фанаско́п, ‑а, м.

Спец. Апарат для вывучэння гукавых асаблівасцей маўлення і спосабаў утварэння гукаў пры дапамозе галасавога апарата.

[Ад грэч. phōnē — гук і skopeō — гляджу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збег, -у, м.

1. гл. збегчы.

2. Месца, паглыбленне, па якім збягае вада.

Стаць на самым збегу вады.

3. Спалучэнне, злучэнне (спец.).

З. зычных гукаў.

◊

Збег акалічнасцей — абставіны, якія склаліся пэўным чынам, ход падзей, які абумовіў што-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гармо́нія, -і, ж.

1. Зладжанасць, узаемная адпаведнасць у спалучэнні чаго-н.

Г. гукаў.

Г. святла і ценю.

Г. інтарэсаў.

2. Раздзел тэорыі музыкі, вучэнне аб правільнай пабудове сугучнасцей у кампазіцыі (спец.).

|| прым. гармані́чны, -ая, -ае (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чаргава́нне ср., в разн. знач. чередова́ние;

ч. пра́цы з адпачы́нкам — чередова́ние труда́ с о́тдыхом;

ч. гу́каў — чередова́ние зву́ков

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

заіка́нне, ‑я, н.

Недахоп у мове, які праяўляецца ў мімавольным паўтарэнні асобных гукаў, складоў або ў затрымцы іх вымаўлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разнато́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца ад іншых па тону. Разнатонныя гукі. // Які ўтвараецца з гукаў розных таноў. Разнатонны звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінгармані́зм, ‑у, м.

У мовазнаўстве — прыпадабненне галосных гукаў у слове да каранёвага галоснага, уласцівае цюркскім і некаторым іншым мовам.

[Ад грэч. syn — разам і harmonia — сугучча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЛАЛО́ГІЯ (ад грэч. haploos адзіночны, просты + ...логія),

выпадзенне ў выніку дысіміляцыі аднаго з двух аднолькавых (ці падобных) складоў, якія стаяць побач; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае на стыку складоў (напр., мінералогія <мінералалогія, трагікамедыя <трагікакамедыя).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акміні́т

[ад ак(устыка) + мін(ерал)]

будаўнічы матэрыял, непранікальны для гукаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)