Ліма́н ’заліў у нізоўях ракі ці салёнае возера паблізу мора’ (ТСБМ) — кніжнае запазычанне з рус. мовы. Тураў. ліма́н ’участак вялікіх памераў’ (ТС), утварылася ў выніку пераносу значэння ’заліў’ > ’заліўны луг’ > ’поле’ > ’участак’. Абодва да рус., укр. лиман ’шырокае вусце ракі’, ’марскі заліў’, якія праз тур., крым.-тат., кыпч. liman ’порт’ узыходзяць да с.-грэч. λιμένι(ον), λιμένας < ст.-грэч. λίμνην ’заліў’ (Фасмер, 2, 497; Кюнэ, 72). Жураўскі (Тюркизмы, 86) лічыць лексему лиманъ экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́га

Ст.-бел.

1. Ліман.

2. Рачное вусце, дзе рака падзяляецца на рукавы пры ўпадзенні ў мора; сутокі ракі.

3. Князь, начальнік, ваявода (Гарб.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГО́ЕН ((Goyen) Ян ван) (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),

галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.

А.​М.​Пікулік.

Ян ван Гоен. Рака Ваал каля Неймегена. 1640-я г.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́Я,

рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл. і Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы Дубровенскага р-на і Смаленскай вобл. Расіі, левы прыток р. Дняпро. Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 694 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Стараселле Горацкага р-на, вусце за 800 м на ПнУ ад в. Лазараўка Дубровенскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі Ірвяніца і Закабыліца (злева), у Расіі Свіная і Лупа (справа). Цячэ па зах. схілах Смаленскага ўзвышша. Даліна трапецападобная, шыр. 2 км. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—6 м, у ніжнім цячэнні 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 4 м³/с. На рацэ каля в. Леніна вадасховішча.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ШЧА,

рака ў Пскоўскай вобл. (Расія) і Расонскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дрыса (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 85 км, у т. л. на Беларусі 68 км. Пл. вадазбору 1380 км². Выцякае з воз. Нішча (Себежскі р-н), цячэ па Полацкай нізіне, вусце за 1 км на З ад в. Кульнёва. Асн. прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца (злева), Хонка, ручай Галавач (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 100—200 м. Пойма часцей двухбаковая, чаргуецца па берагах, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 25—30 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Веснавы ледаход 2 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,7 м³/с. У ніжнім цячэнні рака зарэгулявана Клясціцкім вадасховішчам.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СА,

рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 183 км. Пл. вадазбору 6420 км². Выцякае з воз. Дрысы, цячэ на паўн. ч. Полацкай нізіны, праз азёры Астраўцы, Сіньша і Буза, вусце ў межах г. Верхнядзвінск. Асн. прытокі: Нешчарда, Нішча, Свольна (справа), Шчаперня і Дахнарка (злева). Даліна трапецападобная, месцамі скрынкападобная, ніжэй вусця р. Нішча на асобных участках невыразная, шыр. 200—500 м, у нізоўі — 1,5 км. Пойма нярэдка забалочаная, шыр. 100—500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 25—45 м. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак., доўжыцца каля 60 сут. Летне-асенняя межань каля 140 сут. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сак.—пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 45,6 м³/с. На рацэ г. Верхнядзвінск.

Рака Дрыса каля вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДО́ВЕЦ, Свідоўка, Балотніца, Плотніца,

рака ў Жытомірскай вобл. Украіны і ў Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 61 км, у межах Беларусі — 16 км. Пл. вадазбору 600 км². Пачынаецца за 6 км на ПнЗ ад в. Кованка Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., вусце каля в. Картынічы Лельчыцкага р-на (раней рака ўпадала ў р. Лохніца — прыток р. Убарць). Цячэ ў межах Палескай нізіны. Даліна амаль на ўсім працягу невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні чаргуецца па берагах, у ніжнім — суцэльная, шыр. да 1,5 км, парасла лесам і хмызняком, месцамі адкрытая, лугавая, у асн. забалочаная. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні слабазвілістае, шыр. 6—8 м, у ніжнім шыр. 15 м, на тэр. Беларусі каналізаванае. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯРО́БСТВА І КАРМО́Ў БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублік і Беларусь.

Засн. ў 1927 у Мінску (з 1964 у г. Жодзіна Мінскай вобл.) як Цэнтр. хім. лабараторыя Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1937—56 Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН БССР. Да ліп. 1989 Беларускі НДІ земляробства. Асн. кірункі навук. даследаванняў: арг-цыя земляробства, стварэнне новых высокаўраджайных, высакаякасных сартоў збожжавых, зернебабовых, крупяных, кармавых і тэхн. культур, распрацоўка тэхналогій іх вырошчвання. Аспірантура з 1957. Пры ін-це эксперым. базы: «Вусце», «Жодзіна», «Зазер’е»; спец. насенняводчая гаспадарка «Гнезна» (Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл.). У ін-це працавалі акад. УАСГНІЛ і АН БССР Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, акад. АН БССР А.Л.Лапо, В.Л.Шэмпель і чл.-кар. С.Н.Іваноў, П.Я.Пракопаў, М.Р.Чыжэўскі; працуюць акад. Акадэміі агр. навук Беларусі С.І.Грыб, Л.В.Кукраш, У.П.Самсонаў, В.М.Шлапуноў, чл.-кар. П.Л.Ніканчык.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎ (Narew),

рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р. Зах. Буг (бас. р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс. км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ліма́н

1. Сутокі; расшыранае вусце ракі (БРС).

2. Берагавая частка балота, дзе амаль заўсёды стаіць вада (Слаўг.).

□ ур. Ліма́н або Ліма́ны (частка балота Чыстая Лужа) каля в. Шаламы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)