КАТА́Х,

простае бакакветнае (батрычнае) коласападобнае суквецце з тоўстай мясістай воссю, на якой шчыльна размешчаны сядзячыя (без кветаножак) кветкі. Звычайна абкружаны ярка афарбаваным ці белым падсукветным лісцем (пакрывалам) для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Характэрны для трапічнага сям. ароідных (ва ўмераным поясе капытнік, аер). У побыце К. наз. суплоддзе кукурузы.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУНІ́РАВАННЕ,

нанясенне (звычайна электралітычным спосабам) тонкага (да 10 мкм) слоя латуні на паверхню метал. вырабаў. Засцерагае вырабы ад карозіі, стварае т.зв. падслой пры нікеліраванні або луджэнні, павышае адгезію (счапленне) стальных і алюмініевых вырабаў з гумай пры гуміраванні, паляпшае антыфрыкцыйныя ўласцівасці вырабаў з тытану, яго сплаваў і інш.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕДЖЭР (англ. manager кіраўнік),

спецыяліст па кіраванні, прафесійны кіраўнік. Звычайна наёмны работнік, які прыцягваецца да кіраўніцкай дзейнасці па кантракце. Асн. патрабаванні да М. — валоданне метадамі і сродкамі кіравання калектывам, каардынацыі дзейнасці работнікаў у прац. працэсе, веданне асноў псіхалогіі, сацыялогіі, арганізацыі вытв-сці і інш. (гл. Менеджэрызм).

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),

першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РТЫ,

лёгкія санкі для сабачай або аленевай запрэжкі. Сродак перамяшчэння на поўначы Еўропы, Азіі, Амерыкі. Вядомы яшчэ да н.э. Сабачыя Н. больш нізкія і лёгкія, у іх запрагаюць цугам або веерам, звычайна 6—12 сабак, у аленевыя — ад 1 да 7 аленяў. Есць таксама ручныя Н.

Нарты.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЫ́ЗНАЧАНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні ці сістэмы ўраўненняў, у якіх колькасць невядомых большая за колькасць ураўненняў. Як правіла, маюць бясконцую колькасць рашэнняў. У тэорыі лікаў адшукваюцца рашэнні Н.у., якія задавальняюць тыя ці інш. арыфм. ўмовы (звычайна шукаюць рашэнні Н.у. у цэлых ці рацыянальных ліках). Вывучаюцца ў тэорыі дыяфантавых ураўненняў.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРОВАСЛАІ́СТЫ ПЛА́СТЫК дэкаратыўны,

ліставы абліцовачны матэрыял. Таўшчыня 1—3 мм. Мае каляровы верхні слой, які звычайна імітуе каштоўныя пароды дрэў. Вызначаецца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да цеплавога і хім. ўздзеянняў. Атрымліваюць гарачым прасаваннем паперы, прамочанай тэрмарэактыўнымі палімерамі. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛАГІ́ЗМ (ад грэч. paralogismos памылковы вывад),

ненаўмысная лагічная памылка, звязаная з парушэннем законаў і правіл логікі. Пазбаўляе разважанне доказнай сілы і звычайна прыводзіць да памылковых заключэнняў. Адрозніваюць ад сафізму — памылкі, якая робіцца наўмысна, з мэтаю ўвесці ў зман апанента, абгрунтаваць няправільнае сцвярджэнне і інш. (гл. Сафістыка).

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЭЛЯ́РНАЯ ГАСПАДА́РКА,

сямейна-індывідуальная сялянская гаспадарка. Асн. форма вядзення натуральна-спажывецкай вытв-сці пры рабаўладальніцкім ладзе і феадалізме. З развіццём капіталізму П.г. ўцягнулася ў сістэму таварна-грашовых адносін і ператварылася ў дробную таварную гаспадарку. Звычайна вядзецца на невялікіх участках (парцэлах — адсюль назва) уласнай або арандаванай зямлі.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)