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда, «Ляўша» паводле М.Ляскова, «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена і інш. Творчае аблічча т-ра 1990-х г. вызначаюць спектаклі, пастаўленыя рэж. Аляксеем Ляляўскім: «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Папялушка, ці Перамога Дабрачыннасці» Ж.Маснэ, «Цар Ірад» у апрацоўцы Г.Барышава і інш.
У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі У.Уласаў, У.Грамовіч, А.Казакоў, мастак па ляльках засл. работнік культ. А.Нікалайчык. У 1976—96 гал. мастак А.Фаміна.
М.А.Каладзінскі.
Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Дзед і Жораў» В.Вольскага.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа.Да арт.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.
Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).
Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).
Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дом на скале» Х.Вуаліёкі.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.Крапівы.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),
1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл.Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.
2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.Дзідро, Л.С.Мерсье ў Францыі, Г.Э.Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.П.Чэхава, Б.Шоу, Б.Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.Коласа («Антось Лата»), Л.Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял.Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Апошні шанц» В.Быкава, «Радавыя» А.Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.Марчука, «Пятля часу» Р.Баравіковай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.Рабава, «Бабскі бунт» Я.Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.Шоу) Я.Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Джулія» (паводле С.Моэма) і «Шклянка вады» У.Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу, «Гора ад розуму» А.Фельзера, «О, мілы друг» В.Лебедзева, «Сірано» С.Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.Журбіна, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.Маякоўскага) У.Дашкевіча. З пач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» на муз. І.Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» на муз. М.Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на муз. П.Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова, «Залатое кураня» У.Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш.Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Гайда, В.Мазур, засл.арг. Беларусі А.Ісаеў, Г.Казлоў, П.Рыдзігер, В.Фаменка, засл. арт. Расіі А.Кузьмін, Н.Равінская, засл.арг. Украіны А.Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Расіі М.Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.Дзятко і К.Кузняцоў.
У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.Абраміс, П.Кірыльчанка, А.Лапуноў, балетмайстры С.Дрэчын, В.Бутрымовіч, артысты Дз.Іванова, Ю.Лазоўскі, К.Лосеў, Р.Харык, В.Шаўкалюк, Л.Рабушка, рэжысёры Б.Утораў, В.Цюпа, С.Штэйн, А.Барсегян, Р.Вікцюк, Ю.Аляксандраў, мастакі Я.Чамадураў, А.Марозаў, А.Грыгар’янц, Б.Герлаван, У.Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.Баневіча, «Дзіцячы альбом» на муз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка.
Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.Кішчанка і А.Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт Ю.Якубовіч).
Літ.:
Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;
Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.Германа. 1992.Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.Кандрусевіча 1991.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.Глебава. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт.камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.
Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т. л. І.С.Бах, І.Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.Чычкова, У.Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.Крылатава і інш.
Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз.т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), першая муз.камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз.т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз.т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.Лукаса паводле казкі Я.Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.Шлег паводле К.Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел.рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.Залётнеў, І.Кузняцоў, В.Помазаў, К.Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.Абеліёвіч, Г.Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.Захлеўны, У.Кандрусевіч, С.Картэс, А.Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.Суруса, сюіта «Званы» М.Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар. апрацоўкі бел.нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.Дамарацкага, Ш.Ісхакбаевай, В.Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.Багатырова, Вагнера, Г.Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.Карэтнікава, Л.Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т. л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.
Літ.:
Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;
Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;
Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНР [франц. genre ад лац. genus (generis) род, від],
у большасці відаў мастацтва ўнутранае падраздзяленне, якое склалася гістарычна; тып устойлівай структуры маст. твора, спосаб яго змястоўнай і кампазіцыйнай арганізацыі. Жанравая дыферэнцыяцыя залежыць ад спецыфікі відаў мастацтва. Асновай развіцця Ж. з’яўляецца складаны характар рэчаіснасці, патрэбнасць у адэкватным вобразным адлюстраванні пэўных тыпаў жыццёвых сувязей і адносін. Паэтыка кожнага Ж. заключаецца ў выбары маст. формул, спецыфіка якіх складае жанравы стыль. Ж. семантычна і марфалагічна арганізуе ўсе элементы вобразнай структуры, ён нараджаецца патрэбамі зместу і ў сваю чаргу ўплывае на знешнюю форму з дапамогай характэрных толькі для яго сродкаў выразнасці. Наяўнасць адносна ўстойлівых фармальных прыкмет, спецыфічнай мовы дазваляе аднесці Ж. да катэгорыі маст. формы, якая, аднак, не мае самастойнага эстэт. сэнсу і не з’яўляецца назаўжды зададзенай і завершанай. Усе структурныя элементы Ж. выступаюць носьбітамі актыўнай пазіцыі аўтара і абумоўлены яго светапоглядам, творчай манерай, метадам і інш. Незалежна ад уласцівых кожнаму віду мастацтва спецыфічных прынцыпаў падзелу на Ж. існуюць і агульныя канцэпцыі жанравай дыферэнцыяцыі: паводле прадмета характару адлюстравання, інфармацыйнай і пазнавальнай ёмістасці, спосабу пабудовы маст. вобраза і інш.
