П’ЯЎКО́ (Уладзіслаў Іванавіч) (н. 4.2.1941, г. Краснаярск, Расія),

расійскі спявак (тэнар). Засл. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1965). У 1965—89 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Андрэй Хаванскі, Самазванец («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Міхайла Туча («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.​Пучыні), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Наздроў («Мёртвыя душы» Р.​Шчадрына).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БАС ((Rabas) Вацлаў) (13.11.1885, Крупавіцы, каля г. Ракоўнік, Чэхія — 26.10.1954),

чэшскі жывапісец-пейзажыст. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Пражскай АМ (1906—09, 1911—13). Рэаліст. традыцыі чэш. мастацтва 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. спалучаў з уплывамі П.​Сезана і А.​Дэрэна. Ствараў абагульненыя паэт. вобразы роднай прыроды: «Вясна» (1921), «Чэшскае сяродгор’е» (1927), «Веснавы пейзаж» (1930), «Поле і аблокі» (1933), «Зямля» (1934), цыкл «Хлеб» (1939), «Чэшская песня» (1947), «Верасень» (1953) і інш. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1953.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЛІ́СНІК (Ceratophyllum),

род кветкавых раслін сям. рагаліснікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды Р.; апушчаны (C. demersum) і паўапушчаны, нар. назва вадзяная крапіва (C. submersum). Растуць у азёрах, сажалках, старыцах, канавах, утвараюць зараснікі.

Шматгадовыя водныя травяністыя бескаранёвыя расліны. Сцёблы тонкія, галінастыя, даўж. да 1,5 м. Лісце ў кальчаках, шматразова рассечана на лінейныя або ніткападобныя храсткаватыя долі. Кветкі дробныя, непрыкметныя, аднаполыя (апыленне падводнае). Плод — арэшак. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

Рагаліснік апушчаны.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁК,

1) від прадстаўлення на кірмашах у некат. еўрап. краінах, у т. л. ў Расіі і на Беларусі, у 18 — пач. 20 ст. Р. наз. скрынку з дзвюма круглымі адтулінамі з павелічальнымі шкельцамі, праз якія гледачы разглядвалі прымацаваныя да вяртушкі ўнутры скрынкі карцінкі рэліг. і свецкага зместу, нар. лубкі, пазней фотаздымкі з відамі гарадоў і інш. Паказ суправаджаўся вершаванымі тлумачэннямі акцёра-раёшніка. Раёшнікамі ці ралёшнікамі часта наз. бел. батлеечнікаў.

2) Устарэлая назва верхняга яруса глядзельнай залы ў тэатры.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФІБЕЙЛІ́ (Нігяр Худадат кызы) (29.6.1913, г. Гянджа, Азербайджан — 1981),

азербайджанская паэтэса. Нар. паэт Азербайджана (1981). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1936). Друкавалася з 1928. Асн. тэмы яе зб-каў вершаў і паэм «Песня перамогі» (1943), «Вершы» (1952), «Даносіцца гул мора» (1964) — эмансіпацыя жанчыны, патрыятызм і стваральная праца. Пісала для дзяцей, перакладала на азерб. мову творы рус. і замежных пісьменнікаў. На бел. мову яе асобныя вершы пераклаў Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Радость встречи: Стихи. Баку, 1981.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ»,

ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс бел. гімназійнай моладзі. Выходзіў у лютым—вер. 1923 у Вільні на бел. мове пры падтрымцы Пед. рады Віленскай бел. гімназіі і Л.​Родзевіча. Апублікаваў вершы А.​Салагуба, Х.​Ільяшэвіча, П.​Касцюкевіча, Ч.​Ханяўкі, апавяд. А.​Парфёнава «Мікітаў француз», замалёўкі ў прозе В.​Каравайскага, нар. песні, загадкі, прыказкі, сабраныя Салагубам у в. Зарудзічы Ашмянскага пав. Змясціў графічныя партрэты Родзевіча, А.​Неканды-Трэпкі, І.​Катовіча, створаныя мастаком Р.​Семашкевічам. Выйшлі 3 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кліша́вы ’клышаногі’ (Нар. словатв., З нар. сл.), клішавыя ногі ’крывыя ногі’ (Ян.). Гл. клышаногі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крэ́йзаць ’крэмзаць’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Нар. словатв.). Кантамінацыя крэмзаць (гл.) і кроіць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Неаболіць, необо́ліць ’зайздросціць, крыва глядзець’ (ТС), нэобо́лыты ’не спрыяць, не жадаць дабра’ (пін., Нар. лекс.; камян., З нар. сл.), ныобо́лыты ’тс’ (кобр., Нар. лекс.), ныобво́лытэ ’рабіць наадварот, не спрыяць, насміхацца’ (драг., Нар. словатв.), в.-луж. njebolić ’плявузгаць, сплетнічаць’ (гл. Шустар-Шэўц, 13, 1008). Ад аболіць (гл.), зыходная форма захавалася ў обволытэ ’спрыяць, хацець, жадаць (каб так было ў таго, каго обволятьУ (драг., Нар. словатв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),

рускі кампазітар. Заснавальнік рус. муз. класікі. Паходзіў са стараж. бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.​Філда і Ш.​Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.​Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк. рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.​Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.​Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус. нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп. нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац. муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж. муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус. муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.

Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.

Літ.:

Асафьев Б. М.​И.​Глинка. Л., 1978;

Канн-Новикова Е. М.​И.​Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;

Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;

Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;

Стасов В.В. Избранные статьи о М.​И.​Глинке. М., 1955;

Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;

Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;

Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;

Левашева О.Е. М.​И.​Глинка. Кн. 1—2. М., 1987—88.

Т.​А.​Дубкова.

М.І.Глінка. Малюнак невядомага мастака. 1843.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)