ЛЕШЧ (Abramis brama),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі. Паўпрахадная і жылая формы. Прыдонная рыба, жыве чародамі, пераважна ў месцах з павольнай плынню, ямамі, заглееным дном. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. да 75 см, маса да 6 кг. Цела высокае, бакі серабрыстыя з залацістым адлівам, спіна шаравата-зялёная. Спінны плаўнік высокі, кароткі, анальны доўгі. Луска тоўстая. шчыльная. Корміцца ракападобнымі, малюскамі, раслінамі, маляўкі — планктонам. Аб’ект промыслу.

Лешч.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ (Tinca tinca),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца ўсюды, пераважна ў азёрах і поймавых вадаёмах.

Даўж. да 60 см, маса да 1 (рэдка да 7,5) кг. Цела шырокае і тоўстае з кароткім хваставым сцяблом, укрыта дробнай луской і густым слоем слізі. Спіна цёмна-зялёная, бакі бурыя з залацістым бляскам, плаўнікі цёмна-шэрыя. Корміцца доннымі беспазваночнымі і раслінамі. Аб’ект развядзення і промыслу.

Лінь.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зе́лень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

browse

[braʊz]

1.

v.t.

па́сьвіць

2.

v.i.

1) жыві́цца траво́ю, па́сьвіцца

2) Figur. гарта́ць, перагляда́ць кні́гі

3.

n.

малады́я па́расткі, галі́нкі, зялёная па́ша

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

паўсыха́ць, ‑ае; зак.

У сохнуць — пра ўсё, многае. Яблыні паўсыхалі. □ На былым падворку ўсё яшчэ ўзвышалася знаёмая лістоўніца, але і яе не абмінуў пажар — ніжняе голле паўсыхала, зялёная пакуль была адна макаўка, ды і тая пачала ўжо вянуць. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасо́ннік, ‑у, м.

Сасновы лес. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Мележ. Дарога спускаецца ў глыбокі і доўгі лог, туды, дзе пад старымі панурымі ялінамі гусціўся сасоннік і ядловец, дзе было асабліва цёмна і сцішна. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,

сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НГА (Mangifera),

род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. М. індыйскае (M. indica) са стараж. часу культывуецца ў Індыі.

Вечназялёныя дрэвы выш. 10—45 м. Лісце суцэльнае. Кветкі двухполыя і тычынкавыя, дробныя, белыя, у мяцёлчатых суквеццях. Плод — касцянка, зялёная, жоўтая або чырвоная. Плады М. індыйскага (даўж. да 25 см, дыям. да 10 см) ядомыя. Маюць да 20% цукру, шмат вітамінаў, ім уласціва процівіруснае дзеянне.

У.​П.​Пярэднеў.

Манга.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТА́Н,

канадскі позназімовы сорт яблыні. Выведзены ад скрыжавання сартоў Мекінтош і Жоўты Ньютаўн. Пашыраны на Беларусі.

Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-цыліндрычнай формы. Плады сярэдняй велічыні (80—90 г), амаль аднамерныя, круглавата-канічнай формы. Асн. афарбоўка светла-зялёная, покрыўная — цёмна-бардовая з фіялетавым адценнем. Мякаць белая, шчыльная, сярэднесакаўная, кіславата-салодкага смаку. Плоданашэнне пачынае на 3—4-ы год, дае рэгулярны сярэдні ўраджай, які выспявае ў канцы вер., захоўваецца да мая. Зімаўстойлівасць сярэдняя, сярэднеўстойлівы да паршы.

Спартан.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧМЕНЕВАЛАСНЕ́Ц (Hordelymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакаў). 1 від — Я. еўрапейскі (H. europaeus). Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і, М. Азіі. На Беларусі трапляецца на тэр. Белавежскай пушчы, занесены ў Чырв. кнігу. Расце асобнымі экзэмплярамі ў ясенніках, грабавых дубровах кіслічнага тыпу.

Шматгадовая травяністая ярка-зялёная расліна выш. 60—120 см. Карэнішча ўкарочанае. Сцёблы пустыя, прамастойныя, каля вузлоў касматыя. Лісце шурпатае, пляскатае. Каласы лінейныя, звужаныя да верхавінкі. Каласкі звычайна аднакветкавыя. Плод — зярняўка.

Ячменеваласнец еўрапейскі.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)