ПРЫБАЛАТУ́ХА, павуціннік бранзалетавы (Cortinarius armillatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у вільготных лясах, на ўскрайках вярховых балот.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 4—15 см, чырванавата-бурая або чырванавата-карычневая, спачатку шыроказваночкавая, потым распасцёртая, валакніста-лускаватая. Пласцінкі прырослыя, шырокія. Мякаць жаўтавата-бурая з мяккім смакам. Ножка выш. да 12 см, булавападобная, каштанава-бураватая, з цагельна-чырв. пукатымі кольцамі. Споры эліпсоідныя, іржава-жоўтыя. Ядомы.

Прыбалатуха.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА курэй яечнага кірунку. Выведзена скрыжаваннем пеўняў пароды легорн с мясц. курамі. Прамысл. значэння не мае, гадуецца ў прыватных гаспадарках.

Паводле целаскладу падобныя да курэй легорн, адрозніваюцца высокай жыццяздольнасцю. Грэбень лістападобны, прамастойны ў пеўняў, звіслы набок у курэй. Апярэнне белае. Дзюба і лапы жоўтыя. Маса пеўняў 2,9—3,2, курэй 2,1—2,2 кг. Яйцаноскасць 200—230 яец за год, маса яйца 58—60 г. Не наседжваюць.

М.​Ц.​Гарачка.

Руская белая парода курэй.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анто́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.

1. Пашыраны сорт зімовай яблыні, на якой растуць буйныя, жоўтыя, віннакіслыя яблыкі. Пад цяжарам пахучых залатых яблыкаў згіналі да зямлі галіны антонаўкі. Васілевіч.

2. Плод гэтай яблыні. За хатамі спеюць улетку антонаўкі. Чорны. Паліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́дла, ‑а, н.

Жалезная падстаўка асобай формы для ручной коўкі металу. Каля горна кавадла. На зямлі ля кавадла невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі. Галавач. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла. Курто.

•••

Паміж молатам і кавадлам гл. молат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (T. erectus), аксаміткі адхіленыя (T. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (T. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.

Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).

Аксаміткі прамастойныя.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕРЭ́НЦЫЯ,

сорт грушы, выведзены ў Вялікабрытаніі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве ў паўд.-зах. абласцях.

Дрэва моцнарослае, з высокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт ураджайны, пладаносіць штогод, слабазімаўстойлівы, устойлівы да паршы. Плады сярэдняй велічыні (120—150 г), бутэлькападобнай формы, зеленавата- ці саламяна-жоўтыя, з румянцам на сонечным баку. Мякаць ружовая ці цёмна-жоўтая, вельмі мяккая і сакавітая, салодкая з лёгкай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у канцы верасня — пач. кастрычніка. Захоўваецца да снежня.

М.​Р.​Мялік.

Канферэнцыя.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́ША (Larus fuscus),

птушка сям. чайкавых атр. сеўцападобных. Пашырана на марскіх узбярэжжах і вял. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца на пралётах вясной (сярэдзіна крас.—пач. чэрвеня) і восенню (вер.—ліст.) на буйных азёрах і рэках.

Даўж. да 58 см, маса да 1200 г. Апярэнне белае, акрамя цёмна-шызай спіны і крылаў. Дзюба вял., моцная, ярка-жоўтая з чырв. плямай. Ногі лімонна-жоўтыя. Гняздуе на прыбярэжных скалах і астраўках, часта калоніямі. Нясе 2—3 яйцы. Усёедныя.

Клуша.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТАЛЯ́РЫЯ (Crotalaria),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках пераважна Афрыкі. К. сітнікавая (C. juncea, індыйскія каноплі, індыйская пянька) культывуецца ў Паўд.-Усх. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Закаўказзі. Стараж. прадзільная культура.

К. сітнікавая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2,5 м. Лісце суцэльнае. Кветкі буйныя, жоўтыя. Плод — моцна ўздуты, густа апушаны боб. Сцёблы выкарыстоўваюць для вырабу вяровак, канатаў, рыбалоўных сетак, ветразяў, радна, спец. сартоў паперы. Сідэральная культура.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.

Лаганец асенні.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЬКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля зах. ускраіны в. Еськаўка. Назва ад былой в. Манькаўка. Пластавы паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі шаравата-жоўтыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, месцамі слабагліністыя, з уключэннямі жвіру і галькі. Разведаныя запасы 7,9 млн. м³, перспектыўныя 10,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 9,3—25 м, ускрышы (супескі, пяскі) да 5 м. Пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, для дарожнага буд-ва.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)