КАТЛЯРО́Ў (Ізяслаў Рыгоравіч) (н. 21.2.1938, г. Чавусы Магілёўскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1966). Працуе ў газ. «Светлагорскія навіны» на Гомельшчыне. Узначальвае ў Светлагорску карцінную галерэю «Традыцыя» (з 1992). Піша на рус. мове. Друкуецца з 1957. Аўтар зб-каў «Сябры мае — сведкі мае» (1981), «Тут, на трапяткой зямлі» (1989), «На адлегласці позірку і душы» (1990), «А душа і ў малітве баліць» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Мой равеснік», 1975; «Цукеркавае дрэва», 1980; «Наш двор», 1997, з С.Шах). У творах тэмы пасляваен. дзяцінства, роздум над жыццём сучасніка і складанасцю чалавечых узаемаадносін. Аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра творчасць бел. мастакоў.
т. 8, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб. апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Літ.:
Рапопорт Э.Е. Вера Кетлинская. Л., 1958.
т. 8, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.
т. 9, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРТА́НІЧ (Вольга) (сапр. Мешчаракова Вольга Іванаўна; н. 6.3.1963, г. Качканар Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1987). Працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. радыё, з 1998 у штотыднёвіку «7 дней». Друкуецца з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. У цэнтры твораў вобраз жанчыны-сучасніцы з яе рамантызмам, самаахвярнасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці: паэт. зб-кі «Птушыным шляхам» (1990), «Начное сонца» (1994), аповесці «Эдэм пачынаецца летам» (1995), «Па вузкай дарозе ў цесную браму» (1997), апавяданні «Казка пра сяржанта Міхасёва», «Пакіньце яго плакаць», «У прымрак самоты, у звабны адчай...». Аўтар п’есы «Ружы для чужога кахання» (1995), публіцыст. артыкулаў, эсэ.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРО́Ш (Герман Аўгуставіч) (25.5.1845, С.-Пецярбург — 18.10.1904),
рускі музычны крытык, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1866), вучыўся ў А.Рубінштэйна. Праф. Маскоўскай (1867—86, з перапынкамі) і Пецярбургскай (1872—79) кансерваторый. З 1860-х г. выступаў у перыяд. друку. Аўтар цыкла артыкулаў пра творчасць М.Глінкі, П.Чайкоўскага, інш. рус. і зах.-еўрап. кампазітараў і артыстаў, па пытаннях муз. адукацыі, муз. навукі і інш. У шэрагу ацэнак выявіліся супярэчлівасць і кансерватызм яго эстэт. прынцыпаў: недаацэньваў творчасць кампазітараў «Магутнай кучкі», адмоўна ставіўся да новых тэндэнцый у музыцы 2-й пал. 19 ст. Выступаў і як літ. крытык.
Тв.:
Избр. статьи о Глинке. М., 1953.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПАЛ (Іван Капітонавіч) (13.1.1896—26.5.1943),
расійскі філосаф, літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Маск. ун-т (1919), Ін-т Чырв. прафесуры (1924), працаваў у Маск. ун-це і Ін-це Чырв. прафесуры, у 1935—40 дырэктар Ін-та сусв. л-ры імя М.Горкага. Даследаваў творчасць франц. матэрыялістаў (Д.Дзідро, Ж.Ламетры), раскрыў эвалюцыю іх поглядаў, вучэнне аб этыцы і эстэтыцы, прыродзе і пазнанні, філас. погляды У.Акосты, А.М.Радзішчава, І.Дз.Якушкіна і інш. Аўтар артыкулаў пра А.С.Пушкіна, Л.М.Талстога, А.М.Горкага, У.У.Маякоўскага, Ш.Руставелі, І.В.Гёте, Г.Гейнэ, П.Беранжэ, А.Франса. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 9, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Емельянова Н.Н. Композитор К.И.Массалитинов. М., 1976.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЗЛЯКО́Ў (Аляксей Фёдаравіч) (28.3.1778, г. Далматава Курганскай вобл., Расія — 7.8.1830),
рускі паэт, крытык, перакладчык, педагог. Адзін з заснавальнікаў прафес. крытыкі ў Расіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1799), з 1802 выкладаў у ім (з 1804 праф., з 1817 дэкан). Паэзія М. спалучала грамадзянскасць з цікавасцю да нар. творчасці. У 1805—10 стварыў цыкл народных песень («Сярод даліны роўнае...», «Не ліпачка кучаравая...», «Чарнабровы, чарнавокі...» і інш.). Як крытык і тэарэтык л-ры быў блізкі да класіцызму, але выступаў супраць яго аўтарытэтаў. Аўтар лекцый і артыкулаў па эстэтыцы. Перакладаў грэч. і рым. паэтаў.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1958;
Песни и романсы А.Мерзлякова. М., 1988.
т. 10, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭЛЬ (Міхась) (Мендэль Моўшавіч; 13.4.1904, в. Камень Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1980),
бел. крытык, тэатразнавец. Вучыўся ў БДУ (1921—26). Быў на парт. і журналісцкай рабоце, працаваў у навук. і тэатр. установах Беларусі. У Вял. Айч. вайну ў т-рах і ўстановах культуры Тамбова, Ташкента, Андыжана. З 1944 заг. літ. часткі т-ра оперы і балета ў Мінску, з 1945 у рэдакцыях час. «Полымя», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1925. У 1930-я г. прытрымліваўся вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў, у пасляваен. час імкнуўся іх пазбягаць. Аўтар зб. артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуры «Л.П.Александроўская» (1945), кнігі нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).
т. 10, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар. АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. Алма-Ата, 1963;
Избранное. М., 1983.
Ж.Сахіеў.
т. 11, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)