паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).
Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпуnAA + nBB → pC + qD роўная: v = kCnAACnBB, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.
Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл.Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́ЛІ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння полівінілавага спірту з альдэгідамі.
Цвёрдыя аморфныя бясколерныя рэчывы. Паводле прыроды арган. радыкала R (вадарод, алкіл, фурфурыл і інш.) тэрмапласты ці тэрмарэактапласты, мал. м. (15—200)∙10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Раскладаюцца пры t > 150 °C і апрацоўцы мінер. к-тамі. Атрымліваюць звычайна гідролізам полівінілацэтату з наступным далучэннем альдэгіду да полівінілавага спірту, (полівінілбутыраль); x, y, z — колькасць адпаведна ацэтальных, вінілспіртавых і вінілацэтатных звёнаў у макрамалекуле, што ўтварыўся пры гідролізе, таму макрамалекулы П. акрамя асн. ацэтальных звёнаў (гл.Ацэталі) маюць вінілспіртавыя і вінілацэтатныя звёны. Найважн. П. — полівінілфармаль (П. на аснове фармальдэгіду) і полівінілбутыраль (на аснове масленага альдэгіду). Тэрмапласты. Вызначаюцца высокай адгезіяй да металаў, шкла і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюць полівінілфармаль пераважна для вырабу электраізаляцыйных лакаў, полівінілбутыраль — для вырабу сінт. кляёў (тыпу БФ), лакаў, грунтовак, эмаляў, атрымання антыкаразійных і дэкар. пакрыццяў на металах, у вытв-сці безасколачнага шкла трыплекс.
М.Р.Пракапчук.
Агульная формула полівінілацэталей. R — вадарод (полівінілфармаль) ці арганічны радыкал, напр., C3H7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд.ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял.глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУШКАВЫЯ.
астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).
Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАНО́ГІЯракападобныя
(Isopoda),
атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн.г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.
Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУР (Ruhr), Рурская вобласць,
галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн.ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял.прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ Канстанцін Мікалаевіч (н. 30.3.1933, С.-Пецярбург),
бел. фізік Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1976). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі), з 1992 заг. лабараторыі Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі, даследаванні электронна-вагальных спектраў і электроннай структуры малекул тыпу хларафілу, а таксама працэсаў пераўтварэння энергіі светлавога ўзбуджэння ў іх. Прапанаваў дэталёвую інтэрпрэтацыю электронна-вагальных спектраў парфіну і яго аналагаў. Даследаваў нізкатэмпературныя рэакцыі фотатаўтамерызацыі, што дало пачатак новаму кірунку ў малекулярнай спектраскапіі высокага раздзялення — фотавыпальванне стабільных спектральных правалаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Дзярж. прэмія СССР 1986.
Тв.:
Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968 (разам з Г.П.Гурыновічам, А.Н.Сеўчанкам);
Спектроскопия порфиринов: Колебательные состояния. Мн., 1985 (у сааўт);
Колебательная и электронно-колебательная спектроскопия тетрапиррольных пигментов // Фотобиология растений и фотосинтез. Мн., 1996.
Літ.:
К.Н.Соловьев // Журн. прикладной спектроскопии. 1993. Т. 58, № 5/6.