на́глуха, прысл.

1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.

2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць касым (у 2 знач.); перакасіцца, пакрывіцца. Месцамі штыкетнік .. пакасіўся. Шыловіч. — Трэці год за вёскай на пяску чатыры шулкі стаяць, пачарнелі І пакасіліся ад дажджу і часу... Ракітны.

2. Паглядзець скоса. Уласюк закурыў папяросу, пакасіўся на цёмны куток пакоя. Колас. Сіняўскі падкруціў чорныя вусы, пакасіўся на камандзіра. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакрыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак., што.

1. Пакласці, правесці, перавязаць што‑н. накрыж. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

2. перан. Сутыкнуць, пераплесці. А мы ж, брат, сустрэліся з ёй, пад Ржэвам. Вайна перакрыжавала нашы шляхі. Ракітны. // Скасаваць, перакрэсліць. Аўтаматызацыя і механізацыя, атамныя электрастанцыі, палёты на ракетах вакол зямлі нашчэнт перакрыжавалі ранейшы павольны тэмп жыцця. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзве́рх, прысл. і прыназ.

1. прысл. Вышэй паверхні чаго‑н., над кім‑, чым‑н. Глядзець паўзверх.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паўзверх» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца з назвамі месца або прадмета, над паверхняй якіх што‑н. размяшчаецца, адбываецца ці рухаецца. Сонца зранку жарам пыша, Ветрык лісце чуць калыша, Вее чуць паўзверх зямлі. Колас. За шыбай ужо была снежная гурба. Паўзверх яе курыўся снег. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгара́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгарачыць.

2. у знач. прым. Разагрэты (работай, хадой і пад.); гарачы. З зямлі патыхала вячэрнім спакоем, мокры мяшок з рыбаю прыемна студзіў разгарачаную спіну. Капыловіч. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. // перан. Узбуджаны, растрывожаны. Разгарачаная фантазія Дзічкоўскага зусім разгулялася. Алешка. // Які выяўляе ўзбуджанасць, растрывожанасць. — Прызямліліся, тата? — бліснуўшы разгарачанымі вачыма, спытаў Алег. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрэ́ска, ‑і, ДМ фрэсцы; Р мн. ‑сак; ж.

Роспіс сцен вадзянымі фарбамі, нанесенымі на свежаатынкаваную сцяну. Падарожнік зможа доўга любавацца роспісамі і фрэскамі сабора Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра ў Полацку. Сачанка. Фрэскі на сценах грамадзянскія будынкаў дагэтуль не сустракаліся ні ў адным горадзе Старажытнай Русі. «Помнікі». // Жанр жывапісу, заснаваны на прымяненні вадзяных фарбаў. На блакітных мармуровых каланадах красаваліся фрэскі ў строгім ваенным стылі. Алешка.

[Іт. fresco — свежы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чабаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чабару. Чабаровы водар перабіваў кіслы толавы пах, які кружыў галаву. Алешка.

2. Прыгатаваны з чабару; сабраны з кветак чабару. Чабаровы настой. □ Пасля лазні Віця забег на кухню, дзе Маша пачаставала яго духмяным чабаровым чаем, а адтуль падаўся ў клуб. Корзун.

3. Які парос чабаром. На чабаровых узлесках прыпякала сонца, і зграі аваднёў неслі над коньмі варту. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалапу́т, ‑а, М ‑пуце, м.

Разм. Легкадумны, пусты чалавек; баламут; свавольнік. [Міхаленя:] — Малады чалавек, калі ты ў асабістым жыцці такі ж шалапут, як быў у гэтым палёце, то дрэнь справы. Алешка. Ці адкрывацца Васілю Раманавічу?.. Асудзіць ці не? А можа палічыць за шалапута і не даверыць сур’ёзных заданняў. Новікаў. І будзе прасвятлелы тварам, Не зведаўшы жыцця пакут, Чакаць свой мяч на тратуары З каленкам збітым шалапут. Вярба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарачыня́, ‑і, ж.

1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.

2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)