Тэрмін «Ж.» і жанравая класіфікацыя ўзніклі ў франц. эстэтыцы класіцызму ў 17—18 ст., але з 19 ст. страцілі строгія межы падзелаў і гал. ролю ў іерархічнай сістэме мастацтваў; нягледзячы на відавочную гістарычнасць паняцця Ж., у практыцы мастацтвазнаўства яго ўжываюць да ўсіх перыядаў гісторыі сусв. мастацтва, што тлумачыцца зручнасцю падзелу твораў паводле тэматыкі адлюстравання. У пластычных відах мастацтваў, дзе немагчыма вылучыць прадмет выявы (архітэктура, дэкар.-прыкладное мастацтва і інш.), жанравая класіфікацыя не прынята.
У выяўленчым мастацтве асн. прыкметы Ж. найперш вызначаюцца паводле прадмета выявы (пейзаж, партрэт, бытавы жанр, гістарычны жанр, батальны жанр, нацюрморт і інш.). Наступная больш дробная жанравая дыферэнцыяцыя абумоўлена зліццём у маст. творчасці пазнавальных, вобразна-мастацкіх, ідэйна-ацэначных элементаў і наяўнасцю ў кожнага твора вызначанага функцыян. прызначэння. Так, у залежнасці ад ідэйна-ацэначнай пазіцыі мастака партрэт можа быць у форме шаржу ці карыкатуры, а ў залежнасці ад прызначэння — парадным, камерным, інтымным і інш. Новыя «паджанры» ўзнікаюць і пры падзеле на больш дробныя з’явы прадметаў выявы (марына — асобны від пейзажа, «галантны жанр» — адзін з відаў бытавога Ж. і інш.). Развіццё і эвалюцыя Ж. ў выяўл. мастацтве Беларусі абумоўлены асаблівасцямі яе гіст. развіцця (гл. ў арт.Жывапіс, Графіка, Скульптура і пра адпаведныя Ж.). У жывапісе 16—18 ст. пераважаў Ж. параднага (т. зв. сармацкага) партрэта (партрэт Крыштофа Весялоўскага, 1636, і інш.). Пейзажны Ж. у графіцы ўзнік у пач. 16 ст. (гравюра «Руф у полі», 1517—19, з Бібліі Ф.Скарыны), у жывапісе склаўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. («Зарослая сажалка» А.Гараўскага, 1857). З 19 ст. назіраецца спалучэнне Ж. («Партрэт жонкі з нацюрмортам» І.Хруцкага, да 1836), у 20 ст. — іх сінтэз (трыпціх «Незабыўнае» К.Касмачова, «Партызанская мадонна» М.Савіцкага, «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» А.Марачкіна і інш.).
У літаратуры пад Ж. разумеюць устойлівыя разнавіднасці твораў, што склаліся ў працэсе яе гіст. развіцця. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце від літаратурны. У аснове кожнага Ж. ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў. Кожны з трох асн. родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае Ж. Напр., да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма. Эпічныя Ж. адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу. Існуюць таксама «змешаныя» Ж., у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напр., ліраэпічныя Ж. (паэма, балада). Многія Ж. маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драм. элемент, у драме — эпічны і г.д.). Пры характарыстыцы маст. твораў вызначэнне Ж. можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «Ж.» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, Ж. рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш. Жанравая сістэма бел. л-ры такая, як і ў інш.еўрап. л-рах. Аднак некаторыя Ж., выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напр., гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).
