НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у эканоміцы 19 ст., які замяніў дактрыны класічнай эканам. тэорыі (т. зв. «маржыналісцкая рэвалюцыя»), У адрозненне ад кейнсіянства характарызуецца мікраэканам. падыходам да эканам. з’яў. Прадстаўнікі Н.э.т. Л.Вальрас, К.Віксель, У.Джэванс, А.Маршал, В.Парэта, Ф.Эджуарт, эканамісты Дж.​Кларк, І.​Фішэр (ЗША), К.​Менгер (Аўстрыя) і інш. развілі інструментарый гранічнага аналізу эканомікі, падкрэслівалі значэнне дэфіцытнасці даброт для вызначэння іх цаны, заклалі агульнае ўяўленне пра сутнасць аптымальнага размеркавання рэсурсаў і інш. Ідэі тэорыі выкладзены ў кн. Маршала «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890). Н.э.т. з’явілася асновай для тэорыі эканомікі дабрабыту, эканамічнага росту тэорыі; гал. дасягненне — мадэль канкурэнтнай раўнавагі Вальраса.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЧЫПАРЭ́НКА (Павел Іванавіч) (н. 31.8.1916, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

расійскі выканаўца на балалайцы, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1949). Выступаў з 1935. У 1949—51 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Аркестра нар. інструментаў Ленінградскага радыёкамітэта. У 1952—87 саліст Масканцэрта. З 1959 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1976 праф.). Распрацаваў новыя прыёмы ігры на балалайцы (т.зв. гітарная тэхніка). Яго выкананне вылучаецца віртуознасцю, маст. завершанасцю, тонкасцю апрацоўкі дэталей. Аўтар рэдакцый твораў для балалайкі. 1 -я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.​Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.​Сапегу, П.​Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.​Аляхновіча і А.​Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

востраў у Атлантычным ак., каля ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі (Канада, ч. правінцыі Ньюфаўндленд). Пл. 111 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. чал. (1996). Ад мацерыка аддзелены пралівам Бел-Айл. Паверхня — плато з асобнымі кражамі і масівамі (найб. выш. 814 м). Берагі пераважна скалістыя, высокія. Клімат умераны, вільготны. Ападкаў 750—1500 мм за год. Рэкі кароткія, парожыстыя. Шмат азёр і балот. Радовішчы жал., медных і свінцовых руд. Да выш. 350—400 м хвойныя лясы, вышэй — участкі тундравай расліннасці. Рыбалоўства. Кансерваванне рыбы. Лесанарыхтоўкі, цэлюлозна-папяровая вытв-сць. Гал. горад і порт Сент-Джонс.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎКІС (Зянон Валянцінавіч) (н. 5.10. 1946, в. Мажэйкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1971). З 1981 у Бел. аграрна-тэхн. ун-це, з 1997 — нач. Гал. ўпраўлення адукацыі і кадраў Мінсельгасхарча. Навук. працы па с.-г. машынах і тэхналогіі вырошчвання бульбы, гідрапрыводзе. Разам з інш. распрацаваў бульбаўборачны камбайн КПК-2-01.

Тв.:

Гидроприводы сельскохозяйственных машин. Мн., 1986;

Гидроприводы сельскохозяйственной техники: конструкция и расчет. М., 1990;

Гидравлика и гидравлические машины. М., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУА́РА (Loire),

самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́БАЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

танныя масавыя выданні для народа ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. — 1918. Разам з лубком карысталіся вял. папулярнасцю. Выдаваліся вял. тыражамі.

Гал. жанры Л.л.: пераробкі казак і былін, рыцарскіх раманаў (пра Баву Каралевіча, Еруслана Лазаравіча), авантурных аповесцей, жыцій святых; зборнікі анекдотаў, песеннікі, аракулы, соннікі. Часам у Л.л. траплялі творы нар. сатыры, рус. класікі (А.​Пушкіна, М.​Лермантава, М.​Гогаля), звычайна пераробленыя і без подпісу аўтара. Стылізаваныя «пад народныя» творы Л.л. падаваліся як ананімныя. Выданні, падобныя да Л.л., выходзілі ў многіх замежных краінах.

Літ.:

Бахтин В., Молдавский Д. Русский лубок XVII—XIX вв. М.; Л., 1962.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ІСВІЛ (Louisville),

горад на У ЗША, у штаце Кентукі. Засн. ў 1778, гар. правы з 1828. Названы ў гонар франц. караля Людовіка XVI. 270,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1997, частка прыгарадаў у штаце Індыяна). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Агайо. Важны гандл.-прамысл. цэнтр, гал. рынак тытуню ў ЗША. Прам-сць: хім. (у т. л. вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас), харчасмакавая (буйны цэнтр вытв-сці віскі і тытуню), паліграф., металаапр. і маш.-буд. (вытв-сць электрабыт. прылад, рачных суднаў, рухавікоў унутр. згарання, с.-г. машын), ваенная. Ун-т.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ. ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,

помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.

В.​Р.​Кукуня.

Магілёўскага дваранскага сходу будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)