У музыцы паняцце Ж. абагульняе розныя бакі муз. твора і ўключае: жыццёвае прызначэнне і функцыю бытавання (адрозніваюць прыкладную музыку, што выконвае дапаможную функцыю, і прапанаваную, якая патрабуе адасаблення выканаўцы ад слухача і спец. ўстаноўку на эстэт. ўспрыняцце); спосаб і ўмовы выканання і ўспрыняцця (музыка выконваецца пэўным складам выканаўцаў, па фіксаваным тэксце або па-за ім, у канцэртнай зале, оперным т-ры, у хатніх умовах, на дыскатэцы і інш.); тыпізаваную змястоўную сферу; пэўныя стылістычныя адзнакі. Складанасць і шматсэнсоўнасць паняцця Ж. абумоўлены тым, што яго састаўныя часткі рознага парадку могуць уступаць адна з адной у разнастайныя спалучэнні. Змены ўмоў бытавання муз. твораў, узаемадзеянне фалькл., бытавых і прафес. Ж., развіццё муз. мовы вядуць да мадыфікацыі старых і фарміравання новых Ж. Таму ў муз. навуцы існуюць розныя сістэмы класіфікацыі Ж., адзіная ж тэорыя муз. Ж. знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адносна прафес. музыкі найб. пашырана класіфікацыя паводле складу выканаўцаў і спосабу выканання. У вак. музыцы вылучаюць Ж. чыста вакальныя (хор а капэла), у вак.-інструментальнай — камерна-вакальныя (сольная песня, раманс, вак. цыкл, розныя вак. ансамблі) і вак.-сімфанічныя (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), у інструментальнай — камерна-інструментальныя (саната, сюіта, паэма, балада, рапсодыя, мініяцюра, трыо, квартэт, квінтэт і інш. віды ансамбляў) і сімфанічныя (сімфонія, сімфанічная сюіта, сімфанічная паэма, сімфаньета, канцэрт, уверцюра), муз.-сцэнічныя (опера, балет, аперэта, мюзікл). Усе Ж. атрымалі значнае развіццё ў бел. музыцы.
У кіназнаўстве ўжываюцца такія жанравыя вызначэнні, як кінараман, кінааповесць, кінаэпапея, кінапаэма, дэтэктыўны фільм і інш. Існуюць і больш вузкія жанравыя падраздзяленні: філасофская або лірычная кінааповесць, сатыр., эксцэнтрычная, муз. кінакамедыя, музычны фільм, паліт. кінадэтэктыў і інш. Вядомы такія Ж., як вестэрн, фільм жахаў, кінамюзікл і інш. Існуе тэндэнцыя да змешвання Ж., з’яўляюцца новыя жанравыя ўтварэнні. У бел. кінематографе прадстаўлены Ж.: героіка-прыгодніцкі («Лясная быль»), кінаэпапея («Людзі на балоце»), эпічная кінадрама («Першы ўзвод»), сац.-псіхал. кінадрама («Двойчы народжаны») і кінааповесць («Іван Макаравіч»), кінакамедыя («Нашы суседзі»), героіка-рамант. кінадрама («Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце»), гераічная кінаэпапея («Полымя»), гісторыка-рэв. кінааповесць («Масква—Генуя»), лірычная кінааповесць («Я родам з дзяцінства») і кінапаэма («Вянок санетаў»), дэтэктыў («Дзікае паляванне караля Стаха») і інш.
Жанр газетны — сістэма літ.-публіцыстычных форм у журналістыцы для асвятлення падзей паліт., эканам., сац. і культ. жыцця. Падзяляецца на 3 жанравыя групы: інфармацыйны (нататка, справаздача, інтэрв’ю, рэпартаж), пабудаваны на канкрэтных, пераважна аператыўных фактах; аналітычны (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, рэцэнзія), які апрача канстатацыі фактаў патрабуе іх аналізу, ацэнкі; мастацка-публіцыстычны (замалёўка, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет), набліжаны да маст. (белетрыстычных) твораў. У іх спалучаюцца лагічны, рацыянальны і вобразны пачаткі. У сучаснай журналістыцы пашыраны т.зв. «сінтэтычныя» Ж., у якіх для больш вобразнага і глыбокага раскрыцця падзей і характараў спалучаюцца элементы некалькіх Ж. (напр., нарыса і рэпартажу, артыкула і замалёўкі і інш.). Некаторыя элементы газетнага Ж. выкарыстоўваюцца таксама ў кіна-, тэле- і радыёжурналістыцы.
Літ.:
Буало Н. Поэтическое искусство: Пер. с фр.М., 1957;
Недошивин Г.А. Беседы о живописи. М., 1959;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Бяспалы А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання. Мн., 1994;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Цуккерман В.А. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964;
Сохор А. Теория музыкальных жанров: задачи и перспективы // Сохор А. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1983. [Т.] 3;
Власов М. Виды и жанры киноискусства. М., 1976;
Шилова И.М. Проблемы жанров в киноискусстве. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЖАў літаратуры,
1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.Байран, Г.Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.Растан) апісанні П.
2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.
3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).
4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.Рабле, М.Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.Мора, Т.Кампанелы, С.Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.Кук, Ж.Лаперуз, В.Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Т.Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.В.Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.Л.Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.Смуула (1958) і інш.Вял. папулярнасць маюць дакумент.літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.І.Кусто, Б.Зянковіч і інш.).
У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.К.Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.Старавольскага, Г.Пельгрымоўскага, І.Б.Сапегі, І.Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.Барстоўскага, А.Каменскага-Длужыка, Ф.Котава, Т.Білевіча, у 18 ст. — Я.Сапегі, Я.Комара, Л.Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.П.Сапегі, С.Маскевіча, А.Філіповіча, Я.Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.Ельскага (1898), мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Ягож. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;
Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.